Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы — як салдаты, што заляглі на нэўтральнай паласе пасьля няўдалай атакі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія нашы слухачы лічаць, што вынікі выбараў і рэфэрэндуму, што адбудуцца праз тыдзень, 17 кастрычніка, прадвызначаныя. Каб сьцьвярджаць так, ёсьць нямала важкіх падставаў. Аўтары лістоў на Свабоду спрабуюць разабрацца, чаму ў Беларусі стаў магчымы такі сцэнар. Ліст на гэтую тэму ад Ільлі Копыла зь Менску. Слухач піша:

“Усе кажуць — апазыцыя слабая. Часам гэтым грашу і я. Даём ёй парады: як агітаваць, як ісьці ў народ, як хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй… Але калі мы такія разумныя, чаму б каму-небудзь з нас самому не ўзначаліць партыю, абрацца дэпутатам, паказаць сябе… І калі наша апазыцыя такая слабая — чаму ж тады ўлада супраць слабога апанэнта кінула ўвесь свой рэпрэсіўны апарат ды адміністратыўны рэсурс? Ужываюць падман, хлусьню, ашуканства, ціск, пагрозы, забароны, арышты, штрафы, канфіскацыі. І гэта пры тым, што Палата прадстаўнікоў — бездапаможны орган улады, які нічога не вырашае і знаходзіцца цалкам пад кантролем прэзыдэнта.

Моц апазыцыі — у падтрымцы насельніцтва. Гэта ведаюць і апазыцыя, і ўлада. Каб адлучыць насельніцтва ад апазыцыі, улада спачатку ўжыла дубінкі й арышты, потым дэкрэтам Лукашэнкі былі ўведзены вялізныя штрафы. Пазьней сталі зьнішчаць незалежныя мэдыі. І, нарэшце, была ўведзена кантрактная сыстэма на прадпрыемствах і ва ўстановах. У выніку цяпер сувязі паміж апазыцыяй і насельніцтвам амаль няма”.

Далей у сваім лісьце наш слухач Ільля Копыл зь Менску разважае пра тое, чаму напярэдадні рэфэрэндуму ўлада зьліквідавала Партыю працы. З тымі, хто лічыць гэту партыю самым слабым зьвяном апазыцыі, спадар Копыл не пагаджаецца. Ён піша:

“Гэтую партыю ўлада ліквідавала не таму, што яна самая слабая, а таму, што яна магла стаць самай моцнай і небясьпечнай для рэжыму. Сябры гэтай партыі працуюць на прадпрыемствах, сярод рабочых. І адзін партыец там можа зрабіць больш, чым іншая партарганізацыя, поле дзейнасьці якой — уласны офіс. Я ведаю гэта з уласнага досьведу, бо пасьля звальненьня з войска 15 гадоў працаваў на заводзе”.

Цяжка меркаваць, спадар Копыл, наколькі вялікім быў патэнцыял Партыі працы. Зважаючы на тое, што за некалькі гадоў свайго існаваньня яна не стала прыкметнай зьявай, магчымасьці былі ня надта вялікія. Першай ахвярай яе выбралі, хутчэй за ўсё, у якасьці ўзору — каб іншыя партыі пабачылі, як хутка і проста іх могуць зьліквідаваць. А ўвогуле, у сёньняшніх беларускіх умовах, пры цяперашняй выбарчай сыстэме цяжка ўявіць палітычную партыю, якая б магла стаць магутнай і ўплывовай. Без карэннай зьмены выбарчага заканадаўства, бяз выбараў паводле партыйных сьпісаў гэта і немагчыма зрабіць — увесь міжнародны досьвед гэта даказвае.

Ліст ад Васіля Самусевіча са Стоўпцаў. Слухач піша:

“Калі ў Аляксандра Лукашэнкі сапраўды такі высокі рэйтынг, як гавораць усе дзяржаўныя тэлеканалы, дык чаму тады ўлады не дапусьцілі ў выбарчыя камісіі сяброў апазыцыі? Чаго ім баяцца, калі толькі яны не зьбіраюцца махляваць і фальшаваць вынікі галасаваньня?

Цяпер ад многіх можна пачуць, што, маўляў, няма альтэрнатыўнага палітыка. Але згадайце, якімі яркімі палітыкамі былі Ганчар, Захаранка, Карпенка. Яны маглі скласьці выдатную канкурэнцыю Лукашэнку. Дзе яны цяпер? Хто вінаваты ў іхным зьнікненьні? А колькі палітыкаў, апасаючыся за сваё жыцьцё, уцяклі за мяжу — як Пазьняк і Шарэцкі. Колькі сядзіць у турмах! Колькі проста маўчыць, бо гаварыць сёньня небясьпечна. Яркія разумныя асобы (кшталту Машэрава) зьявяцца тады, калі ў Беларусі ня будзе таталітарнай улады і калі зьнікне страх”.

Думаю, варта, спадар Самусевіч, нагадаць, што названы вамі ў якасьці прыкладу першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў кіраваў савецкай Беларусьсю ў той час, калі рэжым у СССР быў цалкам таталітарным, а ў грамадзтве панаваў страх ня меншы, чым цяпер. І Машэраў быў увасабленьнем той улады — ажыцьцяўляў яе і ўмацоўваў. У гэтым сэнсе прыведзены вамі ў якасьці ўзору для перайманьня прыклад, на маю думку, ня самы ўдалы.

Ліст ад Анатоля Жэрдзева з Гомелю. Слухача абурае, калі беларусаў называюць палахлівымі й нерашучымі.

“Беларусы нагадваюць мне салдатаў, якія заляглі на нэўтральнай паласе пасьля няўдалай атакі. Ніхто ня можа падняць галавы, бо ведае, што ўсе навакольныя вышыні занятыя ворагам. Паднімеш першы галаву — цябе зьнішчаць. Калі ня вораг, дык здраднік, які ляжыць побач. Ці можна ў такіх умовах рабіць высновы пра сапраўдныя якасьці беларусаў? Мне 64 гады. За жыцьцё давялося пабачыць нашых людзей у розных сытуацыях. Выснова адна: беларусы ня горшыя за іншых, ім уласьцівыя тыя ж якасьці, што і іншым народам зямлі. Каб параўноўваць людзей, трэба паставіць іх у аднолькавыя ўмовы. Лёгка выглядаць разумным і ўдалым, седзячы за рулём новенькага “Ролс-Ройса” на добра абсталяваным хайвэі. А за рулём старэнькага “Запарожца” на раскіслай беларускай дарозе ў чалавека зусім іншы выгляд. Нацыі, як і людзі, могуць мець шчасьлівы і няшчасны лёс.

Амэрыканцы пачалі ствараць сваю дзяржаву як бы з чыстага аркуша. Але ў іх за плячыма была моцная гісторыя брытанскага парлямэнтарызму. Да таго ж, яны мелі вялізныя тэрыторыі вольных земляў. Нягледзячы на гэта, і ў іх была грамадзянская вайна паміж тымі, хто хацеў раўнапраўя, і тымі, хто выступаў за прыгнёт. Перамаглі прыхільнікі трывалай нацыянальнай палітыкі, якая стала асновай усіх посьпехаў ЗША.

Адваротны прыклад дае Расея зь яе імпэрскай палітыкай, якую ў поўнай меры давялося паспытаць Беларусі. На жаль, антынацыянальная палітыка доўжыцца і сёньня. Вось галоўная прычына заняпаду нашай культуры і чалавечай годнасьці. Але я ўпэўнены, што ў гістарычным пляне ўсё гэта ненадоўга. І калі зноў над Беларусьсю залунае наш гістарычны сьцяг — тады і ўбачым, што нашы людзі ня менш спрытныя, чым іншыя. Бо грунтам усіх посьпехаў ёсьць грунтоўная нацыянальная палітыка”.

Ніхто, спадар Жэрдзеў, асабліва і не аспрэчвае, што ў беларусаў як нацыі шмат станоўчых якасьцяў і што яны ня горшыя за іншыя эўрапейскія народы. Але чаму, адрозна ад сваіх суседзяў, яны сталі на шлях самаізаляцыі? Чаму Беларусь ператварылася ў чорную дзірку на эўрапейскай мапе? Чаму тады, калі яшчэ можна было свабодна выбіраць, выбралі сабе менавіта такую, а не іншую ўладу? Напэўна, і несправядліва, і неабгрунтавана было б абвінавачваць усіх беларусаў, як нацыю. Але сам чалавек, асабіста, спрабуючы сумленна адказаць на гэтыя пытаньні, непазьбежна прыйдзе да асэнсаваньня таго, што ў грамадзтве ня ўсё так добра, калі яно не знайшло ў сабе сілы супрацьстаяць усяму гэтаму.

Ліст ад Валянціны Арцёмавай зь Менску. Пра сябе слухачка паведамляе, што ёй 64 гады. У 1997 трое сутак адседзела за ўдзел у апазыцыйным мітынгу. Мае 36 год працоўнага стажу. У лісьце на Свабоду Валянціна Арцёмава піша:

“Нядаўна мне ўпершыню стала страшна жыць. А справа вось у чым. Я адзінокая. Замуж не выходзіла, дзяцей ня маю. Родныя паўміралі — ёсьць толькі пляменьнікі. Бацька, брат і дзядзька загінулі ў вайну. Маці памерла, калі мне было дзевяць год. Быў час, калі я жабравала. У 1966 годзе я, сталінская дзетдомаўка, зарабіўшы на трох працах грошы, пабудавала каапэратыўную кватэру ў цэнтры Менску. І вось цяпер, на схіле жыцьця, вырашыла: заключыць з адным чалавекам дамову пажыцьцёвай рэнты на сваю выплачаную кватэру. Пайшла ў БРТІ па даведку, а мне кажуць: раённая адміністрацыя наклала забарону на вашу кватэру, і любая даведка будзе несапраўднай. Гэта — сацыяльная абарона адзінокіх грамадзянаў. І зроблена гэта, маўляў, паводле даручэньня прэзыдэнта Менгарвыканкаму.

Але ж гэта грабеж уласнасьці. Няхай бы прэзыдэнт стварыў орган, адказны за маю абарону. Але навошта абмяжоўваць маё права ўласнасьці? Кіраўнік раённай адміністрацыі сьмяецца з маіх сьлёз і кажа: “Зьвяртайся хоць у ААН”. Прэзыдэнтам абаронены такія як ён, а ня я. Раней я баялася, а цяпер — не. Раскажыце маю гісторыю, каб адзінокія людзі ведалі, што ня маюць ніякіх правоў”.

Думаю, спадарыня Арцёмава, вам варта зьвярнуцца па дапамогу да кваліфікаванага юрыста. Магчыма, кватэру папярэдне трэба прыватызаваць, каб мець права заключаць такія дамовы. Праблема гэта, сапраўды, актуальная для тысяч адзінокіх людзей у Беларусі. У сёньняшніх пэнсіянэраў гарадзкая кватэра — найчасьцей адзіная каштоўная рэч, якую ўдалося атрымаць за ўсё працоўнае жыцьцё. І калі чалавек адзінокі, то зусім зразумелае ягонае жаданьне распарадзіцца ёй так, каб пры жыцьці знайсьці будучага ўласьніка, які б дапамог на старасьці гадоў і забясьпечыў істотную дабаўку да сьціплай пэнсіі. Але, як бачым, да такіх кватэраў неабыякавыя і чыноўнікі. Фармальна сваю зацікаўленасьць яны тлумачаць імкненьнем абараніць адзінокіх старых ад махляроў і прайдзісьветаў. Але ў сапраўднасьці замест таго, каб займацца праверкай будучых патэнцыйных уласьнікаў, проста накладваюць забарону і не даюць патрэбных даведак. Адзінокія старыя пры гэтым застаюцца без дапамогі, а кватэра ў выпадку сьмерці пэнсіянэра пяройдзе ў распараджэньне тых жа чыноўнікаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG