Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява маці Завадзкага патрапіла да Шэймана і... як камень у ваду


Алег Грузьдзіловіч, Менск Цэнтральны суд Менска адмовіўся разглядаць скаргу Вольгі Завадзкай на дзеяньні сьледчых Пракуратуры Беларусі, якія мусілі адрэагаваць на яе заяву аб аднаўленьні расьсьледаваньня.

Маці зьніклага журналіста ОРТ Зьмітра Завадзкага скардзілася на тое, што сьледчыя не аднавілі расьсьледаваньня зьнікненьня яе сына і нават не адказалі на яе заяву.

Падставай для аднаўленьня расьсьледаваньня Вольга Завадзкая палічыла выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, якія ён зрабіў 20 ліпеня. Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка заявіў на прэсавай канфэрэнцыі для беларускіх і замежных журналістаў, што валодае дадзенымі, паводле якіх “справа Завадзкага ператворыцца ў антысправу”. Аднак спробы Вольгі Завадзкай дамагчыся на гэтай падставе новых сьледчых дзеяньняў аказаліся марнымі.

На бок пракуратуры стаў і Цэнтральны суд Менска, куды жанчына паскардзілася на сьледчых. Судзьдзя Святлана Ганчар вырашыла, што іх дзеяньні “непадсудныя”.

Вось як Вольга Завадзкая пракамэнтавала гэтае рашэньне.

(Завадзкая: ) “Закон для ўсіх роўны. Чаму мы мусім кланяцца службовай асобе, а не закону? Гэта проста зьдзек”.

Паводле зьвестак, якія Вольга Завадзкая атрымала ў пракуратуры Беларусі, яе заява аб неабходнасьці аднавіць расьсьледаваньне патрапіла да генэральнага пракурора Віктара Шэймана і дагэтуль без руху знаходзіцца ў яго асабіста.

Зьміцер Завадзкі зьнік ў ліпені 2000 году. Судом ён прызнаны памерлым, пакараныя ягоныя выкрадальнікі, але лёс журналіста не вядомы, ягонае цела не знойдзенае. Генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман ўнесены кіраўніцтвам аб’яднанай Эўропы ў лік службовых асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу з прычыны магчымай датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыянэраў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG