Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенец выйшаў на вуліцу Савецкую з плякатам супраць рэфэрэндуму -- атрымаў 7 сутак арышту


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ўдзень у цэнтры Горадні малады спадар пратэставаў супраць пытаньняў, якія прапануюцца на рэфэрэндуме. Ён зрабіў самаробны плякат і напісаў на ім чорнай фарбай: “Скажыце на рэфэрэндуме Лукашэнку рашучае “НЕ”. Навокал сабраліся каля чалавек 25, яны падтрымлівалі пікетоўца і баранілі яго перад міліцыянтамі.

Усё адбывалася ў час з 13 да 14 гадзінаў, людзей на вуліцы Савецкай было мноства. Якраз скончылася мерапрыемства ўладаў за рэфэрэндум — з фальклёрнымі сьпевамі, са сьцяжкамі са словам “Так”. Ля пікетоўца стаў мужчына з такім сьцяжком, міліцыянты яго не чапалі. Чалавек з плякатам назваўся Генадзем Скрабоўскім, ягоныя словы:

(Скрабоўскі: ) “Я стаміўся і замучыўся ад гэтых рэклямаў паўсюль”.

Сытуацыя не спрыяла запісу, міліцыянты не давалі таксама фатаграфаваць пікетоўца. Ён яшчэ сказаў: яго абурае, што паўсюль — у вітрынах, на рэклямных шчытах, у тралейбусах, на тэлебачаньні — толькі агітацыя за станоўчы адказ на пытаньні рэфэрэндуму. Таму ён зрабіў свой плякат і вырашыў пратэставаць супраць гэтага.

Празь некаторы час зьявіліся назіральнікі ад АБСЭ, і міліцыянты не наважыліся затрымаць пікетоўца ў іхняй прысутнасьці. Акцыя працягвалася прыблізна гадзіну.

***

Стала вядома, што супраць рэфэрэндуму пратэставаў Генадзь Скрабоўскі. Супрацоўнікі міліцыі ня сталі яго затрымліваць падчас пікету, але пазьней міліцыянты прыехалі да яго дахаты і забралі ў пастарунак, дзе склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет. А 19-й гадзіне адбыўся суд над Генадзем Скрабоўскім. Ленінскі раённы суд, а менавіта судзьдзя Натальля Козел, пакарала яго арыштам 7 сутак.

Генадзь Скрабоўскі зьяўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ў Гарадзенскай Занёманскай акрузе Міколы Ворана, які вылучаны ад партыі БНФ.

На здымку: Генадзь Скрабоўскі заклікае галасаваць на рэфэрэндуме “супраць”. Фота С. Астраўцова.
XS
SM
MD
LG