Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Ярмошына папросіць пракуратуру разабрацца з тымі, хто заклікае псаваць бюлетэні


Юры Сьвірко, Менск Старшыня Цэнтарвыбаркаму лічыць амаральным заклік рваць выбарчыя бюлетэні й зьбіраецца прасіць пракуратуру разабрацца з тымі, хто да гэтага заклікае. Яна таксама заяўляе, што дзяржаўныя СМІ — гэта сродкі дзяржаўнай ідэалёгіі, таму было б няправільна, калі б яны агітавалі супраць рэфэрэндуму.

На панядзелак 11 кастрычніка з больш як 400 кандыдатаў у дэпутаты засталося толькі 353, паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Ужо акрэдытавана больш як 500 міжнародных назіральнікаў і амаль 17 тысяч унутраных. Аднак іх колькасьць яшчэ павялічыцца бліжэй да 17 кастрычніка.

Спадарыня Ярмошына адмовілася даць прагноз, колькі выбарцаў прагаласуе датэрмінова, хаця раней Цэнтарвыбаркам казаў назіральнікам ад АБСЭ, што іх можа быць 20–30%. Яна заявіла, што нічога ня ведае ані пра факты прымусу ісьці на датэрміновае галасаваньне, ані пра высновы Вэнэцыянскае камісіі Рады Эўропы, якая назвала пытаньне рэфэрэндуму неадпаведным эўрапейскім стандартам.

Затое Лідзія Ярмошына ведае пра заклік фонду “За новую Беларусь” парваць рэфэрэндумныя бюлетэні на дзьве часткі й адну кінуць у скрынку для галасаваньня, а другую, з подпісамі сяброў участковай камісіі, — забраць сабе. Праваабаронца Гары Паганяйла прапанаваў перадаць гэтыя другія часткі дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты ці іх давераным асобам, якія будуць весьці незалежны падлік галасоў. На маё пытаньне, ці забараняе Выбарчы кодэкс парваць свой бюлетэнь ці агітаваць іншых зрабіць тое самае, старшыня Цэнтарвыбаркаму адказала гэтак:

(Ярмошына: ) “Вы ведаеце, я ніколі ня думала, што праваабаронцы нашы так званыя дойдуць да такога блюзьнерства — яны па сутнасьці заклікаюць выбрацаў сарваць, сказіць вынікі выбараў, народнага волевыяўленьня. Таму, натуральна, наша заканадаўства адмыслова не прадугледжвае, таму што ніколі заканадаўцу не прыходзіла ў галаву, што да гэтага можна дадумацца. Я спадзяюся, што пракуратура дасьць ацэнку гэтаму закліку. Мне сказаць няма чаго. Мне цяжка сказаць, ці супрацьзаконна гэта, таму што гэта не прадугледжана. Але тое, што гэта амаральна — гэта без сумневу”.

Лідзія Ярмошына дадала, што патрэбная экспэртыза пракуратуры, ці няма ў закліку спадара Паганяйлы падбухторваньня да крымінальнага злачынства — “супрацьдзеяньня дзейнасьці выбарчых камісіяў”.

Што да тэлевізійных ролікаў, дзе паказваюць, як галасаваць за ініцыятыву Лукашэнкі, дык Лідзія Ярмошына таксама заявіла, што “заканадаўства не прадугледжвае ўвогуле вырабу гэтых ролікаў і не зьмяшчае патрабаваньняў да таго, якімі яны мусяць быць”. Аднак яна ня лічыць гэта амаральным і ў пракуратуру зьвяртацца не зьбіраецца:

(Ярмошына: ) “Таму ніякіх парушэньняў у дзеяньнях БТ — у гэтым выпадку гэта канал ОНТ — няма. Гэта можна расцэньваць як агітацыю за пытаньне, вынесенае на рэфэрэндум. Але яна, як вы ведаеце, да 17 кастрычніка не забароненая”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сказалі, што ў нас ёсьць агітацыя супраць. А дзе вы яе бачылі?”

(Ярмошына: ) “Народную волю” чытайце. Улёткі тыя шматлікія, што вы закідваеце ў паштовыя скрыні грамадзянаў. Калі ласка”.

Спадарыня Ярмошына сказала таксама, што ў дзяржаўных СМІ “агітацыя за рэфэрэндум вядзецца даволі мякка”, а агітацыя супраць ёсьць у недзяржаўных “без усялякіх санкцыяў да іх”.
XS
SM
MD
LG