Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12 кастрычніка 1925 году ў Бэрліне пачалася Другая Ўсебеларуская Канфэрэнцыя


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 12 кастрычніка

12 кастрычніка – дзень адкрыцьцяў. Менавіта ў такі дзень у 1492 годзе Хрыстафор Калюмб адкрыў Амэрыку. Праўда, гэта была яшчэ ня ўся Амэрыка, а толькі востраў Сан-Сальвадор на Багамах, і сам Калюмб лічыў, што прыплыў у Індыю. Тым ня менш, 12 кастрычніка для Амэрыкі настала новая эра.

12 кастрычніка 1925 году ў Бэрліне пачалася Другая Ўсебеларуская Канфэрэнцыя. Беларускія палітыкі, якія паверылі, што ў БССР можна рэалізоўваць ідэалы нацыянальнага адраджэньня, пераконвалі сваіх калег-эмігрантаў “скласьці зброю” і спыніць барацьбу з бальшавікамі. На той Бэрлінскай канфэрэнцыі паўнамоцтвы ўраду БНР нібыта былі перададзеныя ўраду БССР. Аднак старшыня Рады БНР Пётра Крэчэўскі і ягоны намесьнік Васіль Захарка гэтага рашэньня не прызналі. Як паказала гісторыя, слушна зрабілі. Бо нацыянальнае адраджэньне ў савецкім Менску хутка зьмянілася жорсткай русыфікацыяй і патанула ў крыві масавых сталінскіх рэпрэсіяў.

12 кастрычніка 1694 году адыйшоў у лепшы сьвет вялікі японскі паэт Мацуа Басё, што пісаў паэтычныя мініятуры ў жанры хайку, які сёньня папулярны і сярод беларускіх паэтаў.

Некалькі музычных датаў:

12 кастрычніка 1971 году адбыўся першы паказ рок-опэры “Ісус Хрыстос супэрзорка” на словы Ціма Райса й музыку Эндру Лойда Ўэбэра ў Нью-Ёрку. З тых часоў гэтая неклясычная опэра-мюзікл даўно стала клясычнай, і сьпяваюць яе ва ўсіх краінах сьвету й на розных мовах.

12 кастрычніка 1865 году ў Смаленску нарадзіўся Міхал Анцаў – кампазытар, харавы дырыжор і пэдагог. Жыў Анцаў у Віцебску, дзе быў арганізатарам народнай кансэрваторыі, а пасьля, ужо ў савецкія часы, кіраваў дзяржаўным хорам. Напісаў кніжку для самавукаў – як навучыцца нотнае граматы.

12 кастрычніка 1935 году нарадзіўся знакаміты італьянскі тэнар Лучыяна Павароці. Чаго ён толькі не перасьпяваў за сваё жыцьцё! А яшчэ Павароці праславіўся сваімі захадамі дзеля папулярызацыі опэры, бо ён шмат сьпяваў на адкрытых пляцоўках і ў гарадзкіх парках, выступаў разам з рок-музыкамі і эстраднымі сьпевакамі.
XS
SM
MD
LG