Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Deutsche Welle”: чаму Аўстрыя па-ранейшаму прымае Лукашэнку на сваіх гарналыжных курортах?


Ул. інф. Ні Брусэль, ні Бэрлін дагэтуль не выпрацавалі дакладнай стратэгіі дачыненьняў зь беларускім, украінскім і малдаўскім рэжымамі, — пішуць у сваіх публікацыях аглядальнікі нямецкіх СМІ.

Што такое дэмакратыя па-беларуску? Адказ на гэтае пытаньне дае нямецкі штотыднёвік “Stern”. Гэта “калі прэзыдэнт Лукашэнка хоча быць пры ўладзе болей, чым замацавана ў Канстытуцыі, таму проста мяняе Канстытуцыю”. Каб працягнуць свае паўнамоцтвы пасьля 2006 году, Лукашэнка прызначыў на 17 кастрычніка рэфэрэндум, — піша “Stern”.

Паводле аглядальніцы нямецкага радыё “Deutsche Welle” Утэ Шэфэр, пасьля дзесяці гадоў Лукашэнкавага кіраваньня надзеяў на палітычныя зьмены няма нават у асяродку беларускай апазыцыі. Былы кіраўнік саўгасу, які сёньня ахвотна апранаецца ў маршальскую форму, нагадвае Брэжнева. У сэнсе рэсаветызацыі Беларусі дасягнутыя немалыя посьпехі. Парлямэнт ня мае паўнамоцтваў. Свабодных мэдыяў практычна няма. Апанэнты рэжыму зьнікаюць. Ва ўнівэрсытэтах выкладаюць ідэалёгію, КГБ па-ранейшаму завецца КГБ.

Беларусь паступова ператвараецца ў паліцэйскую дзяржаву, папярэджваюць Захад беларускія апазыцыянэры. Яны крытукуюць Эўропу за адсутнасьць агульных дзеяньняў у дачыненьні да беларускага рэжыму і за тое, што свае стасункі зь Менскам Бэрлін і Брусэль будуюць, азіраючыся на Маскву. Падобныя заўвагі аглядальніца “Deutsche Welle” лічыць слушнымі й пры гэтым зьвяртае ўвагу на наступны момант. Эўропа бездапаможная ў стасунках з паліцэйскімі краінамі, якія раптам сталі яе суседзямі. На працягу доўгага часу Брусэль усё спадзяваўся на хуткія пераўтварэньні ў Менску, Кіеве, Кішынэве.

Паводле нямецкай журналісткі, Эўропа нарэшце павінна выпрацаваць дакладную пазыцыю да аўтарытарных рэжымаў. Гэта значыць, падтрымліваць грамадзянускую супольнасьць у гэтых краінах — як фінансава, так і структурна, аднак пры гэтым абмежаваць кантакты з прадстаўнікамі рэжыму. У самых розных пытаньнях — тых, што напрыклад, тычаць іхнага камфорту. Чаму, напрыклад, на працягу апошніх гадоў беларускі прэзыдэнт, заўсёды, калі хоча адпачыць на гарналыжных курортах, атрымлівае візу ў Аўстрыю? — ставіць пытаньне ў сваім камэнтары аглядальніца “Deutsche Welle”.
XS
SM
MD
LG