Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Дабравольскі й Валянціна Палевікова зьвярнуліся ў ЦВК і пракуратуру


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля скасаваньня рэгістрацыі Аляксандра Дабравольскага, Валянціны Палевіковай і Аляксандра Валчаніна Аб’яднаная грамадзянская партыя заявіла пра выкраданьне ўладай дэпутацкіх мандатаў у апазыцыі. Не выключаецца, што апазыцыя на знак пратэсту супраць масавых парушэньняў пойдзе на зьняцьцё сваіх кандыдатаў у апошнія дні перад выбарамі.

Прадстаўнікі АГП Аляксандар Дабравольскі й Валянціна Палевікова падаюць заявы ў пракуратуру Ленінскага раёну Менску. Яны патрабуюць высьветліць, хто ініцыяваў напісаньне аднолькавых лістоў грамадзянаў у выбарчыя камісіі, на падставе якіх была скасаваная іх рэгістрацыя як кандыдатаў у дэпутаты. Паводле спадара Дабравольскага, тут відавочныя прыкметы арганізаванай правакацыі. Акрамя таго, Палевікова й Дабравольскі абскардзілі рашэньне акруговых камісіяў у ЦВК.

У АГП перакананыя ў палітычных матывах гэтых дзеяньняў уладаў, бо здымаюць кандыдатаў, якія значна апераджаюць сваіх канкурэнтаў ад вэртыкалі. Гаворыць лідэр партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Фактычна рэжым узяў некалькі соцень сяброў дэмакратычных патыяў і арганізацыяў і пачаў “палітычна адстрэльваць”. Адных адстралялі на першым этапе. Другіх ужо падчас кампаніі. Выцягваюць, як тых закладнікаў, — і як бы дзеля навукі тым, хто застаўся, каб не праводзілі ніякай кампаніі, не выяўлялі ніякай актыўнасьці”.

Анатоль Лябедзька заявіў, што ўлада можа выкрасьці ў апазыцыі дэпутацкія мандаты, але ня здолее забраць сымпатыяў выбаршчыкаў. Тым ня меней, апазыцыя павінна адрэагаваць на дзеяньні ўлады, заявіў спадар Лябедзька: падчас чарговага паседжаньня лідэраў кааліцыі “Пяцёрка плюс” будзе абмяркоўвацца пытаньне аб зьняцьці дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты ў апошнія дні перад галасаваньнем на знак пратэсту супраць масавых парушэньняў выбарчага закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG