Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат ад ПКБ у Віцебску пераканаў акруговую камісію не касаваць ягоную рэгістрацыю


Браніслава Станкевіч, Віцебск Акруговая камісія 20-й Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі хацела скасаваць рэгістрацыю Аляксандру Вінаградаву за распаўсюд улётак “Скажы на рэфэрэндуме “НЕ!”

Паседжаньне камісіі пачалося з чытаньня скаргаў, якія нібыта даслалі ў камісію асабліва пільныя грамадзяне, занепакоеныя агітацыяй супраць Аляксандра Лукашэнкі. Аднак спадар Вінаградаў падазрае, што скаргі былі сфальсыфікаваныя: па-першае, усе 7 допісаў чамусьці прыйшлі ў камісію ў адзін дзень, а па-другое, прыкладзеныя да іх улёткі з партрэтам кандыдата былі не сапраўднымі, а вырабленымі з дапамогаю ксэраксу.

Але камісія не зьвярнула ўвагі ні на гэтыя акалічнасьці, і намесьнік старшыні прапанаваў скасаваць рэгістрацыю кандыдата. Толькі прысутнасьць журналістаў ды назіральнікаў ад АБСЭ крыху зьменшыла імпэт камісіі, хаця чацьвёра прадстаўнікоў з 12 усё адно патрабавалі адхіліць кандыдата.

Астатнія сябры камісіі прагаласавалі за тое, каб абвесьціць спадару Вінаградаву папярэджаньне. Праўда, на вельмі дзіўных, з пункту погляду міжнародных назіральнікаў ды выбарчага заканадаўства, умовах: да 13 кастрычніка ён мусіць прадставіць камісіі нявызначанага кшталту дакумэнты, якія засьведчаць тое, што ні ён, ні сябры ягонай ініцыятыўнай групы незаконнай агітацыі не праводзілі.

Калі гэтыя дакумэнты не пераканаюць камісію, або зьявяцца новыя скаргі “пільных грамадзянаў”, рэгістрацыю Аляксандру Вінаградаву скасуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG