Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску насуперак закону ўлады ўсяляк перашкаджаюць апазыцыйным кандыдатам весьці агітацыю


Браніслава Станкевіч, Віцебск Алена Фаміна, кандыдатка ад БСДП “Народная Грамада”, праводзячы ўласную агітацыйную кампанію, прынесла каляровыя плякаты са сваёй праграмай у будынак Першамайскай адміністрацыі, каб іх разьмясьцілі пабач з друкаванымі матэрыяламі іншых кандыдатаў.

Аднак плякаты так і не зьявіліся ні на дошцы аб’яваў, ні ў акне, каб было бачна з вуліцы, як гэта робіцца ў іншых адміністрацыйных установах.

Зьвярнуўшыся па тлумачэньні да намесьніцы старшыні Перашамайскага райвыканкаму Галіны Мядзьведзевай, спадарыня Фаміна пачула, што раённую адміністрацыю не задавальняе лёзунг, напісаны на плякаце:

(Фаміна: ) “На плякаце лёзунг – “Не – пажыцьцёваму прэзыдэнцтву!” Яна сказала, што такія лёзунгі ня могуць вісець у Першамайскай адміністрацыі. І што там мусяць вісець іншыя, правільныя лёзунгі – толькі “за!””

Калі спадарыня Фаміна запатрабавала забесьпячэньня роўных правоў для ўсіх кандыдатаў, то чыноўніца сказала, што хутчэй здыме ўсе агітацыйныя матэрыялы ўвогуле, чымсьці павесіць спаміж імі плякат з заклікам сказаць на рэфэрэндуме “Не”.

Аднак гэтага абяцаньня яна ня выканала: у будынку Першамайскае адміністрацыі па-ранейшаму вісяць плякаты іншых кандыдатаў, а матэрыялы апазыцыянэркі Алены Фаміной складзеныя у кабінэце спадарыні Мядзьведзевай.

Тым часам прарэктар Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту не дазволіў распаўсюдзіць улёткі Ніны Кавалёвай.

Спадарыня Кавалёва, кандыдатка ад партыі БНФ, пакінуўшы цэлы стос улётак на вахце інтэрнату Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, назаўтра не знайшла на тым самым месцы ніводнай.

Усьцешаная з тае прычыны, што ўлёткі гэтак хутка разабралі студэнты, Ніна Кавалёва назаўтра прынесла яшчэ пачак. Аднак спагадлівая вахторка падказала, што ўлёткі забраў тутэйшы прарэктар па выхаваўчай працы.

Насамрэч, у ягоным кабінэце Ніна Кавалёва ўбачыла тыя самыя ўлёткі, што пакінула ўчора ў інтэрнаце, а спадар прарэктар заявіў, што зьбіраўся распаўсюдзіць іх асабіста.

З тае пары прайшло ўжо два дні, але апытаныя студэнты сьцьвярджаюць, што так і ня бачылі агітацыйных матэрыялаў спадарыні Кавалёвай.
XS
SM
MD
LG