Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскіх навучэнцаў таксама прымушаюць галасаваць датэрмінова


Казімер Яноўскі, Гомель У навучальных установах Гомеля кіраўнікі і выкладчыкі прымусова забясьпечваюць датэрміновае галасаваньне.

Выбарчы ўчастак №9 33-й Юбілейнай акругі месьціцца на першым паверсе каледжу бытавога абслугоўваньня. Ля дзьвярэй участка ў чаканьні сваёй чаргі стаяць з пашпартамі навучэнцы.

(Навучэнка: ) “Сказалі нам прагаласаваць сёньня альбо заўтра”, – паведаміла навучэнка каледжу.

Хто менавіта патрабаваў ісьці галасаваць датэрміновага, удакладніла другая дзяўчына з пашпартам:

(Навучэнка: ) “Майстры, выкладчыкі, дырэктар. Сказалі, каб мы датэрмінова прагаласавалі сёньня. Сёньня альбо заўтра”.

На участку чалавек каля дзесяці, і сакратарка камісіі ля дзьвярэй рэгулюе чаргу. Знаёмімся:

(Сакратарка: ) “Тацяна Чупса. Сёньня вельмі добра галасуюць. Адразу з 10 гадзінаў пайшлі першыя выбарцы. Наплыў народу ёсьць. Пакуль ідуць навучэнцы”, – распавяла сакратарка ўчастковай выбарчай камісіі Тацяна Чупса.

На ўчастак амаль бесьперапынна ідуць навучэнцы ня толькі каледжу бытавога абслугоўваньня, але і суседніх – кулінарнага і электратэхнічнага.

Аксана вучыцца ў электратэхнічным каледжы:

(Аксана: ) “Мы заўтра галасуем, паводле раскладу”, – распавяла навучэнка Аксана.

Будучыя радыёмайстры з групы РМ-24 таго ж электратэхнічнага каледжу паведамілі, што для галасаваньня ім адмыслова быў выдзелены час.

(Дзьмітры: ) “Нам далі час, сказалі: ідзіце, галасуйце. У гэты час можна прагаласаваць”, – паведаміў навучэнец Дзьмітры з электратэхнічнага каледжу.

Датэрміновае галасаваньне ў 33-й акрузе актыўна вялося на ўчастку №25 у інтэрнаце ўнівэрсытэту транспарту.

А ў 34-й Сельмашаўскай акрузе на тэрыторыі ўчастка №27 невядомыя людзі званілі ў кватэры гараджанаў і заклікалі ісьці на датэрміновае галасаваньне.

Невядомых агітатараў напаткалі давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты ад ПКБ Уладзімера Сякеркі.
XS
SM
MD
LG