Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мяжэвічах міліцыянты затрымалі сябра БНФ і канфіскавалі ўлёткі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Міліцыянты затрымалі актывіста партыі БНФ Уладзіміра Бруцкага са Слоніма. Гэта адбылося ўчора ўвечары ў вёсцы Мяжэвічы. З сабой у яго былі двухбаковыя ўлёткі з заклікам “Скажы Лукашэнку – Не!” і праграмай “5 крокаў да лепшага жыцьця”. Складзены пратакол аб канфіскацыі ўлётак без выходных дадзеных.

Затрыманьне адбылося а шостай гадзіне вечара. Уладзімер Бруцкі быў зь сябрамі ў Мяжэвічах, яны ішлі вясковай вуліцай, і нечакана адбылася сустрэча зь міліцыянтамі. Ён лічыць, што іх нехта выклікаў. З машыны выйшаў адзін зь міліцыянтаў. Уладзімір Бруцкі гаворыць:

(Бруцкі: ) “Ён не прад’явіў ніякіх дакумэнтаў, нічога. Натуральна, што я выказаў нязгоду, не пагадзіўся сесьці ў машыну. Ну адпаведна былі прынятыя “адэкватныя” меры супраць мяне”.

Не прадставіўшыся, міліцыянт выхапіў у спадара Бруцкага з кішэні ўлёткі. Сесьці ў машыну яго прымусілі гвалтам. Нават падрапалі твар, ён у шпіталі ўзяў даведку наконт гэтага. Міліцыянты даставілі Ўладзімера Бруцкага ў сельсавет, а потым завезьлі ў Слонім у райаддзел міліцыі. Склаўшы пратакол, адпусьцілі а 9-й гадзіне вечара.
XS
SM
MD
LG