Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тыдзень да рэфэрэндуму фонд “За новую Беларусь” прапануе сваю форму байкоту


Ігар Карней, Менск Што рабіць, каб ваш бюлетэнь для галасаваньня ня стаўся аб’ектам фальсыфікацыяў? Сёньня ад імя фонду “За новую Беларусь” з адпаведнымі парадамі выступілі аўтарытэтныя дзеячы дэмакратычнага руху — Васіль Лявонаў, Аляксандар Вайтовіч, Уладзімер Колас, Гары Паганяйла ды іншыя.

Як засьцерагчыся ад магчымых фальшаваньняў вынікаў выбараў і рэфэрэндуму? Напярэдадні галасаваньня фонд “За новую Беларусь” прапануе, так бы мовіць, “палавініць” бюлетэні: адну палову кінуць у скрынку для галасаваньня, а другую перадаць дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты ці іх давераным асобам, якія будуць весьці незалежны падлік галасоў. Праваабаронца Гары Паганяйла заклікае прытрымлівацца такой схемы:

(Паганяйла: ) “Прыйсьці на выбарчы ўчастак, узяць бюлетэнь, расьпісацца ў атрыманьні, пераканацца, што на зваротным баку ёсьць подпісы ня меней як двух сябраў выбарчай камісіі. Затым пайсьці ў кабіну для тайнага галасаваньня, скласьці бюлетэнь напалову; тую палову, на якой знаходзяцца подпісы сябраў выбаркаму адарваць, пакласьці ў кішэню. А другую палову кінуць у скрынку для галасаваньня”.

Несапраўдны бюлетэнь, на думку ініцыятараў акцыі, не дазволіць сябрам выбарчых камісіяў ужыць маніпуляцыі, як у выпадку, калі выбарцы ўвогуле ня прыйдуць на ўчасткі. Я запытаўся ў старшыні апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” Васіля Лявонава: ці ня надта гэта запозьненая ініцыятыва? Да выбараў і рэфэрэндуму меней за тыдзень!

(Лявонаў: ) “Я згодны з тым, што ўсё крыху пазнавата. Але раней гэта рабіць нельга было. Маглі б прыдумаць у закон нейкую папраўку. Яна магла б быць і нелегітымнай, але гэта мела б моцнае ўзьдзеяньне на тых, хто галасуе: у нас народ запалоханы… У дадзеным выпадку, апроч таго, што гэта своеасаблівая форма байкоту, можна ўлічыць — хто байкатаваў? Калі людзі ня пойдуць, то ўлады бюлетэні надрукуюць, у скрыні апусьцяць і ўлічаць. А калі чалавек частку адарваў і забраў з сабой, то для камісіі гэта пытаньне”.

У Цэнтарвыбаркаме падобную ініцыятыву называюць хуліганствам. Гаворыць Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Ёсьць два дэмакратычныя шляхі для вырашэньня любога пытаньня, вынесенага на галасаваньне: прагаласаваць “за ”ці “супраць”. Ну, а гэта элемэнтарнае хуліганства”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, закону гэта не супярэчыць?”

(Лазавік: ) “Яшчэ раз кажу: звычайнае хуліганства. І мяне проста зьдзіўляе, што такі салідны чалавек, як Лявонаў, заклікае да такіх дзеяньняў”.

Старшыня грамадзкага камітэту “За справядлівыя выбары”, акадэмік Аляксандар Вайтовіч перакананы, што падобная схема сапраўды эфэктыўная, але давядзецца весьці надзвычай актыўную працу з выбарцамі.

(Вайтовіч: ) “Гэта вельмі добрая тэхналёгія, бо прыдумаць іншую, якая б выключала фальсыфікацыю, вельмі цяжка. Адзінае, аб чым думаю: яна ўзьнікла недастаткова рана, хоць і кажуць, што раней нельга было. Але ж цяжка цяпер усё гэта давесьці да выбарцаў. Цяпер гэта найболей рэальна рабіць праз кандыдатаў у дэпутаты, якія актыўна працуюць у акругах”.
XS
SM
MD
LG