Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Латвіі адмовіўся накіраваць у Беларусь назіральніка, якога раней запрасіў афіцыйны Менск


Юры Сьвірко, Менск У панядзелак прэзыдыюм Сойму Латвіі ўхваліў камандзіроўку ў Беларусь двух дэпутатаў – Оскара Кастэнса ад Першай партыі ды Аляксандра Голубава ад Сацыялістычнай партыі. Яны будуць назіраць за беларускімі выбарамі й рэфэрэндумам з 15 да 18 кастрычніка.

Таксама прэзыдыюм латвійскага Сойму не падтрымаў прапанову накіраваць у Беларусь яшчэ двух дэпутатаў – Айгарса Пэтэрсонса з партыі “Новы час” і Мікалая Кабанава з аб’яднаньня “За правы чалавека ў адзінай Латвіі”.

Спадар Кабанаў выказаў сваё абурэньне такім рашэньнем і заявіў, што ўжо атрымаў зь Менску пэрсанальнае запрашэньне ўзяць удзел у назіраньні за выбарамі й рэфэрэндумам, а таксама беларускую візу.

Паводле дэпутата Кабанава, прэзыдыюм Сойму вырашыў так таму, што ён раней выказаў падтрымку Аляксандру Лукашэнку. А кіраўнік прэзыдыюму Яніс Страўмэ заявіў, што прычынай было наступнае: “Сойм ня ладзіць ніякіх палітычных экскурсіяў”.

Варта нагадаць, што падчас кожнай выбарчай кампаніі беларускія ўлады за свой кошт запрашаюць у якасьці назіральнікаў ляяльных да Аляксандра Лукашэнкі замежнікаў, якія потым заяўляюць, што выбары прайшлі абсалютна без парушэньняў.
XS
SM
MD
LG