Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлін пачынае рэагаваць на заявы Лукашэнкі ў бок Нямеччыны


Ул. інф. Бэрлін нарэшце пачынае рэагаваць на нядаўнія абвінавачваньні афіцыйнага Менску адносна таго, што ўсе беды ў Беларусь ідуць зь Нямеччыны. Нямецкія палітыкі абмяркоўвалі сёньня публікацыі ў такіх уплывовых выданьнях, як Stern, Frankfurter Allgemeine і іншыя. Размова ідзе пра агучаныя беларускім кіраўніком ды беларускай нацыянальнай тэлевізіяй доказы ўкараненьня немцамі ў Беларусь наркотыкаў, прастытуцыі, гомасэксуалізму. Нашая карэспандэнтка датэлефанавалася ў Бундэстаг да прадстаўніцы апазыцыйнай фракцыі ХДС/ХСС Клаудыі Нольтэ.

Паводле хрысьціянскай дэмакраткі, дакладчыцы па справах Беларусі Клаўдыі Нольтэ, час для чарговай дыскрэдытацыі Захаду абраны беларускім кіраўніком невыпадкова.

(Нольтэ: ) “Трэба сказаць, што час ад часу з боку пэўных асобаў парушаюцца пэўныя нормы вядзеньня міжурадавых кантактаў. Весьці дыскусіі па-за межамі пэўнага стылю ў Бэрліне, напэўна, лічаць немагчымым. Увогуле, гэта ёсьць кампэтэнцыяй МЗС, неяк рэгуляваць на гэткія рэчы. Асабіста мае ўражаньні, якія я атрымала на мінулым тыдні, наведаўшы Менск, наступныя: Лукашэнка выкарыстоўвае ўсе сродкі, каб дыскрэдытаваць Захад. І час, які ён абраў дзеля гэтага, а менавіта напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму – невыпадковы. Так я лічу”.

Нямецкія хрысьціянскія дэмакраты згодныя з тымі высновамі, якія ўтрымліваюцца ў сёньняшніх публікацыях адносна бездапаможнасьці Бэрліна ў беларускім пытаньні.

Сапраўды, прапановы нямецкай апазыцыі ў часе апошніх дэбатаў у Бундэстагу на конт стварэньня замежнага радыёвяшчаньня на Беларусь, адкрыцьця ЭГУ ў выгнаньні у Бэрліне і іншыя прапановы пакуль не знайшлі падтрымкі з боку парлямэнцкай большасьці.

Аднак, паводле сакратара Клаўдыі Нольтэ, хрысьціянскія дэмакраты ўжо дамовіліся з кіроўнай кааліцыяй Бундэстагу – сацыял-дэмакратамі, што да вырашэньня беларускага пытаньня яны хуткім часам вернуцца разам. Галоўнае, трэба дачакацца таго, што адбудзецца ў Менску ў нядзелю.
XS
SM
MD
LG