Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчыя дэбаты кандыдатаў: Людміла Гразнова супраць Анатоля Красуцкага


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кандыдаты ў дэпутаты па Партызанскай выбарчай акрузе №110 г. Менску намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова і дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі.

(Валер Карбалевіч: ) “Галоўная палітычная праблема, якая сёньня найбольш хвалюе людзей, якая раскалола грамадзтва, — рэфэрэндум. Таму найперш хачу спытацца ў маіх суразмоўцаў: як вы ставіцеся да пытаньня, вынесенага Лукашэнкам на рэфэрэндум аб скасаваньні канстытуцыйных абмежаваньняў на знаходжаньне ва ўладзе прэзыдэнта?”

(Людміла Гразнова: ) “Калі коратка, то адмоўна. Таму што гэта парушэньне Канстытуцыі й Выбарчага кодэксу. Такое пытаньне ня можа выносіцца на рэфэрэндум. Паводле Канстытуцыі адна асоба ня можа выбірацца на пасаду прэзыдэнта звыш двух разоў. Сёньня нас просяць даць дазвол на трэці тэрмін, заўтра — на чацьверты, і так далей. Гэта супярэчыць усясьветным тэндэнцыям, якія разьвіваюцца ў ХХІ стагодзьдзі. І гэта не адпавядае ўзроўню цывілізаванасьці грамадзтва.

Канстытуцыя — ад слова “канстанта”, то бок, гэта павінна быць нечым пастаянным. У цывілізаваных краінах канстытуцыя не зьмяняецца ня толькі дзесяцігодзьдзямі, а нават стагодзьдзямі. Зьмена ў Канстытуцыі вельмі небясьпечная з гледзішча стабільнасьці ў нашым грамадзтве. Акрамя таго, гэта можа падштурхнуць аналягічныя працэсы ў Расеі, іншых былых рэспубліках СССР. Ня трэба парушаць Канстытуцыю і дэстабілізаваць грамадзтва, а неабходна браць прыклад з цывілізаваных краінаў. Таму на рэфэрэндуме я буду галасаваць супраць”.

(Анатоль Красуцкі: ) “Перш чым адказваць на пытаньне, хачу нагадаць зьмест артыкула 3 дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Адзінаю крыніцаю дзяржаўнай улады…зьяўляецца народ. Народ ажыцьцяўляе сваю ўладу непасрэдна, а таксама праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй”.

Дык вось асноўнаю формаю непасрэднай дэмакратыі альбо ўлады народу зьяўляецца рэфэрэндум. Спрадвеку шляхам народнага галасаваньня ў розныя часы і ў розных дзяржавах вырашаліся найважнейшыя пытаньні грамадзтва і дзяржавы. Адметнай асаблівасьцю найноўшай гісторыі Беларусі зьяўляецца выкарыстаньне рэфэрэндуму для ўдзелу народу менавіта для непасрэднага прыняцьця рашэньняў. І калі за апошнія дзесяць гадоў у Беларусі гэта трэці рэфэрэндум, то ў некаторых эўрапейскіх краінах яны праходзяць кожны год, а то і некалькі разоў на год, напрыклад, у Швайцарыі. Мне давялося там бываць і бачыць гэта.

Акрамя таго, паводле артыкулу 77 Канстытуцыі рашэньне, прынятае рэфэрэндумам, можа быць адменененае альбо зьмененае толькі шляхам рэфэрэндуму. Паколькі разьдзел ІV дзейнай Канстытуцыі, што вызначае паўнамоцтвы парлямэнту, прэзыдэнта, ураду і суду, прыняты на рэфэрэндуме 1996 году, то і зьмены ў яе могуць быць прынятыя толькі шляхам рэфэрэндуму.

Зыходзячы з гэтых палажэньняў, прэзыдэнт строга ў адпаведнасьці з Канстытуцый нашай краіны вынес на рэфэрэндум пытаньне аб зьмяненьні часткі першай артыкула 81 Канстытуцыі, выклаўшы яе ў новай рэдакцыі. Больш за тое, ён прапанаваў народу наўпрост выказацца аб дазволе першаму прэзыдэнту Беларусі ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта ў якасьці кандыдата. У дадзеным выпадку пытаньне стаіць аб магчымасьці ўдзельнічаць у новых выбарах, а не аб трэцім тэрміне. Народ, а ня хтосьці іншы мае права прыняць рашэньне. У гэтым, на мой погляд, і ёсьць найвышэйшая праява дэмакратыі”.

(Гразнова: ) “Гэтая спасылка на Швайцарыю мне здаецца неабгрунтаванай. Таму што Швайцарыя — дэмакратычная краіна з моцнымі традыцыямі дэмакратыі. Самае галоўнае, там СМІ не манапалізаваныя. У нас іншая сытуацыя. Тут усё залежыць ад улады. Усе сродкі інфармацыі ў руках дзяржавы. У гэтых умовах праводзіць рэфэрэндум — гэта вельмі небясьпечная справа. Тут рэфэрэндум ня дасьць адказу, адэкватнага настроям грамадзтва.

Мы ведаем, што адбылося на тым рэфэрэндуме 1996 году, калі мы з вамі, спадар Красуцкі, былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Тады ў народу спыталі аб стаўленьні да новай рэдакцыі Канстытуцыі. Але ж народ не чытаў гэтай рэдакцыі.

Таму сёньня мы ня можам спадзявацца, што вынік рэфэрэндуму будзе адлюстроўваць стан грамадзтва, які існуе цяпер. Паводле апытаньняў незалежных сацыёлягаў, падтрымка Лукашэнкі не вышэй за 40% І гэта нават пры той магутнай прапагандзе, якая праводзіцца. Але ж мы ведаем лічбу, якую яны дадуць: 70 альбо 80%. Я супраць такіх мерапрыемстваў у тых умовах, якія мы сёньня маем”.

(Красуцкі: ) “Мне падаецца, што мы чамусьці апрыёры ня верым мудрасьці народу. Пытаньні, якія вынесеныя на рэфэрэндум, вельмі простыя. І тут ня трэба нейкіх ведаў, нейкай падрыхтоўкі, каб прыняць рашэньне “за” альбо “супраць”. Прасьцейшага ўжо паставіць пытаньня і немагчыма. Таму ў гэтай сытуацыі толькі народ выкажа свае адносіны да магчымасьці ўдзелу прэзыдэнта ў выбарах. Якое будзе рашэньне ў 2006 годзе, пакажа час. Думаю, што да гэтага часу сытуацыя можа зьмяніцца ў розных плянах. Дастаткова згадаць, што мала хто ведаў дзейнага прэзыдэнта ў 1994 годзе. І разам з тым, пры тым жа прэсінгу, адміністрацыйным рэжыме ён перамог, народ яму паверыў. Таму ў дадзеным выпадку гэта самае правільнае рашэньне, што па такім лёсавызначальным пытаньні высновы будуць рабіць грамадзяне.

А вось ці быць актыўным удзельнікам таго ці іншага палітычнага працэсу — гэта права грамадзяніна. У замежных дзяржавах у рэфэрэндумах і выбарах удзельнічае мінімальная колькасьць людзей. Але гэтыя іх вынікі прызнаюць. Мне падаецца, што мы датэрмінова прадказваем нейкі вынік”.

(Карбалевіч: ) “Наколькі я зразумеў спадарыню Гразнову, сумненьні існуюць ня ў мудрасьці народу, а ў аб’ектыўнасьці падвядзеньня вынікаў рэфэрэндуму. А цяпер мае суразмоўцы могуць задаць пытаньне адзін аднаму”.

(Красуцкі: ) “Паважаная Людміла Мікалаеўна. Я ўважліва пазнаёміўся з вашымі агітацыйнымі матэрыяламі, выступамі ў друку, па радыё і тэлевізіі. Якая сутнасьць вашай перадвыбарчай праграмы, якія вашыя мэты і задачы? Якія прапановы вы робіце выбаршчыкам у выпадку вашага выбраньня ў парлямэнт? Таму што такая праграма дакладна нідзе не прапісаная. У асноўным, гэта вытрымкі з вашых артыкулаў у газэтах, вашыя інтэрвію”.

(Гразнова: ) “У тых маіх артыкулах выкладзеныя мае погляды, меркаваньні адносна таго, якая ў нас павінна быць дзяржава. Я чалавек дэмакратычных поглядаў. Я выступаю за падзел улады на выканаўчую, заканадаўчую і судовую галіну. Я выступаю за тое, каб СМІ былі незалежныя і неманапалізаваныя. Я за адкрыты і канкурэнтны рынак. Той закрыты і неканкурэнтны рынак, які існуе цяпер у Беларусі, спрыяе разьвіцьцю карупцыі. Я выступаю за тое, каб законы не падмяняліся ўказамі й дэкрэтамі, якія маюць большую сілу, чым закон.

Я ня першы год у палітыцы. І мая мэта — зрабіць нашую краіну, падобную на Польшчу ў сэнсе дабрабыту. Хачу, каб мы жылі ня горш. Мы нічым не адрозьніваемся ад нашых заходніх суседзяў палякаў. Памятаеце, як гадоў пятнаццаць таму яны да нас езьдзілі прадаваць, былі зьбяднелымі. А цяпер паглядзіце, яны ж зажылі! І мы можам так жыць. А для гэтага кіраўніцтва павінна павярнуцца да народу, да правоў чалавека. І мая праграма скіраваная на тое, каб раскрыць магчымасьці простых людзей.

А цяпер маё пытаньне свайму суразмоўцу. Чаму наш парлямэнт ня стаў сапраўдным парлямэнтам? Вы столькі гадоў там працуеце, дэпутат з 1995 году, прафэсійны юрыст. Чаго не хапіла парлямэнтарам, каб стаць сапраўднай уладай? Чаму вы не падпісаліся пад папраўкамі ў Выбарчы кодэкс, якія прапанавалі дэпутаты групы “Рэспубліка”?”

(Красуцкі: ) “Парлямэнт працуе ў межах дзейнай Канстытуцыі, прынятай у 1996 годзе. Роля і значэньне парлямэнту, у параўнаньні з папярэднікам, значна зьмянілася. Раней у нас была парлямэнцкая рэспубліка, цяпер яна прэзыдэнцкая. Таму парлямэнт ня можа пераступіць межы дзейнай Канстытуцыі, бо прэзыдэнт мае права роспуску парлямэнту і аб’яўленьня новых выбараў.

Таму ў працы парлямэнту неабходныя зьмены, у тым ліку датычныя ягоных паўнамоцтваў. Я адзін з распрацоўнікаў законапраекту аб Нацыянальным сходзе. Там унесеныя прапановы аб пашырэньні паўнамоцтваў парлямэнту, у прыватнасьці, ягоных кантрольных функцыяў. І гэты законапраект ужо прыняты ў першым чытаньні.

Калі казаць аб унутраным зьмесьце працы парлямэнту, то я вам прывяду прыклады, якія, на жаль, не гучаць у СМІ, якія цьвердзяць аб “кішэнным парлямэнце”. За тэрмін працы Палаты прадстаўнікоў цяперашняга скліканьня было прынята больш за 500 законаў, зь іх амаль 80 былі адхіленыя — а яны былі ўнесеныя прэзыдэнтам і ўрадам. І парлямэнт палічыў, што яны альбо не адпавядаюць патрабаваньням Канстытуцыі, альбо не адпавядаюць рэаліям. Палата прадстаўнікоў таксама адхіліла адзін з дэкрэтаў прэзыдэнта. Парлямэнт выкарыстоўвае такія кантрольныя функцыі, якіх не было раней, як парлямэнцкія слуханьні. Гэтая форма зьявілася ў тым рэглямэнце, які я напісаў. Мы выкарыстоўваем такую кантрольную функцыю, як дэпутацкі запыт ўраду з уключэньнем гэтага пытаньня на парадак дня сэсіі.

Яшчэ скажу, што патрэбен досьвед працы там. Прафэсійных парлямэнтароў няшмат у нашай краіне. І прафэсіяналізм дазволіць выкарыстоўваць у поўным аб’ёме тыя паўнамоцтвы, якія мае гэты парлямэнт”.

(Карбалевіч: ) “Я дзякую маім суразмоўцаў і жадаю посьпехаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG