Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайнц Тымэрман: “Перш чым увесьці нейкія жорсткія санкцыі супраць афіцыйнага Менску, трэба пачакаць, што пакажа 17 кастрычніка”


Ул. інф. “Ці варта Бэрліну рэагаваць на тыя абвінавачваньні, якія выстаўленыя на яго адрас беларускім кіраўніком і нацыянальным тэлебачаньнем?” – гэтую тэму працягваюць абмяркоўваць вядомыя нямецкія экспэрты, палітыкі й журналісты. Падставай для дыскусіяў стаў апошні артыкул журналіста Маркуса Вэнэра ў “Франкфуртэр Альгэмайнэ”.

Былы маскоўскі карэспандэнт “Франкфуртэр Альгэмайнэ” Маркус Вэнэр, які ўпершыню паведаміў нямецкім чытачам пра эскадрон сьмерці ў Беларусі ды пра продаж Менскам зброі, напісаў свой артыкул у Нямеччыне, ужо на новай пасадзе – супрацоўніка бэрлінскага бюро гэтай уплывовай нямецкай газэты. Артыкул Вэнэра – які, дарэчы, вельмі сымпатызуе зь Беларусьсю – стаў нарэшце першай рэакцыяй Нямеччыны на эпатажныя абвінавачваньні афіцыйнага Менску.

Як вынікае з артыкулу, Бэрлін выглядае надзіва бездапаможным у беларускай сытуацыі, а Лукашэнка – наадварот, адчувае сябе ўпэўненым. Беларусь не цікавіць ні міністра Фішэра, ні бундэсканцлера Шродэра. Прапановы нямецкай апазыцыі адносна зьменаў у беларускай палітыцы не падтрымліваюцца парлямэнцкай большасьцю Бундэстагу.

Наколькі падтрымлівае ўсе гэтыя высновы вядомы нямецкі экспэрт у беларускім пытаньні Гайнц Тымэрман? Як, на ягоную думку, павінны рэагаваць Бэрлін і Эўразьвяз на падобныя абвінавачаньні з боку беларускага кіраўніка?

(Тымэрман: ) “Я лічу, што ня трэба рэагаваць на гэтую вулічную лаянку Лукашэнкі. Трэба хутчэй прыгледзецца да атачэньня Лукашэнкі ў розных міністэрствах, у тым ліку ў міністэрстве эканомікі, міністэрстве абароны… Там ёсьць людзі, гатовыя да пераменаў. Трэба адрозьніваць нейкія вэрбальныя напады й магчымую падрыхтоўку да нейкіх пераменаў, якія могуць прыйсьці ў краіну.

Нагадаю таксама пра дзьве рэзалюцыі Бундэстагу й Рады Эўропы.У абодвух дакумэнтах утрымліваецца пажаданьне, каб выбары прайшлі свабодна і празрыста, каб апазыцыя мела тыя ж шанцы на ўдзел у выбарах, што й іншыя кандыдаты. Мы ведаем,што ёсьць на самой справе. Мы бачым, як у часе выбарчай кампаніі назіраюцца пэўныя маніпуляцыі. Ёcьць тысячы абсурдных прыкладаў, якія сьведчаць пра тое, што ў апазыцыі, сапраўды, мала шанцаў на перамогу.

Аднак перш чым устанавіць нейкі байкот, увесьці нейкія жорсткія санкцыі супраць афіцыйнага Менску, трэба пачакаць, што пакажа дзень 17 кастрычніка. Наколькі вядома, будзе 300 кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ і 30 доўгатэрміновых, якія будуць рабіць справаздачу”.

(Карэспандэнтка: ) “Аднак вядома, што назіральнікамі ўжо зробленае папярэдняе, вельмі нэгатыўнае паведамленьне адносна ходу выбарчай кампаніі ў Беларусі.”

(Тымэрман: ) “Сказаць, што няма нейкай рэакцыі – нельга… Эўразьвяз разам з ЗША ўжо ўвялі пэўныя санкцыі супраць некаторых адказных беларускіх чыноўнікаў… Іншае пытаньне, а што можна рабіць далей? Яшчэ болей ізаляваць краіну ад Захаду й максымальна наблізіць яе да Расеі? Што тады рабіць з Расеяй? Мы зараз з заклапочанасьцю назіраем, як мацнее ў Расеі аўтарытарызм. Рэжым Пуціна й Лукашэнкі ўсё больш набліжаюцца адзін да аднаго. Хаця, разам з тым, Лукашэнка – вельмі непрыемны партнэр для Расеі, і гэта паказала газавая вайна. У любым выпадку, мы мусім выкарыстаць тыя шанцы, якія нам прадставяць назіральнікі АБСЭ, і далей ўжо бачыць палітычную пэрспэктыву”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG