Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстанцкія сьвятары, якія балятуюцца ў дэпутаты, выказваюцца супраць рэфэрэндуму


Валер Каліноўскі, Менск Прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат ад улады на выбарах Палаты прадстаўнікоў цяпер супрацьстаяць кандыдаты ня толькі ад апазыцыі палітычнай, але, так бы мовіць, і рэлігійнай. На гэтых выбарах, у адрозьненьне ад папярэдніх, у некалькіх акругах балятуюцца пратэстанцкія сьвятары альбо актывісты.

Падчас гэтае выбарчае кампаніі шляхам збору подпісаў было вылучана сем пратэстанцкіх сьвятароў і актывістаў, але кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя й зараз актыўна вядуць сваю кампанію толькі тры зь іх: пастар грамады Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля зь Дзяржынска Мікалай Козел, пяцідзесятніцкі сьвятар Георгій Салаўёў зь Лепеля і дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч, які балятуецца ў сваёй Столінскай акрузе. Спадар Пашкевіч быў адзіным пратэстантам у цяперашнім складзе парлямэнту, аднак воднае хрышчэньне ён прыняў і стаў баптыстам ужо пасьля таго, як быў абраны дэпутатам.

У складзе перадвыбарчых камандаў і давераных асобаў гэтых кандыдатаў працуюць палітычныя актывісты з розных пратэстанцкіх канфэсіяў, у тым ліку й сябры грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнаньне”.

Ніколі раней ня толькі пратэстанцкія сьвятары, але й простыя вернікі-пратэстанты не імкнуліся ў палітыку – наадварот, яны падкрэсьлівалі сваю апалітычнасьць. У савецкія часы большая частка пратэстанцкіх канфэсіяў была пад забаронай і перасьледам уладаў. Цяпер жа, пасьля прыняцьця рэпрэсіўнага закону аб свабодзе веравызнаньня, пасьля заключэньня так званага канкардату дзяржавы з праваслаўнай царквою, пратэстанты і вырашылі пайсьці ў палітыку.

Як сустрэлі гэта ўлады на месцах? Учора я гаварыў з Мікалаем Козелам, пастарам грамады Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля з Дзяржынска – ён цяпер вымушаны хавацца ад міліцыі. Пасьля ягонай рэгістрацыі кандыдатам аддзел барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю Дзяржынскага РАУС пачаў дасьледаваньне дзейнасьці дабрачыннага фонда, які ён узначальвае; ягоную бугальтарку ўжо затрымлівалі на некалькі гадзінаў.

Пад ціскам райвыканкама дырэктар аднаго з прадпрыемстваў, дзе пратэстанты ладзілі свае набажэнствы, адмовіў ім у арэндзе памяшканьня. Пачаліся пагрозы завядзеньня крымінальнай справы, позвы на адрас кандыдата-сьвятара. Міліцыя неаднаразова прыходзіла на кватэру. Супрацоўнікі АБЭЗ раёну пакуль адмаўляюцца тлумачыць Радыё Свабода прычыны гэтага ціску.

Ёсьць цяжкасьці і ў Георгія Салаўёва з Лепеля. Супернікам жа Івана Пашкевіча быў вылучаны адзін з самых уплывовых кіраўнікоў гаспадарак Століншчыны.

Днямі праваслаўны мітрапаліт Філарэт сказаў, што ягоныя вернікі падтрымаюць на рэфэрэндуме А. Лукашэнку. Зразумела, што з такой заявай ад імя ўсіх вернікаў ніхто з пратэстантаў не выступіць. Але, напрыклад, пастар Мікалай Козел, гаворачы ад сябе, кажа, што ён робіць усё магчымае, каб тыя людзі, зь якімі ён сустракаецца, галасавалі на рэфэрэндуме “супраць”. Вось як ён матывуе свае перакананьні:

(Козел: ) “Вышэйшая ўлада ў нашай краіне – гэта не прэзыдэнт, гэта Канстытуцыя. Калі сам прэзыдэнт не падпарадкоўваецца вышэйшай уладзе, то мы не павінны маўчаць, і гэта разварушвае хрысьціянскую супольнасьць. Мы, урэшце, ня проста хрысьціяне, мы й грамадзяне краіны, за якую мы адказваем. І лепшая дапамога краіне – гэта свабода грамадзтва. Тут і нашыя рэлігійныя перакананьні: мы хочам адстаяць правы нашага народу, мы выступаем супраць дыктатуры, супраць парушэньня законнасьці – гэта матывуе нас”.

Пратэстанцкі сьвятар кандыдат у дэпутаты па Дзяржынскай акрузе Мікалай Козел кажа, што палітызацыя часткі ягоных адзінаверцаў у адказ на рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў – гэта працэс, які спыніць ужо немагчыма. Яны зрабілі выбар на карысьць свабоды й дэмакратызацыі грамадзтва.
XS
SM
MD
LG