Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык колькі выбарцаў у Беларусі?


Алесь Дашчынскі, Менск У рэфэрэндуме будуць браць удзел 6 мільёнаў 974 тысячы выбарнікаў. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Адкуль узялася гэтая лічба і чаму яна памянялася?

У часе прэсавай канфэрэнцыі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Абрамовіч заявіў, што паводле папярэдніх дадзеных Цэнтравыбаркаму ў Беларусі налічваецца каля 6 з паловай мільёна выбарнікаў. Але пад час мясцовых выбараў мінулага года, паводле Цэнтральнай камісіі, агульная колькасьць выбранікаў уключаных у сьпісы была крыху больш за 7 мільёнаў 100 тысяч чалавек. Дзе ж падзеліся тады амаль 600 тысяч выбарнікаў?

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Мы з колькасьцю выбарнікаў былі зьвязаныя пры вызначэньні межаў выбарчых акругаў. Тады мы сыходзілі з колькасьці 7 мільёнаў 100 тысяч і дзялілі на 110 акругаў. Колькі іх фактычна на дадзены момант я сказаць не магу. Такой лічбы ў нас няма. А што казаў Абрамовіч, гэта, калі ласка, за камэнтарамі да Аляксандра Міхайлавіча”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што цяпер выбарнікаў у Беларусі крыху больш за 6 мільёнаў 974 тысячы, менш чым было ў мінулым годзе прыкладна на 130 тысяч чалавек.

(Ярмошына: ) “Гэта страта абсалютна натуральная, яна тлумачыцца тым, што ў выбарах у мясцовыя Саветы ў нас удзельнічалі грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Яны недзе павялічылі колькасьць выбарнікаў на мясцовых выбарах на 65 тысяч чалавек і плюс да ўсяго ў нас натуральнае зьмяншэньне насельніцтва толькі фізычнае складае 60 тысяч па дадзеных міністэрства статыстыкі”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, лічба ў 6 з паловай мільёна выбарнікаў памылковая?”

(Ярмошына: ) “Так, гэта памылка. Мы такія дадзеныя не давалі, я ня ведаю, гэта хутчэй за ўсё нейкая памылка”.
XS
SM
MD
LG