Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма пракантраляваць датэрміновае галасаваньне ў Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск 12 кастрычніка згодна з беларускім заканадаўствам пачынаецца датэрміновае галасаваньне па пытаньні рэфэрэндуму й па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Любы грамадзянін Беларусі за пяць дзён да дня рэфэрэндуму й выбараў можа прыйсьці на выбарчы ўчастак і бяз усялякага тлумачэньня прычынаў апусьціць адпаведныя бюлетэні ў скрыню. Уладныя структуры актыўна заахвочваюць выбарцаў скарыстацца сваім правам датэрмінова.

Улады вельмі старанна рыхтуюцца да так званага ўсенароднага апытаньня. Як паведаміў мне сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік, учора нават адбылася генэральная рэпэтыцыя:

(Лазавік: ) “11-га кастрычніка праводзілася праверка сродкаў сувязі, наяўнасьці ўсіх арганізацыйна-тэхнічных сродкаў, якія павінны быць на выбарчых участках. Праверка праведзеная ў першай палове дня, і яна паказала, што ўсе выбарчыя ўчасткі да галасаваньня датэрміновага гатовыя”.

(Карэспандэнт: ) “А ці можа Цэнтарвыбаркам прагназаваць, колькі прыкладна выбарцаў прымуць удзел у датэрміновым галасаваньні?”

(Лазавік: ) “Можа, але ня будзе”.

Вядома, што беларускія ўлады, калі іх абвінавачваюць у датэрміновым галасаваньні, у сваю абарону спасылаюцца на тое, што такая інстытуцыя існуе амаль паўсюдна. Наколькі датэрміновае галасаваньне распаўсюджана ў іншых краінах? Вось што сказаў мне на гэты конт знаўца выбарчага заканадаўства Сяргей Альфэр:

(Альфэр: ) “Уся справа ў тым, што датэрміновае галасаваньне – гэта не абсалютна распаўсюджаны інстытут у розных краінах. У Расеі, дарэчы, датэрміновага галасаваньня няма. Калісьці яно было, але яго выключылі з выбарчага заканадаўства, таму што палічылі, што яно вядзе да высокай ступені фальсыфікацыі вынікаў выбараў. У пэўных краінах ёсьць галасаваньне, але яно не датэрміновае – напрыклад, галасаваньне праз пошту. Яго цяжка назваць датэрміновым у тым выглядзе, у якім яно існуе цяпер”.

Таксама ў Літве, напрыклад, існуе паштовае галасаваньне. Але яно абумоўленае шэрагам адмысловых абставін, якія робяць гэтую працэдуру празрыстай. Там яе можна свабодна кантраляваць. А ці магчыма пракантраляваць датэрміновае галасаваньне ў Беларусі?

З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да чалавека, які займаецца выбарамі ўжо не адзін год. Гэта – юрыст праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) “Я мяркую, што кантраляваць датэрміновае галасаваньне фактычна немагчыма. І невыпадкова нашыя ўлады так моцна трымаюцца за сам інстытут датэрміновага галасаваньня ў тым выглядзе, якім ён замацаваны ў выбарчым заканадаўстве. Чаму немагчыма? Таму, што норма вельмі, вельмі лібэральная, дазваляе любой асобе прагаласаваць датэрмінова. Нейкіх доказаў, што ён ня можа прагаласаваць 17 кастрычніка, не патрабуецца. І гэтую акалічнасьць улады выкарыстоўваюць, вельмі часта прымушаючы выбарцаў да датэрміновага галасаваньня. Толькі можна здагадвацца, зь якімі мэтамі яны гэта робяць.

Сама працэдура захаваньня выбарчых скрыняў, бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня ў вячэрні й начны час нідзе не прапісаная. Атрымліваецца, што скрыня застаецца пяць начэй зь незапячатанай шчылінай. Пра тое, што там адбываецца на працягу пяці дзён, назіральнікі могуць толькі здагадвацца. Пасьля таго, як участак зачыняецца, яны мусяць пакінуць памяшканьне. І ўсё на гэтым”.

***

Упершыню у масавым парадку датэрміновае галасаваньне было прымененае на рэфэрэндуме 1996 году. Аляксандр Лукашэнка тады падпісаў адмысловы указ, які ўводзіў гэтую працэдуру ў заканадаўства. Цікава, што датэрміновае галасаваньне ў 1996 годзе пачалося за два тыдні да даты рэфэрэндуму. На гэты момант прэзыдэнцкі і парлямэнцкія праекты Канстытуцыі, паміж якімі павінны былі выбіраць грамадзяне Беларусі, яшчэ не былі апублікаваная.

Пасьля рэфэрэндуму працэдуру датэрміновага галасаваньня ўвялі ў заканадаўства аб мясцовых і парлямэнцкіх выбарах.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году паводле афіцыйных дадзеных Цэнтарвыбаркаму, у папярэднім галасаваньні ўзяло ўдзел 14,7 працэнта выбаршчыкаў. На мясцовых выбарах 2003 году гэты паказчык быў перакрыты – улады аб’явілі, што ў датэрміновым галасаваньні ўзяло ўдзел 20,7 працэнтаў.

Часам улады спасылаюцца на міжнародны досьвед -- але ў тых краінах, дзе існуе працэдура датэрміновага галасаваньня, для яго патрабуюцца сур’ёзныя падставы. У многіх краінах выбаршчык павінен дакумэнтальна даказаць, што ён ня можа прысутнічаць на сваім участку ў дзень галасаваньня. Таму на Захадзе колькасьць прагаласаваўшых датэрмінова не перавышае звычайна 1-3 працэнтаў. У Беларусі ніякіх падставаў для датэрміновага галасаваньня ад выбаршчыка не патрабуецца, больш таго, улады фактычна прымушаюць галасаваць датэрмінова.

Назіральнікі сьцьвярджаюць, што менавіта падчас датэрміновага галасаваньня зьяўляецца найбольш падставаў для парушэньняў. Немагчыма прасачыць, што адбываецца са скрынкай для галасаваньня цягам 5 дзён і начэй папярэдняга галасаваньня. На ранейшых беларускіх выбарах, паводле сьведчаньняў назіральнікаў, часта ўначы напярэдадні галасаваньня зьмесьціва выбарчых скрыняў падмянялася, пра што сьведчылі новыя плёмбы альбо новыя палоскі паперы, якімі яны запячатваліся.
XS
SM
MD
LG