Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ абвяргае абвінавачваньні з боку Латыпава й Нявыгласа


Юры Сьвірко, Менск Варшаўскае бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ "цалкам адкідае любыя абвінавачваньні ў палітычным ухіле ды перадвызначаных высновах" і дадае: "Шкада, што з боку беларускіх дзяржаўных мэдыяў ды іншых, як падаецца, ёсьць неабгрунтаваныя перадвызначанасьці наконт місіі".

Бюро АБСЭ зрабіла гэтую заяву з нагоды працяглых нэгатыўных і агрэсіўных камэнтароў з боку беларускіх сродкаў масавай інфармацыі й дзяржаўных чыноўнікаў. Я патэлефанаваў у Варшаву прэсавай сакратарцы Бюро АБСЭ Ўрдур Гунарсдотыр і спытаўся, якіх чыноўнікаў і якія СМІ маюцца на ўвазе.

(Гунарсдотыр: ) “Мы спасылаліся на некалькіх людзей, але, мажліва, найбольш важным было тое, што адбылося ўчора ўвечары, калі кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі абвінаваціў нас у неаб’ектыўнасьці й палітызаванасьці. Гэта было, у прынцыпе, апошняй кропляй, але мы адчувалі, што гэта зайшло ўжо занадта далёка. Мы не маглі больш знаходзіцца пад гэтымі абвінавачваньнямі, таму што гэта далёка не адно – гэта было цягам двух тыдняў у дзяржаўных СМІ, у “Панараме” ды іншых праграмах”.

Спадарыня Гунарсдотыр падкрэсьліла, што беспадстаўныя абвінавачваньні зыходзяць ад дзяржаўных мэдыяў і дзяржаўных чыноўнікаў, з чым раней назіральнікі АБСЭ ніколі не сутыкаліся.

(Гунарсдотыр: ) “У прынцыпе гэта падрывае давер да нас, і таму мы рэагуем. Гэта беспрэцэдэнта для нас, праўда. Вядома, мы разумеем, што ня ўсім падабаецца тое, што мы гаворым, але гэта найгоршае з таго, што мы бачылі”.

Паводле Урдур Гунарсдотыр, Бюро АБСЭ сваёй заявай адрэагавала ў тым ліку й на абвінавачваньні з боку назіральнікаў ад СНД, якіх раней не ўключылі ў склад назіральнікаў ад АБСЭ, бо яны працуюць у менскай штаб-кватэры СНД і залежаць ад беларускіх уладаў.

Спадарыня Гунарсдотыр сказала, што ведае й пра выступ дзяржсакратара Савету Бясьпекі Беларусі Генадзя Нявыгласа, які абвінаваціў назіральнікаў ад АБСЭ ў тым, што яны заплацілі сябрам грамадзкай ініцыятывы “Партнэрства” за збор нэгатыўных фактаў пра выбарчую кампанію.

(Гунарсдотыр: ) “Тое, што нехта на такім узроўні абвінавачвае нас у такіх рэчах, гэта сьмешна. Я маю на ўвазе – проста сьмешна нават падумаць пра тое, што можна такое рабіць. Гэта абсалютная няпраўда”.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ "упэўненае, што заява аб папярэдніх высновах, якая будзе зробленая 18 кастрычніка, прадставіць дакладную й вартую даверу ацэнку парлямэнцкіх выбараў, якія будуць ацэньвацца паводле Капэнгагенскіх пагадненьняў АБСЭ 1990 году".
XS
SM
MD
LG