Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляхавічы: людзі на вуліцах баяцца адказваць на пытаньні карэспандэнтаў незалежных газэтаў


Ігар Карней, Ляхавічы Як рыхтуецца да выбараў ды рэфэрэндуму правінцыя? Досьвед апошніх гадоў сьведчыць, што запалоханыя начальнікамі людзі баяцца ледзьве не ўласнага ценю і вераць, што хіба ці ня кожнае іх слова адсочваецца. А таму галасуюць ня так, як лічаць патрэбным, а сыходзячы з пажаданьняў мясцовых “вэртыкальшчыкаў”.

Нешматлікая дэмакратычна арыентаваная грамадзкасьць 10-тысячных Ляхавічаў сканцэнтраваная вакол мясцовай газэты “Ляхавіцкі час”. Пры тым, што чытаюць выданьне з ахвотай практычна ўсе жыхары гораду, кантактаваць з газэтай лічыцца досыць небясьпечна. Зьяўленьне на старонках газэты аўтаматычна азначае апазыцыйнасьць у настроях і нелаяльнасьць да ўлады. Таму здабываць афіцыйную інфармацыю журналістам усё цяжэй.

Маімі гідамі па Ляхавічах – супрацоўнікі штотыднёвіка Вольга Асос і Алена Верабей. Цікаўлюся: якія настроі сярод гараджанаў напярэдадні важных падзеяў – выбараў і рэфэрэндуму?

(Асос: ) “Штотыдня праводзім апытаньні, і гэтым разам спрабавалі задаць такое пытаньне: як вы ставіцеся да маючых адбыцца выбараў і рэфэрэндуму? Ну, і што ж? Паўдня адхадзілі – выніку ніякага. Кожны “не для друку” адказваў, а каб сфатаграфавацца і прадставіць сябе ў газэце, то людзі баяцца. Нават баяцца простых пытаньняў: прыкладам, колькі дзяцей можа дазволіць сабе сям’я. І шмат хто адказваў: гэта палітычнае пытаньне”.

(Верабей: ) “Бывае, ужо сустракаюць так: зноў пра Лукашэнку будзеце запытваць? Хоць мы ніколі пра яго наўпрост пытаньне не ставілі. У многіх склаўся такі стэрэатып: калі мы незалежная газэта, нешта дрэннае супраць улады абавязкова напішам”.

(Карэспандэнт: ) “А вось тое, што выказваецца “не для друку” – якія думкі пераважаюць?”

(Асос: ) “Розныя думкі. Пэнсіянэры – пераважна за рэфэрэндум. Выбары ім паколькі-пастолькі, абыякава: ёсьць два кандыдаты, дык нашага ляхавічаніна, мабыць, абяруць. Моладзь, натуральна, лічыць, што трэба паспрабаваць даць уладу камусьці іншаму. Гэтага ўжо пабачылі, можа хтосьці лепшы будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Маладыя таксама сябе не называюць?”

(Верабей: ) “На жаль. Хтосьці ў школе вучыцца, хтосьці ў нашым аграрным каледжы. І калі яны выкажуцца супраць улады, то ня выключана, што гэта потым адаб’ецца на далейшым навучаньні. Таму практычна ўсе трымаюць свае думкі ў сабе. Альбо кажуць: вы лепей іншае пытаньне задайце”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, за гэтыя гады народ стаў больш запалоханы?”

(Верабей: ) “Мажліва, гэта зьвязана з тым, што цяпер вельмі мала працоўных месцаў, і кожны за яго, як можа, трымаецца, бо на кожным прадпрыемстве ёсьць начальнік, нейкім чынам зьвязаны з нашымі “вярхамі”.

(Асос: ) “І хочуць сказаць праўду – набалела ж! – але трымаюцца за свае працоўныя месцы”.

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд – як “гладка” пройдзе галасаваньне? Пойдуць людзі на ўчасткі?”

(Верабей: ) “Пойдуць, бо многіх цікавіць свая будучыня, і шмат хто спадзяецца, што гэтым разам жыцьцё абавязкова палепшыцца. Кожны раз спадзяюцца, але гэтыя спадзяваньні не заўсёды прыходзяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG