Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск ужыў візавыя санкцыі супраць Чэхіі й Грэцыі


Юры Сьвірко, Менск Беларускае МЗС заявіла, што ня дасьць візы назіральнікам ад АБСЭ, якія маюць грамадзянства Чэхіі ды Грэцыі. Дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Крыстыян Штроўгал выказаў сваю глыбокую заклапочанасьць гэтым рашэньнем афіцыйнага Менску.

“Краіна-сябар АБСЭ ня можа ўзяць і выбраць, каго з назіральнікаў дапусьціць”, – заявіў амбасадар Штроўгал, дырэктар Варшаўскага бюро АБСЭ.

Ён таксама зазначыў: “Гэта беспрэцэдэнтнае парушэньне таго прынцыпу, што запрашэньне назіраць за выбарамі разумеецца як запрашэньне для ўсіх краін-сяброў АБСЭ”.

Спадар Штроўгал выказаў спадзеў, што гэта адмова ў візах будзе перагледжаная й выпраўленая.

Як паведамляе Варшаўскае бюро АБСЭ, беларускае МЗС паінфармавала яго пра тое, што ўсім кароткачасовым назіральнікам з Чэхіі й Грэцыі будзе адмоўлена ў візах для ўезду ў Беларусь, і прычынай таму ёсьць “гісторыя двухбаковых дачыненьняў”.

Варта нагадаць, што ўлады Чэхіі не далі візу Аляксандру Лукашэнку ў лістападзе 2002 году, калі ён хацеў паехаць на саміт НАТО ў Прагу, а Грэцыя сёлета не пусьціла на Алімпіяду ў Афіны міністра спорту Юрыя Сівакова.

Паводле АБСЭ, іншых краін у чорным сьпісе беларускіх уладаў няма. АБСЭ таксама паведамляе, што МЗС Беларусі падкрэсьліла: адмовы ў візах не скіраваныя супраць працы місіі назіраньня за выбарамі. Аднак бюро АБСЭ заявіла, што “такія запэўніваньні не ўплываюць на той факт, што Рэспубліка Беларусь застаецца ў стане парушэньня істотнага прынцыпу забавязаньняў АБСЭ адносна выбараў”.

Прэсавая сакратарка Варшаўскага бюро АБСЭ Ўрдур Гунарсдотыр заявіла:

(Гунарсдотыр: ) “Для нас галоўнае ня колькасьць назіральнікаў, а тое, што ўлады выбіраюць і адбіраюць, яны кажуць: мы хочам некаторых назіральнікаў, а іншых – не. Забавязаньні ў межах АБСЭ проста не дазваляюць такога кшталту паводзінаў. Гэта запрашэньне для ўсіх, а не для некаторых”.

Спадарыня Гунарсдотыр дадала, што перамовы зь Менскам наконт візаў для назіральнікаў з Чэхіі й Грэцыі вяліся ўжо некалькі дзён, але АБСЭ ўрэшце была вымушаная зрабіць заяву пратэсту.

***

Варта нагадаць, што кіраўніцтва Грэцыі, не пускаючы Юрыя Сівакова на Алімпіяду ў Афіны, выконвала супольнае рашэньне Эўразьвязу, які назваў прысутнасьць Юрыя Сівакова на Алімпіядзе недапушчальным. Падставай для гэтага паслужыла сёлетняя справаздача дакладчыка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса, дзе гаворыцца пра магчымую датычнасьць спадара Сівакова да зьнікненьняў вядомых людзей. “Эўрапейскі зьвяз прытрымліваецца меркаваньня, што спадара Сівакова нельга дапускаць на Алімпійскія гульні,” – гаварылася 6 жніўня ў заяве Эўразьвязу.

У сваю чаргу, Чэхіія ў лістападзе 2002 году ня выдала Аляксандру Лукашэнку візы для паездкі на саміт НАТО ў Прагу па ўласнай ініцыятыве. На той момант, ды й цяпер, ніякай афіцыйнай забароны на ўезд Аляксандра Лукашэнкі ў краіны НАТО фармальна не існуе. Напрыклад, сёлета у красавіку Аляксандр Лукашэнка наведаў краіну-сябра НАТО Славенію, дзе катаўся на горных лыжах. Гэта была відавочна прыватная паездка, што да афіцыйных візытаў, то пасьля 1996 году з кіраўніком Беларусі заходнія лідэры не сустракаюцца.
XS
SM
MD
LG