Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Грыбоўскі: “Бітва пад Монтэ-Касіна — белая пляма беларускай гісторыі”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Яшчэ адзін непрыкметны юбілей, яшчэ адны незаўважаныя ў нашай дзяржаве ўгодкі: 60 гадоў таму адбылася бітва пра Монтэ-Касіна, у якой на баку антыгітлераўскай кааліцыі бралі ўдзел тысячы беларусаў, а прозьвішчы 180 зь іх можна прачытаць на мэмарыяльным монтэ-касінскім могільніку. Замоўчваньне тым больш незразумелае ў час, калі ўлада шырока адзначыла вызваленьне Беларусі ды рыхтуецца да сьвяткаваньня ўгодкаў перамогі ў той самай вайне. І вось днямі ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выходзіць унікальная кніга “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”. Яе аўтар і складальнік малады гісторык Юры Грыбоўскі з намі ў студыі.

(Міхась Скобла: ) “Юры, у найноўшай 18-томавай “Беларускай энцыкляпэдыі” ёсьць горад Монтэ-Альбан, порт Монтэ-карла, горны масіў Монтэ-Роза. А Монтэ-Касіна няма. Дык што гэта за мясьціна і якое дачыненьне яна мае да Беларусі?”

(Юры Грыбоўскі: ) “Пару гадоў таму я падрыхтаваў энцыкляпэдычны артыкул пра бітву за Монтэ-Касіна і ўдзел у ёй беларусаў. Але ён не ўвайшоў у энцыкляпэдыю, і прычынаў мне ніхто не патлумачыў. Таму, відаць, сапраўды варта сказаць, што Монтэ-Касіна — гэта ўзвышша, якое знаходзіцца на поўдзень ад італьянскай сталіцы Рыму. На ім знаходзіцца сярэднявечны кляштар сьвятога Бэнэдыкта, збудаваны, калі не памыляюся, у ХІV стагодзьдзі. Але праславілася Монтэ-Касіна ў гады другой усясьветнай вайны, у 1944 годзе, калі войскі заходніх хаўрусьнікаў ужо знаходзіліся на Апэнінскай паўвысьпе й рухаліся на поўнач, то акурат на поўдзень ад Рыму праходзілі дзьве ўмацаваныя нямецкія лініі абароны “Густава” й “Гітлер”. Некалькі разоў 5-я армія ЗША і 8-я брытанская армія рабілі спробы авалодаць узвышшам, праламаць гэтыя лініі, але ўсе штурмы заканчваліся безвынікова. І толькі калі ў 1944 годзе ў штурме ўзялі ўдзел жаўнеры 2-га польскага корпусу генэрала Андэрса, вынік быў дасягнуты”.

(Скобла: ) “Армія генэрала Андэрса — даволі таямнічае вайсковае фармаваньне. Дзесьці ў глыбіні Расеі раптам узьнікае 75-тысячная польскае войска, якое цераз Іран і Эгіпэт перапраўляецца ў Італію. Адкуль столькі ваеннаабавязаных палякаў у 1941 годзе ў Расеі?”

(Грыбоўскі: ) “Галоўнай крыніцай рэкрутацыі сталі грамадзяне даваеннай польскай дзяржавы, якія на той момант знаходзіліся на тэрыторыі СССР у якасьці ваеннапалонных і спэцпасяленцаў пасьля 1939 году, калі Польшча была падзеленая паміж гітлераўскай Нямеччынай і сталінскім Савецкім Саюзам. Згодна з польскімі зьвесткамі, іх агульная колькасьць складала каля 400 тысяч чалавек — афіцэраў і жаўнераў”.

(Скобла: ) “Калі іх вывозілі, афіцэраў пакінулі ў Катыні, а жаўнераў павезьлі далей, як дармавую рабочую сілу”.

(Грыбоўскі: ) “Так. Ваеннапалонныя разьмяшчаліся ў Гразавецкім, Суздальскім, Старабельскім і Юскім лягерах ваеннапалонных. Апрача таго, Андэрс набіраў і грамадзянаў, дэпартаваных органамі НКВД з тэрыторыі Беларусі й Заходняй Украіны зь лютага 1940 па чэрвень 1941 году.

Беларусаў сярод ваеннапалонных на ліпень 1941 году было 2848 чалавек, сярод якіх толькі 111 адмовіліся ўступаць у Польскую армію. Тым часам, сярод дэпартаваных дакладную лічбу нашых землякоў вызначыць складана. Вядома, што сярод 120 тысяч дэпартаваных (лесьнікі, асаднікі, урадаўцы, паліцыянты, заможныя сяляне, дзеячы некамуністычных партыяў) з Заходняй Беларусі ў глыбіню СССР беларусы складалі ня менш за 20 тысяч чалавек. Менавіта сярод гэтай катэгорыі былых польскіх грамадзянаў знаходзіліся пісьменьнік Пятро Сыч і будучы прэзыдэнт БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

30 ліпеня 1941 году пад ціскам брытанскага боку была падпісаная дамова паміж савецкім урадам і польскім эміграцыйным урадам генэрала Ўладзіслава Сікорскага ў Лёндане. У адпаведнасьці з гэтай дамовай былыя ворагі ператварыліся ў хаўрусьнікаў і ўзнавілі дыпляматычныя адносіны. У СССР была адчынена польская амбасада на чале са Станіславам Котам. Неўзабаве, 14 жніўня 1941 году, была падпісаная савецка-польская вайсковая дамова, згодна з якой на тэрыторыі Савецкага Саюзу пачалося стварэньне Польскай арміі пад камандаваньнем генэрала Ўладзіслава Андэрса. Першапачаткова штаб гэтай арміі кватараваўся ў Маскве, аднак 12 верасьня 1941 году ён быў перамешчаны ў мястэчка Бузулук Арэнбургскай вобласьці. Месцамі дысьлякацыі першых двух злучэньняў былі абраныя мястэчка Тоцкае Чкалаўскай вобласьці (5-я пяхотная дывізія) і мястэчка Тацішчава Саратаўскай вобласьці (6-я пяхотная дывізія)”.

(Скобла: ) “Вы пішаце, што беларусы, паступаючы да Андэрса, пісаліся палякамі. Чаму?”

(Грыбоўскі: ) “Праз уступленьне ў Армію Андэрса беларусы мелі магчымасьць вырвацца з “савецкага раю”, дзе яны напоўніцу зьведалі сталінскі рэжым — прымусовую калектывізацыю, арышты й дэпартацыі ў Сібір, сьмерць блізкіх і родных ад голаду й холаду падчас знаходжаньня ў месцах спэцпасяленьняў. Як адзначаў у сваіх нататках польскі амбасадар Кот, “сяляне-беларусы з імпэтам ідуць у польскую армію, дасюль не заўважаныя сярод іх выпадкі нежаданьня…” На 1 сакавіка 1942 года Андэрс набраў каля 75 тысяч жаўнераў. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі польскага камандаваньня, беларусы сярод эвакуаваных вайскоўцаў складалі 1397 чалавек. Аднак, насамрэч іх колькасьць была значна большай і складала ня менш за 6 тысяч эвакуаваных.

Добраахвотнае “апалячваньне” адбывалася таксама пад уплывам палітычных умоваў, у якіх праходзіла мабілізацыя ў Польскую армію. Так, у сьнежні 1941 году савецкі ўрад зарыентаваўся ў тым, што мабілізацыя ў Армію Андэрса непалякаў можа нашкодзіць інтарэсам СССР у спрэчках з Польшчай у пытаньнях пасьляваеннай дзяржаўнай прыналежнасьці Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны. Савецкі бок асьцерагаўся, што прысутнасьць сярод польскіх вайскоўцаў беларусаў і ўкраінцаў дазволіць ураду Сікорскага аргумэнтаваць знаходжаньне заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх тэрыторыяў у складзе Польшчы.

У сувязі з гэтым 25 сьнежня 1941 году Дзяржаўны камітэт абароны СССР выдаў распараджэньне, якім забаранялася мабілізацыя ў Армію Андэрса прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. Каб патрапіць у Армію Андэрса, палякамі назваліся нават такія вядомыя беларусы, як Пятро Конюх, Пятро Сыч, Хведар Кажаневіч ды іншыя. Хведар Кажаневіч прыгадвае: “Я ўбачыў вельмі шмат беларусаў і ўкраінцаў, якіх палякі не прымалі ў армію, даведаўшыся, што яны не палякі. Даведаўшыся аб гэтым, я быў вымушаны схаваць той факт, што я зьяўляюся беларусам… Было мне тады толькі 17 гадоў”.

(Скобла: ) “Людзкія страты пад Монтэ-Касіна склалі 52 тысячы чалавек. Гэта вельмі шмат. Жаўнераў гналі на ўмацаваныя бункеры, як штрафнікоў. Ну навошта было такім коштам здабываць тое Монтэ-Касіна?”

(Грыбоўскі: ) “Вы, відаць, маеце рацыю. Ускладняў сытуацыю і ляндшафт. Монтэ-Касіна — гэта гарыстая непрыступная мясцовасьць, становішча для абаронцаў проста ідэальнае!”

(Скобла: ) “З тысячаў беларусаў, што ўдзельнічалі ў бітве пад Монтэ-Касіна, сёньня ў Беларусі застаўся ў жывых толькі адзін чалавек — 92-гадовы Якуб Конан. Ён з намі на тэлефоннай сувязі зь мястэчка Бярэзінскае Маладэчанскага раёну”.

(Якуб Конан: ) “З нашай пяхотнай 5-й дывізіі мала хто застаўся. З нашага боку такі агонь усю ноч вёўся па немцах, што мы думалі — капут немцам. Але яны адседзеліся ў бункерах, выдзеўбаных у скалістых горах. Нічога мы не зрабілі ім гэтым агнём. І як выйшла наша дывізія пяшочкам пад гэтыя горы, так уся й лягла там… Беларусаў і ўкраінцаў вельмі многа было”.

(Скобла: ) “Пасьля перамогі Якуб Конан вырашыў вярнуцца дахаты”.

(Конан: ) “Дык жа радзіма цягнула!.. Стала мяне так мучыць, невыносна зрабілася. Ехаў і думаў: ці ўбачуся з роднымі, ці ўжо ня ўбачуся. Ведаў, што могуць далей павезьці. І павезьлі — і руднікі прайшоў, і Сібір усю… У Беларусі з усіх андэрсаўцаў я толькі адзін застаўся”.

(Скобла: ) “Скажыце, Юры, ці былі беларусы пад Монтэ-Касіна на кіраўнічых пасадах, ці выкарыстоўваліся як “гарматнае мяса”?”

(Грыбоўскі: ) “Бальшыня беларусаў — гэта пераважна стральцы, старшыя стральцы, капралы, сяржанты. У кнізе “Беларусы пад Монтэ-Касіна” зьмешчаны сьпіс 180 палеглых, дзе прыведзеныя расшуканыя ў архівах зьвесткі: даты й месцы нараджэньня, веравызнаньне, вайсковыя званьні. Спэўнім, ці былі сярод беларусаў афіцэры. Былі. Вызначыліся гераізмам падчас бітвы й загінулі сьмерцю герояў падпаручнік Часлаў Лазічонак, паручнік Леанід Федарук ён нават быў пасьмяротна ўзнагароджаны найвышэйшай польскай вайсковай узнагародай ордэнам “Virtuti Militari”. Увогуле, 80 беларусаў атрымалі высокую польскую вайсковую ўзнагароду — Крыж Змагарных, 45 — Срэбны Крыж Заслугаў зь Мячамі й 7 — Залаты Крыж Заслугаў з Мячамі.

Удзельнік бітвы Антон Міхалеўскі зь Вялейшчыны меў годнасьць капітана, праўда, быў каталіцкага веравызнаньня, што, відаць, паспрыяла ягонай вайсковай кар’еры. Усе яны пахаваныя на могілках Монтэ-Касіна, дзе праводзяцца ўшанаваньні палеглых”.

(Скобла: ) “Хведар Кажаневіч, які жыве ў Манчэстэры, можна сказаць, нелегальна ўдзельнічаў ва ўшанаваньні палеглых на 35-я ўгодкі бітвы, у 1979 годзе. Вось як гэта адбывалася”.

(Хведар Кажаневіч: ) “Мы былі ўтрох — Віктар Сянкевіч, айцец Кастусь Маскалік і я. Сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасьцямі, паколькі ня мелі афіцыйнага запрашэньня. Дапамагло тое, што з намі ў машыне быў сьвятар, італьянцы як пабачылі яго, то й прапусьцілі нас на гару. Мы прынесьлі прыгожы вялікі вянок зь бел-чырвона-белымі стужкамі й надпісам па-беларуску: “Яны змагаліся за нашу й вашу свабоду”. Нягледзячы на гэта, палякі паставіліся да нас непрыхільна, але забараніць не маглі, бо ўжо было ім запозна. Самі могілкі вельмі прыгожыя, у галаве — вядома ж, польскі Белы Арол”.

(Скобла: ) “Спадар Хведар, сёньня ў Беларусі добраўпарадкаваныя помнікі загінулым у мінулай вайне. Але да гэтай пары беларуская дзяржава не ўшанавала тых беларусаў, што загінулі пад Монтэ-Касіна. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Кажаневіч: ) “Вельмі прыкра, што беларускі ўрад гэтым не зацікавіўся. Вельмі прыкра. Ва ўсім сьвеце вядомая гэтая бітва. Урад павінен зьвярнуцца да італьянскіх і польскіх уладаў, каб ушанаваць памяць загінулых. Гэта прэстыж дзяржавы. З другога боку, ёсьць яшчэ адна прыкрая зьява. Тыя андэрсаўцы, якія вярнуліся дахаты, былі дэпартаваныя саветамі ў Іркуцкую вобласьць. Але калі іх адпусьцілі ў 1956-м, то амаль ніхто зь іх не вярнуўся ў Беларусь, усе паехалі ў Польшчу. У Польшчу, якая заўсёды была мачахай для нас! Гэта вельмі прыкрая зьява”.

(Скобла: ) “Юры, Хведар Кажаневіч прыгадаў, што тыя беларусы, якія вярнуліся дахаты, былі вывезеныя ў Іркуцкую вобласьць. Ці многа было такіх?”

(Грыбоўскі: ) “Дахаты, у Беларусь, цягам 1946–48 гадоў вярнулася каля тысячы былых жаўнераў Арміі Андэрса. Спачатку савецкі ўрад заахвочваў іх да вяртаньня, абяцаў працаўладкаваньне й г.д. Але савецкая палітыка толькі вонкава нагадвала добразычлівую. З самага пачатку стаўленьне саветаў да жаўнераў заходніх хаўрусьнікаў было варожае. Так, у фільтрацыйных справах мелася рубрыка “Ці служыў у варожых фармаваньнях”, дзе супрацоўнікі рэпатрыяцыйных органаў нярэдка занатоўвалі: “Служыў у арміі здрадніка генэрала Андэрса”.

У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 году органы МВД правялі масавую акцыю па арышце й дэпартацыі 890 андэрсаўцаў, якія былі дэпартаваныя ў Сібір. І пасьля вызваленьня ў 1956-м яны былі вымушаныя хаваць свой удзел у вайне. Толькі ў 1993 годзе, згодна з новым Законам аб вэтэранах, былыя жаўнеры Арміі Андэрса атрымалі статус паўнапраўных удзельнікаў вайны, якія змагаліся супраць гітлераўскай навалы. Аднак на той час у Беларусі жылі толькі 12 былых удзельнікаў бітвы за Монтэ-Касіна. На 2004 год, як ужо гаварылася, у Беларусі застаўся ў жывых толькі адзін удзельнік бітвы — Якуб Конан”.

(Скобла: ) “Як склаўся лёс тых жаўнераў, якія засталіся на Захадзе?”

(Грыбоўскі: ) “Пасьля дэмабілізацыі многія абралі ў якасьці сталага месца жыхарства Вялікабрытанію, Францыю, Канаду, Бэльгію, краіны Лацінскай Амэрыкі. Нацыянальным ядром беларускага вэтэранскага руху стала сотня былых выхаванцаў камандзірскай школы Беларускай краёвай абароны (БКА) ды іншых беларускіх нацыянальных фармаваньняў, якія ўліліся ў Армію Андэрса ў 1945 годзе. Сярод іх былі Юры Весялкоўскі, Павал Навара, Янка Міхалюк, Кастусь Акула, Віктар Сянкевіч, Аляксандар Надсан, Аркадзь Міклашэвіч (брат Ларысы Геніюш)…

Пра іхны баявы настрой сьведчыць ліст Тодара Цімафейчыка, які, знаходзячыся ў шэрагах 2-га Польскага корпусу, у студзені 1945 году пісаў да айца Часлава Сіповіча: “Нягледзячы на тое, што лёс закінуў нас у чужую і ад веку варожую армію, мы заўсёды будзем адданыя прысязе, прынятай перад абліччам беларускага народу й нашага прэзыдэнта”. Неўзабаве сярод вайскоўцаў 2-га Польскага корпусу паўстаў беларускі нацыянальны рух. Беларускія жаўнеры наладзілі сувязь з Радай БНР у Парыжы й атрымлівалі адтуль газэту “Беларускія Навіны”. Беларускую дзейнасьць сярод польскіх вайскоўцаў падтрымлівалі грэка-каталіцкія сьвятары айцец Часлаў Сіповіч і айцец Леў Гарошка, у памяшканьні якіх адбываліся нарады вайскоўцаў. 25 сакавіка 1946 году імі было наладжанае сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня БНР. А ў 1947 годзе на Ўстаноўчым зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі прысутнічала каля 150 былых вайскоўцаў-беларусаў, яны актыўна ўлучыліся ў грамадзкае жыцьцё”.

(Скобла: ) “На Монтэ-Касіна быў цэлы інтэрнацыянал: палякі, беларусы, ангельцы, амэрыканцы, нават індусы. Як трактуецца бітва ў другіх краінах, у той жа Польшчы, Вялікабрытаніі?”

(Грыбоўскі: ) “У сьвеце выходзяць цэлыя стосы гістарычнай літаратуры пра Монтэ-Касіна. Тут можна прыгадаць 3-томавы твор “Бітва за Монтэ-Касіна” паляка Мэльхіёра Ваньковіча, які ўславіў мужнасьць польскіх жаўнераў. А ў Беларусі нават на 60-я ўгодкі ўдзел тысяч беларусаў у адной з найкрывавейшых бітваў другой усясьветнай вайны застаецца амаль невядомым. Бітва пад Монтэ-Касіна застаецца белай плямай нашай гісторыі. Дасюль на монтэ-касінскіх могілках ня ўзьняты беларускі нацыянальны сьцяг, а на бацькаўшчыне няма помніка нашым суайчыньнікам, якія палеглі за волю Беларусі ў далёкай Італіі. Наша кніга нейкім чынам кампэнсуе гэты прагал у нацыянальнай гісторыі. На жаль, вось гэтая кніга, “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”, выдадзеная мізэрным накладам 300 асобнікаў, — адзіны пакуль помнік нашым суайчыньнікам, што знайшлі сабе вечны спачын у італьянскай зямлі”.
XS
SM
MD
LG