Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдата ў дэпутаты не ўключылі ў сьпісы выбарцаў


Алег Супрунюк, Берасьце Жыхар Берасьця Мікалай Коўш не знайшоў сябе ў сьпісах выбарцаў у акрузе, дзе ён вылучаны кандыдатам у дэпутаты. Спадар Коўш лічыць, што такім чынам ўлады наўмысна зьмяншаюць колькасьць людзей, якія маюць права галасаваць.

Мікалай Коўш вылучаны кандыдатам у дэпутаты ў Берасьцейскай-Цэнтральнай акрузе №2. Сёньня ён спрабаваў высьветліць, колькі выбарцаў у гэтай акрузе ўключаны ў сьпісы для галасаваньня. Пра ўражаньні ад наведваньня свайго выбарчага ўчастку спадар Коўш распавёў Радыё Свабода:

(Коўш: ) “Аб падрыхтоўцы да выбараў і рэфэрэндуму, як мне здаецца, яскрава сьведчыць той факт, што ў надрукаваных сьпісах выбарцаў на ўчастку №29 другой акругі я не знайшоў свайго прозьвішча і прозьвішчаў жыхароў 108-кватэрнага дому на вуліцы Маладагвардзейскай, 12/2, дзе я жыву амаль два гады. Шматлікія факты сьведчаць аб тым, што наўмысна ідзе скарачэньне ў сьпісах колькасьці выбарцаў, каб забясьпечыць “элегантную” перамогу на рэфэрэндуме”.

У выбарчай акрузе №2 паведамілі, што адбылася тэхнічная памылка і жыхары гэтага дому будуць унесеныя ў дадатковыя сьпісы, калі прыйдуць галасаваць. Ці трапяць у гэтыя сьпісы тыя, хто адмовіцца ад удзелу ў рэфэрэндуме, у камісіі не патлумачылі.

У акруговай камісіі таксама паведамілі, што Мікалай Коўш 12 кастрычніка атрымаў папярэджаньне за парушэньне выбарчага заканадаўства. Кандыдата ў дэпутаты абвінавацілі ў тым, што ягоныя агітацыйныя матэрыялы нібыта зьявіліся раней дазволенага тэрміну.
XS
SM
MD
LG