Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У выбарчай кампаніі бяруць удзел 56 дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, і нікога зь іх пакуль ня зьнялі


Алесь Дашчынскі, Менск Гэтая лічба застаецца нязьменнай: ніводная кандыдатура зь перадвыбарчага маратону не зьнятая. Як змагаюцца за мандаты дзейныя дэпутаты?

Дзейныя дэпутаты зарэгістраваныя кандыдатамі ў сваіх жа акругах. Толькі двое, Тацяна Голубева і Валеры Фралоў, іх памянялі: спадарыня Голубева зь Віцебскай перайшла ў Смаргонскую, а спадар Фралоў з Гарадзенскай у Менск. Прыкладна ў паловы дзейных дэпутатаў канкурэнтаў няшмат — ад аднаго да двух чалавек. У Міхаіла Арды канкурэнт ад ЛДП Валеры Краўчук, у сьпікера Вадзіма Папова канкурэнтка ад Народнай грамады Людміла Гушча. Дэпутаты Аляксандар Сьвірыд, Анатоль Салаўёў і Віталь Кулік наогул ня маюць супернікаў.

Дзейны дэпутат Ігар Катляроў хоча абрацца на трэці тэрмін, у яго два канкурэнты. Чаму ён зноў абіраецца па сваёй акрузе?

(Катляроў: ) “Чаму, я не павінен па іншай. Я павінен працаваць з тымі людзьмі, якія мяне абралі дзевяць гадоў таму”.

Пра адну з сустрэчаў спадар Катляроў распавёў:

(Катляроў: ) “Нацыянальны алімпійскі камітэт сюды прыехаў, сустрэўся з маладымі выбарнікамі й падарыў спартовыя касьцюмы. Да мяне гэта ніякіх адносінаў ня мае, я іх запрашаў калісьці вельмі даўно”.

У дзейнага дэпутата Валерыя Лектарава на выбарах у Вярхоўны Савет было 14 канкурэнтаў, а цяпер у палату — толькі два. Як ідзе яго перадвыбарчая кампанія?

(Лектараў: ) “Я, праўда, іх нікога не чапаю, але яны чамусьці мяне тузаюць, ці ў іх заказ такі, каб людзей тузаць? Дапусьцім, я як дэпутат, выконваю наказ выбарнікаў, папрасілі мяне купіць клюшкі, я знайшоў спонсара, купіў, вось мяне вінавацяць, што я дапамог”.

У дзейнай дэпутаткі Вольгі Абрамавай два канкурэнты. Яна ідзе па сваёй акрузе ў Менску і лічыць найбольш эфэктыўнымі сустрэчы ў дварах. Спадарыня Абрамава скардзіцца: ва ўлётках пішуць, што яна хавае сваю пазыцыю ад выбарнікаў адносна рэфэрэндуму:

(Абрамава: ) “Я гэтую пазыцыю неаднаразова абнародавала публічна. Упершыню гэта было 9 верасьня, праз два дні пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму. Я ніколі не хавала, што я гэтай ідэі не падтрымліваю”.
XS
SM
MD
LG