Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гародня на Віцебшчыне


Ягор Маёрчык, Гародня, Шумілінскі раён Віцебшыны (эфір 11 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Самы стары жыхар вёскі Гародня Парфён Дубінін, перамагаючы слабасьць і боль у нагах, грабе толькі што скошаную траву. Каб ён зьбіраў сена, не было бы нічога дзіўнага. А тут на полі расьце маленькі стажок зялёнага колеру.

(Парфён Дубінін: ) “Цэлы гектар кашу і карову кармлю. Я для яе кашу, але вывесьці яе ў мяне сілаў няма. У хляве трымаю. Яна вырвецца і пабяжыць. А я ж хадзіць не магу! Што я тады буду рабіць?”

(Карэспандэнт: ) “Сама прыбяжыць, калі есьці захоча”.

(Парфён Дубінін: ) “У мяне шэсьць дачок. Усе прыяжджаюць і працуюць: адныя прыяжджаюць, а іншыя ад’яжджаюць. А квіткі ж дарагія! А ня будзеш зь імі разьлічвацца, яны не паедуць, бо няма на што жыць. Цяпер вось як прыдумалі: дзелімся. Я атрымаў пэнсію, значыць, трэба дачушкам ручкі пазалаціць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы што-небудзь чулі пра выбары?”

(Парфён Дубінін: ) “Гаварылі па тэлевізары пра выбары. Дэпутатаў будзем выбіраць, а калі гэта будзе, я праслухаў”.

(Карэспандэнт: ) “Сельсавет ваш дзе знаходзіцца?”

(Парфён Дубінін: ) “Сельсавет раней у Шуміліне быў, а цяпер ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Улады прыяжджаюць ды цікавяцца, якія праблемы і чым дапамагчы?”

(Парфён Дубінін: ) “Старшыня цікавіўся”.

(Карэспандэнт: ) “А калі старшыня сельсавету тут быў апошні раз?”

(Парфён Дубінін: ) “Вясною”.

Тэрытарыяльная рэформа раённага маштабу — гэта калі на Шуміліншчыне, што ў Віцебскай вобласьці, наноў нарэзалі межы сельсаветаў а заадно чарговы раз пааб’ядноўвалі калектыўныя гаспадаркі. Уладзімер Камароў некалькі год на заслужаным адпачынку. Быў кіроўцам і ня меў праблемаў з транспартам: прывезьці ці адвезьці нешта прыватнае можна было на калгаснай машыне. На пэнсіі такой магчымасьці няма. І каб не залежаць ад спагады кіраўніка гаспадаркі, склаліся з суседам і набылі коніка.

(Камароў: ) “Аб’ядналі два калгасы. І адзін быў бедны, і другі”.

(Карэспандэнт: ) “Багацейшыя сталі?”

(Камароў: ) “Тое самае. Дзе багацейшыя? А па зводцы гляжу, наш калгас “Прыазёрны” займае апошняе месца. Нічога ад гэтага не выйграецца! Працоўнай сілы няма, таму яны і аб’ядноўваюцца. Тут калгас быў за пяць кілямэтраў. Выпісаць збожжа ці змалаціць — хто подзе ў такую далеч?”

(Карэспандэнт: ) “Сельсавет далёка цяпер?”

(Камароў: ) “Далёка! Кілямэтраў пятнаццаць. Паспрабуй туды пехам дабрацца! Аўталаўка прыходзіць два разы на тыдзень: панядзелак і чацьвер”.

(Карэспандэнт: ) “Што людзі набываюць у аўталаўцы?”

(Камароў: ) “Хлеб, віно і гарэлку”.

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, людзі п’юць?”

(Камароў: ) “Некаторыя п’юць і такім жа запіваюць. Тады ўсе гэтыя пастухі ляжаць п’яныя”.

Пастухоў я засьпеў у полі за некалькі сотняў мэтраў ад Гародні. Самым сьмелым аказаўся Генадзь. Вяглядае ён так: няма сарака, няголены загарэлы твар, выцьвілая гімнасьцёрка, порткі з абвіслымі каленямі, на нагах — гумовыя чобаты. На першы погляд, цьвярозы.

(Карэспандэнт: ) “У вёсцы шмат маладых?”

(Генадзь: ) “Пяць-шэсьць чалавек. Працуюць толькі чацьвёра”.

(Карэспандэнт: ) “Было аб’яднаньне калгасаў. Сытуацыя нейкім чынам памянялася?”

(Генадзь: ) “А нам якая розьніца? Як было так і засталося”.

(Карэспандэнт: ) “А што з заробкамі? Памятаеце, у 2001 годзе, калі былі выбары прэзыдэнта, Аляксандар Лукашэнка абяцаў сто даляраў — 200 тысяч”.

(Генадзь: ) “Травеньскі нам аддалі — 70. Хутка мусяць за чэрвень аддаць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці чулі людзі ў вёсцы што-небудзь пра выбары?”

(Генадзь: ) “Я выбарамі не цікаўлюся, калі пра іх гавораць, нават тэлевізар выключаю. Цяпер па тэлевізары глядзець няма чаго: адныя савецкія фільмы і Лукашэнка балбоча. Ён б’ець кулакам у грудзі, а сам… Ці робіць ён што? Крычаў: будуць вам заробкі й калгасы падымем”.

(Карэспандэнт: ) “Падняў?”

(Генадзь: ) “Так! Наадварот яны разваліліся. Які сэнс з гэтай палітыкі?”

(Карэспандэнт: ) “Абяруць новы склад парлямэнту. Ён нешта будзе вырашаць у краіне, у Беларусі зьменіцца сытуацыя”.

(Генадзь: ) “Колькі я жыву, нічога яшчэ не зьмянілася”.

Пасьля знаёмства з Генадзем мне было прасьцей уразумець састарэлую Тамару Іваноўскую. Муж памёр. Спадзяваньні на сына ня спраўдзіліся: пасьвіць калгасны маладняк, маці нічым не дапамагае. На мізэрны заробак набірае чарнілаў, а па закуску прыходзіць да старой.

(Іваноўская: ) “Ай! Добрага ў жыцьці няма! Пра гэта трэба сказаць адкрыта!”

(Карэспандэнт: ) “Што здарылася?”

(Іваноўская: ) “Раней мы былі маладзейшыя і сіла ў нас была, а цяпер сілы няма, мы безабаронныя”.

(Карэспандэнт: ) “А вас нехта крыўдзіць?”

(Іваноўская: ) “Усе мяне крыўдзяць. Жыцьцё маё нярадаснае. Цяпер жыцьцё зусім іншае, і вы самі гэта разумеце. І ня трэба пра гэта запытвацца! Раней на кніжках было, а цяпер усё пасьпісвалі. Абутак далі — і добра!”

(Карэспандэнт: ) “За што вам далі боты?”

(Іваноўская: ) “За тое, што ў банк некалі грошы паклала”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта калі паабяцалі кампэнсацыю акладаў?”

(Іваноўская: ) “Так. Тады нам ня грошы давалі, а ідзі ў краму і бяры боты. За мой уклад нам далі дзьве пары. А што там тыя боты? Адзін раз надзеў, яны і разваліліся”.

Тамара Іваноўская зайздросьціць аднавяскоўцы Мані Дубінінай. А баба Маня — спадарыні Іваноўскай. Наша новая знаёмая жыве на два дамы: адзін тут, у вёсцы, а другі ў горадзе. Баба Тамара марыць пра дапамогу, а спадарыні Дубінінай увага ня ў радасьць. Яна прагне спакою і самотнасьці.

(Маня Дубініна: ) “Сын памёр, а нявестка засталася. Я раней тут жыла, але цяпер ужо не магу, дык я зімою ў нявесткі была, а на лета сюды прыехала”.

(Карэспандэнт: ) “А нявестка дзе?”

(Маня Дубініна: ) “У Наваполацку”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўсё жыцьцё пражылі ў вёсцы, а цяпер вас забіраюць у горад. Як у горадзе жывецца?”

(Маня Дубініна: ) “Сядзіш там і нікуды ня выйдзеш. Тут я выйду на траўку, а так нічога болей не магу, нават хадзіць не магу”.

(Карэспандэнт: ) “А што дактары пра ногі кажуць? Можна неяк вылячыць?”

(Маня Дубініна: ) “Паміраць трэба ды не лячыцца. Э-э-х! Памерла бы хутчэй, але сьмерці няма. Не хачу жыць”.

Каму ў Гародні і жывецца добра, дык гэта пчаляру Мікалаю Цуранаву. Яго я засьпеў на падворку. Накатаўшы мёду, ён аглядае рамкі сотаў.

(Цуранаў: ) “Хлеб ёсьць. Сала навалам. Бульба расьце. Грошай навалам!”

(Карэспандэнт: ) “І грошай навалам?! Ды няўжо вы іх самі друкуеце?”

(Цуранаў: ) “У мяне мёд ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Як сёлетні ўраджай? Мёд сёлета будзе?”

(Цуранаў: ) “Дагэтуль не было”.

(Карэспандэнт: ) “Будзе мала мёду — будуць высокія цэны”.

(Цуранаў: ) “Яны і так добрыя. Паўлітровы жбанок, 750 грамаў — 8 тысяч. А на кірмаш я ня ежджу. У мяне ў хаце бяруць. Ёсьць знаёмыя. Яны бралі й ведаюць, што ён не сфальшаваны”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі палітыкай у вёсцы цікавяцца? Што пра гэта кажуць?”

(Цуранаў: ) “Канечне, усе ведаюць. Пазьняк зьбёг у Амэрыку. А цяпер Лябедзька ад гэтай самай… Як яе?… Хакамады торбу з грошамі адхапіў. Але яго паймалі. Трэба ім во!”

(Карэспандэнт: ) “Вы так нажом перада мной не махайце!”

(Цуранаў: ) “Ім трэба японскую харакіру зрабіць! Калі Лукашэнка вядзе краіну, хай гэта і надалей робіць. Сала ёсьць. Масла ёсьць, і віна навалам. А што табе яшчэ патрэбна?”

(Карэспандэнт: ) “Чулі што-небудзь пра выбары ў парлямэнт?”

(Цуранаў: ) “У парламент чуў. А ў парлямэнт — не! Адзін там сказаў Лукашэнку пра парлямэнт, дык той яго перадражніў сем разоў”.

(Карэспандэнт: ) “Добра. Вы чулі, што будуць выбары ў Нацыянальны сход?”

(Цуранаў: ) “Чуў”.

(Карэспандэнт: ) “Галасаваць пойдзеце?”

(Цуранаў: ) “І толькі за Лукашэнку!”

(Карэспандэнт: ) “А ён будзе абірацца?”

(Цуранаў: ) “Хай бы і там быў”.
XS
SM
MD
LG