Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кальварыйскіх могілках беларусы разьвіталіся зь пісьменьнікам Алесем Асташонкам


Валянціна Аксак, Менск Сёньня на менскіх Кальварыйскіх могілках быў пахаваны беларускі пісьменьнік і перакладчык Алесь Асташонак, які памёр 7 верасьня ў Кіеве.

Алесь Асташонак належыць да таго пакаленьня айчынных пісьменьнікаў, якое ярка, упэўнена і самабытна ўваходзіла ў літаратуру на хвалі новага беларускага адраджэньня другой паловы 1980-х пачатку 1990-х гадоў мінулага стагодзьдзя, пра што нагадаў на жалобнай цырымоніі разьвітаньня філёзаф і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч:

(Акудовіч: ) “Сёньня ўжо мала хто памятае, што ад канца 1980-х да сярэдзіны 1990-х гадоў Алесь Асташонак быў адной з самых яркіх фігур нашай літаратуры, а прозы — то напэўна. Ён стаяў у адным шэрагу з такімі слыннымі літаратарамі, як Арлоў, Глёбус і іншыя. І гэтага месца ў яго ніхто не адымаў. Гэта была культавая фігура”.

Першая кніга прозы Алеся Асташонка “Фарбы душы” адразу апынулася ў полі ўвагі крытыкаў і чытачоў, а зьняты паводле ягонага сцэнару фільм “Камэдыянт” атрымаў некалькі міжнародных узнагародаў. Аднак другая кніга яго прозы “Жоўты колер белага сьнегу” пасьля некалькіх цэнзурных умяшаньняў так і ня выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Гэта вельмі драматычна паўплывала на далейшы творчы лёс пісьменьніка. Дасканала валодаючы некалькімі эўрапейскімі мовамі, ён усё больш і больш засяроджваўся на перакладах. Заўчасны адыход з жыцьця (1 чэрвеня сёлета яму споўнілася 50) так і пакінуў ягоныя літаратурныя здольнасьці не зрэалізаванымі, пра што з жалем гаварыў старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Алесь Асташонак быў чалавекам унікальным, чалавекам абсалютна эўрапейскага выхаваньня і культуры і адначасна чалавекам тонкай і ранімай беларускай душы… Былі вялікія спадзевы, што ён напіша, перакладзе… Але Богам не было суджана”.

Так сталася, што апошнія гады Алесь Асташонак жыў у Кіеве. Там 7 верасьня ён памёр. Крэміраваны прах сваякі перавезьлі на радзіму, і сёньня ён быў пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках.
XS
SM
MD
LG