Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўласьцівыя беларускім палітыкам эксцэнтрычныя паводзіны?


Алесь Дашчынскі, Менск 44 гады таму 12 кастрычніка Мікіта Хрушчоў стукаў чаравікам па стале ў час паседжаньня Генэральнай Асамблеі ААН, даводзячы, што мы можам усіх ня толькі шапкамі закідаць. Спрабуючы навесьці парадак, старшыня паседжаньня зламаў малаток. Такім застаўся гэты інцыдэнт у памяці. А ці ёсьць у Беларусі палітыкі, здольныя на такія эксцэнтрычныя ўчынкі?

Апытаныя мною вядомыя асобы згадалі ў гэтай сувязі эксцэнтрычны выпадак, які здарыўся з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам на эканамічным форуме ў Кран-Мантане.

(Шушкевіч: ) “У нас жа быў такі прыклад, калі наш “усенародна абраны” захацеў на ўсясьветным эканамічным форуме гаварыць 40 хвілін. І так як яму гэта не далі, дык ён пакрыўдзіўся і не выступаў, бо сказаў, што карацей не можа. Гэта вядомы выпадак. Мне здаецца гэта яшчэ горш, калі чалавек ня можа коратка і ясна выказаць свае думкі”.

Гэты ж інцыдэнт згадаў і былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў.

(Саньнікаў: ) “У нас ёсьць адзін вядомы палітык, які ўжо рабіў такія ўчынкі, і калі прыгадаць яго вандроўку ў Кран-Мантана на эканамічны форум, калі ён там абражаў тых, хто сабраўся паслухаць і паразмаўляць зь ім, то гэта тое ж самае, што грукаць па трыбуне ААН”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Такія паводзіны характэрныя для прэзыдэнта, бо ён пастаянна пагражае Амэрыцы і Эўразьвязу, вінаваціць іх ува ўсім у чым можна – гэта таксама нагадвае як чаравіком па трыбуне стукаць, толькі хто яго слухае?”

Ці характэрныя такія паводзіны ўвогуле менавіта беларускім палітыкам?

(Саньнікаў: ) “Зусім не характэрныя. У ААН быў больш вядомы Анатоль Гурыновіч, былы міністар замежных спраў. Ён заўсёды быў вытрыманы, разважлівы і яго паважалі, нягледзячы на тое, што заходнікі ведалі, што такое БССР, цалкам падпарадкаваная Маскве, але ж асабістыя якасьці Гурыновіча былі заўважаны, і яго паважалі. Ніколі такога не было, дый іншыя палітыкі ніколі не паводзілі сябе па-дзікунску”.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч лічыць, што ў Беларусі ня можа быць “свайго” Жырыноўскага.

(Гайдукевіч: ) “Я лічу, што ў Беларусі гэта немагчыма. Мэнталітэт нашых грамадзян крыху іншы. Беларусь нельга параўноўваць з Расеяй. Людзі ўжо настолькі разумныя сталі – гэта гаворыць пра сьпеласьць палітычнай эліты Беларусі – што кожны хоча насіць сваё імя, прозьвішча. Вось у мяне яскрава выражаны твар Гайдукевіча”.

Паводле Станіслава Шушкевіча, для беларускага палітычнага поля такія паводзіны абсалютна не характэрныя.

(Шушкевіч: ) “Я ўвесь час кантактаваў з палітыкамі, якія сьвята прытрымліваліся пратаколу, у маім жыцьці нейкіх такіх непаразуменьняў эксцэнтрычных не было ніколі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG