Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бюлетэні рэфэрэндуму будуць толькі на расейскай мове


Валянціна Аксак, Менск Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што мовай бюлетэняў рэфэрэндуму 17 кастрычніка можа быць толькі расейская.

Спадарыня Ярмошына патлумачыла рашэньне Цэнтарвыбаркаму наступным чынам:

(Ярмошына: ) “Бюлетэнь на рэфэрэндум зроблены на расейскай мове, і ні на якай іншай ён ня можа быць зроблены, таму што тэкст бюлетэня павінен утрымліваць пытаньне, вынесенае на рэфэрэндум, з дакладнасьцю перадаючы ўказ прэзыдэнта. Указ прэзыдэнта аб прызначэньні рэфэрэндуму на беларускую мову не перакладаўся”.

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтае рашэньне старшыню Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны Алега Трусава. Паводле яго, калі ўлада хоча нешта парушыць, то яна, пачынаючы з 1930-х гадоў, робіць гэта ў Беларусі па-расейску.Таму праблемы мовы гэтага рэфэрэндуму для яго не існуе.

(Трусаў: ) “Таму што гэтая акцыя з самага пачатку пярэчыць дзейнаму заканадаўству”.

Пры гэтым спадар Трусаў зьвярнуў увагу на ігнараваньне ўладаю вынікаў праведзенага ёю ж першага рэфэрэндуму.

(Трусаў: ) “Указ прэзыдэнта і Ярмошына пярэчаць волі народу, выказанай на першым рэфэрэндуме 1995 году, дзе дакладна сказана аб раўнапраўі дзьвюх моваў”.

Дарэчы, мовай бюлетэняў рэфэрэндуму 1995 году была адзіная на той час дзяржаўная — беларуская. Бюлетэні рэфэрэндуму 1996 году, які замацоўваў зьмены Канстытуцыі, таксама былі на беларускай мове. Савецкі рэфэрэндум 1991 году праводзіўся ў Беларусі па-расейску.
XS
SM
MD
LG