Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды зьніклі паўмільёна беларускіх выбарцаў?


Уладзімер Глод, Менск Паводле афіцыйнай статыстыкі, падчас першага рэфэрэндуму, які праводзіўся ў 1995 годзе, у сьпісе выбарцаў было 7,5 мільёна прозьвішчаў. Сёлета, 9 верасьня, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Аляскандар Абрамовіч на сваёй прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што цяпер выбарцаў будзе 6,5 мільёна. 12 кастрычніка старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла, што выбарцаў будзе 7 мільёнаў.

Агульная колькасьць грамадзянаў, якія мелі права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, што адбыліся ў сакавіку 2003 году, паводле афіцыйнай статыстыкі, складала прыблізна 7 мільёнаў 100 тысяч чалавек. Сёньня старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла, што цяпер выбарцаў будзе менш:

(Ярмошына: ) “Выбарцаў — 7 мільёнаў. Гэта лічба параўнальна зь мясцовымі выбарамі паменшылася дзесьці на 135 тысяч. Гэта выклікана тым, што каля 70 тысяч грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі былі ўключаныя ў сьпісы выбарцаў, якія ўдзельнічаюць у мясцовых выбарах у Беларусі. Ну, і натуральнае зьмяншэньне насельніцтва, летась яно склала каля 60 тысяч”.

Праблему скарачэньня выбарцаў вывучае сябра рады Аналітычнага праекту “Наше мнение” Янаў Палескі. Ён падлічыў, што за апошнія дзесяць гадоў, калі верыць спадару Абрамовічу, колькасьць патэнцыйных выбарцаў скарацілася на мільён. Пра гэта спадар Палескі напісаў у верасьні ў артыкуле “Краіна чыстых азёраў і зьнікаючых выбарцаў”:

(Палескі: ) “Сам тэкст не патрабуе адказу на пытаньне “Куды зьнікаюць выбарцы?” Пра гэта можна толькі здагадвацца. Існуе пэўны дэмаграфічны трэнд, сапраўды, колькасьць насельніцтва ў краіне зьмяншаецца. Але, па-другое, я думаю, існуе схільнасьць Цэнтарвыбаркаму маніпуляваць сьпісамі, дзякуючы якім мільён выбарцаў некуды падзеўся, параўнальна з 1994 годам. Зразумела, што зьнікаюць людзі ў дэмаграфічным сэнсе, але яшчэ больш зьнікае людзей, якія маюць права галасаваць. Гэтыя дзьве тэндэнцыі не супадаюць. Зьнікненьне выбарцаў ідзе больш шпарка”.

Дырэктар незалежнага Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў са спасылкай на зьвесткі Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі сьцьвярджае, што кудысьці зьнікла каля 600 тысяч выбарцаў:

(Манаеў: ) “На 1 студзеня 2003 году група беларусаў ва ўзросьце ад 18 гадоў і вышэй складае 7 мільёнаў 727 тысяч 110 чалавек. Калі з гэтага сьпісу выкрасьліць тых, каму забаронена галасаваць судом, а на думку адмыслоўцаў, гэта ніяк ня больш за 100 тысяч чалавек, то застаецца 7 мільёнаў 600 тысяч. 20 траўня Цэнтарвыбаркам выдаў пастанову, якой вызначыў сярэдні памер акругі ў 64 тысячы 585 выбарцаў. Гэта 7 мільёнаў 100 тысяч. Калі ж узяць сёньняшнюю лічбу Лідзіі Ярмошынай — 7 мільёнаў, то ўжо не хапае 600 тысяч выбарцаў. Летась улетку я рабіў такі прагноз: калі за два гады з 1999 году да 2001 з выбараў “выпала” 4% выбарцаў, а за чатыры гады (з 1999 па 2003) удвая больш, то можна меркаваць, што на парлямэнцкіх выбарах 2004 году колькасьць зьніклых выбарцаў перавысіць 10%. Вельмі лёгка палічыць, што гэты прагноз спраўдзіўся амаль да адной тысячы чалавек”.

На маё пытаньне, навошта гэта ўладам, спадар Манаеў адказаў, што гэтае пытаньне не да сацыёлягаў, а да палітыкаў. Адзін зь іх — Вінцук Вячорка бачыць у скарачэньні сьпісаў адзін з галоўных прыёмаў з арсэналу ўлады, каб дамагчыся пастаўленых мэтаў:

(Вячорка: ) “Ад сьпісавага складу выбарнікаў напрамую залежыць тая колькасьць галасоў, якая неабходная для перамогі Аляксандру Лукашэнку на рэфэрэндуме. Таму заніжаць гэтую колькасьць — гэта самае простае, што дазваляе яму адміністрацыйны рэсурс”.
XS
SM
MD
LG