Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

13 кастрычніка 1888 году нарадзіўся беларускі мастак Язэп Драздовіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 13 кастрычніка

13 кастрычніка 1881 году ў беларускім мястэчку Мір выкладчык тамтэйшае гэбрайскае школы Элізэр Бэн Егуда разам са сваімі сябрамі пагадзіліся міжсобку гаварыць выключна на іўрыце. Такім чынам была адноўленая старажытная гэбрайская мова, што лічылася ўжо мёртваю. Сёньня іўрыт – ня толькі мова Старога Тэстамэнту, але й дзяржаўная мова ў Ізраілі, на якой гавораць мільёны людзей.

13 кастрычніка 1888 году нарадзіўся беларускі мастак Язэп Драздовіч. Ён прыйшоў на сьвет у засьценку Пунькі на Глыбоччыне, вучыўся ў Вільні. Драздовіч быў шматбаковым творцам – жывапісцам, графікам, скульптарам, разьбяром па дрэве, пісьменьнікам, паэтам, этнографам, фальклярыстам, астраномам… Цяпер мала хто ведае, што працуючы фэльчарам падчас першай сусьветнай вайны, Драздовіч прымаў па пяцьсот пацыентаў за дзень; быў мастацкім рэдактарам першага ў савецкай Беларусі лемантара; у Германавічах арганізоўваў асьветнае таварыства “Заранка”, а ў вёсцы Сталіца – школу з навучаньнем на роднай мове паводле сваёй уласнай мэтодыкі; пешшу абышоў ці ня ўсю Заходнюю Беларусь, замалёўваючы курганы і рэшткі замкаў; пісаў гістарычны раман “Гарадольская пушча”, а на схіле жыцьця стаў вандроўным вясковым мастаком. Язэп Драздовіч быў пачынальнікам касьмічнае тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. Ён – аўтар кнігі “Нябесныя бегі”, у якой выклаў сваю тэорыю будовы космасу.

13 кастрычніка 1896 году ў Пецярбургу нарадзіўся Мікалай Шчакаціхін, выдатны беларускі гісторык культуры і пэдагог. Адзін з заснавальнікаў найноўшага беларускага мастацтвазнаўства. Дасьледаваў гісторыю беларускага мастацтва ад яго вытокаў да сучаснасьці – вывучаў старажытныя фрэскі, абразы, архітэктурныя помнікі, гравюры выданьняў Скарыны. У 1937 годзе Мікалай Шчакаціхін быў расстраляны савецкімі карнымі органамі.

13 кастрычніка 1925 года ў пакойчыку над бацькоўскім бакалейным складам нарадзілася Маргарэт Хільда Тэчар. Хімік паводле адукацыі, “жалезная лэдзі” стала першай ў гісторыі жанчынай – прэм’ер-міністрам. Яна тройчы ачольвала Вялікую Брытанію. Пры ёй Ангельшчына ўзяла рэзкі курс управа. Тэчар зьнізіла падаткі й аслабіла кантроль ураду над прадпрымальнікамі. Апроч гэтага ўсяго яна, Маргарэт Тэчар, маці дваіх блізьнятаў – сына й дачкі, ганаровы прафэсар Каралеўскага хімічнага інстытуту.
XS
SM
MD
LG