Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў пагналі галасаваць датэрмінова


Любоў Лунёва, Менск Студэнты недзяржаўных навучальных установаў прыйшлі галасаваць на выбарчыя ўчасткі датэрмінова. Выкладчыкі тлумачылі журналістам, што галоўная прычына галасаваць датэрмінова — даць магчымасьць студэнтам наведаць у нядзелю бацькоў. Чаму студэнты-менчукі павінны галасаваць датэрмінова? На гэтае пытаньне пэўнага адказу не далі.

Студэнты радыёфізычнага каледжу імя А.Сахарава з распараджэньня адміністрацыі мусілі прагаласаваць да трэцяй гадзіны. А 10 раніцы на выбарчы ўчастак у Індустрыяльна-пэдагагічны каледж прыехалі навучэнцы 1-й групы. Яны спасылаліся на загад адміністрацыі. Прагаласаваўшы, студэнты пагаджаліся казаць пра свой выбар. У асноўным камэнтавалі стаўленьне да рэфэрэндуму.

(Зьміцер: ) “Я лічу, што трэба даць іншаму кандыдату магчымасьць. А гэтаму ўжо дастаткова. Я лічу, што Канстытуцыю нельга пад сябе прыстасоўваць”.

(Натальля: ) “Мне ня тое што трэба. Калі ўсё будзе добра, то й на здароўе”.

Але ёсьць іншае меркаваньне:

(Аксана: ) “Не! Я таму і супраць, што ён робіць усё няправільна. Да яго можна ўжыць адпаведны артыкул за парушэньне асноўнага закону дзяржавы. Ён няправы”.

Намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы Ўладзімер Бутэвіч патлумачыў Радыё Свабода, што датэрміновае галасаваньне — гэта клопат пра студэнтаў: маўляў, няхай паедуць да бацькоў, возьмуць там цёплыя рэчы ды сала паболей.

(Бутэвіч: ) “Трэба даць людзям магчымасьць. Ня так часта ў нас гэта адбываецца. Нехта адпачне, нехта паедзе… У дзень галасаваньня, канечне, агітацыю праводзіць нельга. Я лічу, што ўсё гэта нармальна”.

Студэнты аграрнага ўнівэрсытэту казалі, што рэктарат выдаў распараджэньне ўсім прагаласаваць да пятніцы. А адміністрацыя тэхнічнага ўнівэрсытэту ў інтэрнатах разьмясьціла графікі, калі каму галасаваць.

(Алег: ) “У маім інтэрнаце вісіць, што мы мусім прагаласаваць 12, 13 і 14-га. Нам казалі, каб мы ўсе прагаласавалі да пятніцы, альбо ня будзе выходных. А калі прагаласуеце, то будзеце гуляць пятніцу, суботу й нядзелю. Сёньня на выбарчым участку ў корпусе такая чарга стаяла! Дзядзечка нейкі актыўны ўсё бегаў і ўсё іх падахвочваў: “Галасуйце, галасуйце! Правільна — раней прагаласуеце, будзеце вольныя”.

У тэатральна-мастацкай акадэміі дэканаты папярэдзілі старастаў групаў, каб яны прывялі студэнтаў на выбарчыя ўчасткі. Адміністрацыя папярэдзіла студэнтаў, што лепш прагаласаваць датэрмінова, каб потым ня мець непрыемнасьцяў.
XS
SM
MD
LG