Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акруговая камісія адмовілася паглядзець відэастужку з доказамі парушэньняў кандыдата ад улады


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Выбарчая камісія Быхаўскай акругі разьбірала скаргу кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кірыла Шарапкіна. Ён абвінаваціў у парушэньні Выбарчага кодэксу свайго суперніка Алега Сакадынца, якога называюць кандыдатам ад улады.

У выбарчым штабе Кірыла Шарапкіна лічаць, што Алег Сакадынец, які працуе намесьнікам кіраўніка абласной управы аховы здароўя, выкарыстоўвае перавагі службовага становішча ў мэтах абраньня.

Паводле даверанай асобы Шарапкіна Ўладзімера Шанцава, напрыклад, у Слаўгарадзкім шпіталі ўлёткі Сакадынца вісяць нават на дзьвярах кабінэтаў. Шырока распаўсюджваюцца таксама ксэракопіі газэтных артыкулаў пра кандыдата.

У якасьці доказу Шанцаў прапанаваў чальцам акруговай камісіі паглядзець відэастужку, аднак яны адзінагалосна адмовіліся. Гаворыць старшыня камісіі Вадзім Рагавы:

(Рагавы: ) “Камісія не ўгледзела там выкарыстаньне службовага становішча. Гэта не агітацыйны, а інфармацыйны матэрыял пэрыядычнага друку”.

Уладзімер Шанцаў настойвае на тым, што ёсьць падставы для зьняцьця з выбараў кандыдата ад улады.

(Шанцаў: ) “Прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў здымаюць за значна меншыя парушэньні. А ўлада атрымала загад — правесьці сваіх кандыдатаў”.

Выбарчы штаб Кірыла Шарапкіна накіраваў скаргу ў Цэнтарвыбаркам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG