Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдата ў дэпутаты палкоўніка КГБ У. Кужанава, былога ахоўніка Лукашэнкі, раздражняюць пытаньні выбарцаў


Казімер Яноўскі, Буда-Кашалёўскі раён У Буда-Кашалёўскай акрузе №40 улады раздражняюцца ад пытаньняў выбарцаў. У Буда-Кашалёўскім раёне афіцыйныя сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты, якія ладзіць мясцовая вэртыкаль, абарочваюцца для актыўных выбарцаў пагрозамі пра звальненьне.

Сустрэчу з трыма кандыдатамі ў дэпутаты ва Ўваравіцкай сярэдняй школе вёў сам старшыня райвыканкаму Мікалай Чарныш. Таму мясцовыя жыхары і асобныя настаўнікі задавалі шмат пытаньняў ня толькі прэтэндэнтам у парлямэнт Валянціне Смольнікавай, спадарам Кужанаву і Сакалову, але і кіраўнікам раёну.

Распавядае настаўнік-пэнсіянэр Уладзімер Емяльянцаў:

(Емяльянцаў: ) “Я кажу, што я вось перад вамі жывы і адчуваю, што жыву з кожным днём усё горш. Нават летась у сьнежні пэнсія была меншая, але я мог купіць болей, чымсьці сёньня, працэнтаў на пяцьдзясят”.

Пэнсіянэрка Любоў Родава скрытыкавала мясцовыя ўлады за тое, што ня могуць упарадкаваць калодзеж на цэнтральнай вуліцы. У калодзеж могуць зваліцца і людзі, і жывёла. Паводле Родавай, раённыя ўлады, нягледзячы на тое, што Буда-Кашалёва меней забруджана радыяцыяй, чым Уваравічы, умудрыліся пакінуць для сябе льготы на аздараўленьне. Уваравічы пераведзеныя ў зону 1–5 кюры і такіх льготаў ня маюць.

Дачка спадарыні Родавай, настаўніца мясцовай школы Клара Клімава, распавяла, што летам ва Ўваравічах школьнікам няма дзе добра адпачыць, што няблага было б уваравіцкіх пэдагогаў аднесьці да ліку сельскіх з наданьнем адпаведных ільготаў. Раённыя кіраўнікі, відаць, не чакалі такой актыўнасьці выбарцаў. Тым больш, у прысутнасьці афіцыйнага кандыдата ў дэпутаты Ўладзімера Кужанава, палкоўніка КГБ, прадстаўніка службы аховы Аляксандра Лукашэнкі.

Гаворыць пенсіянэрка Родава:

(Родава: ) “Я шмат задавала пытаньняў, і мяне адразу залічылі ў апазыцыю. Дачка ў жніўні атрымала грамату аддзелу адукацыі за выхаваўчую працу, а цяпер ёй кажуць, што ад такіх трэба пазбаўляцца”.

Настаўніца Вольга Грыцкова, дачка Ўладзімера Емяльянцава, на сустрэчы не выступала, але з-за бацькі кіраўніцтва школы і да яе мае прэтэнзіі.

(Емяльянцаў: ) “Адразу пасьля сходу прачуханку зрабілі завучу і дырэктару школы. Маўляў, вашы настаўнікі ня ўмеюць трымаць язык за зубамі. Павінны радавацца жыцьцю, а яны выступаюць. Назаўтра завуча і дырэктара выклікаюць у Буду, у выканкам, пяткі чухаць. І ўжо завуч выказвала папрок маёй дачцэ: вось твой бацька… Пытаньне ўжо так ставіцца, што, маўляў, дзеці такіх бацькоў у школе не павінны працаваць”, — сказаў нашаму радыё пэнсіянэр Уладзімер Емяльянцаў з Уваравічаў.
XS
SM
MD
LG