Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мерч


Ягор Маёрчык, Шклоўскі раён Магілёўшчыны (эфір 30 верасьня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

На выгане за Мерчу пасьвяцца коні. Жывёлы спутаныя старымі анучамі. Некалі гэтыя лахманы былі часткай гардэробу пэнсіянэркі Тоні Жыгоцкай. Вопратку сталі выкарыстоўваць не па прызначэньні, бо ў калектыўнай гаспадарцы няма звычайных вяровак.

(Жыгоцкая: ) “У нашым калгасе ўсяго чатыры кані. Вось мы іх і пасем па чарзе. Дзень адпасьвіць — 220 рублёў. Гэта зьдзек, а ня грошы!”

(Карэспандэнт: ) “Я каровы пас, а коні ніколі. Іх цяжэй пасьвіць?”

(Жыгоцкая: ) “Няцяжка. Толькі ці дождж, ці сьпякота трэба дзень ля іх стаяць. Нікуды не адыдзе, ня кінеш, бо яны куды-небудзь сыдуць”.

(Карэспандэнт: ) “А спутаць іх?”

(Жыгоцкая: ) “Путы свае. Самі зьбіраем якое шмацьцё і путаем”.

(Карэспандэнт: ) “Ва ўсё Беларусі… Дзе ні згадай пра Шклоўскі раён. Усе лічаць, што тут няма праблемаў, бо гэта радзіма прэзыдэнта”.

(Жыгоцкая: ) “А што нам той Лукашэнка зрабіў? Нічога! Усе гавораць, што вёску трэба аднаўляць. А хто сюды пойдзе ў гэтую вёску? Які тут камфорт?”

Зоя Дуброўская адна зь нямногіх, хто яшчэ трымае гаспадарку. І без таго невысокага росту бабулька так згорбілася, што яе не відаць праз плот. Яна жартуе: калі далей будзе цягнуць да зямлі, хутка сабака ды сьвінчо стануць вышэйшыя за яе.

(Зоя Дуброўская: ) “Няма нічога добрага ў жыцьці. Усе мужчыны — тут адныя пэнсіянэры, і няма ніводнага страявога”.

(Карэспандэнт: ) “Чым людзі ў Мерчы займаюцца? Гаспадарку нейкую трымаюць?”

(Зоя Дуброўская: ) “Гэтая гаспадарка ўжо бурыцца. Зямлю кідаем, бо ня можам пахаць. У мяне адная сьвіньня толькі. Да й тая дрэнная: ня есьць ні халеры!”

(Карэспандэнт: ) “Яна ўжо просіцца, каб яе закалолі”.

(Зоя Дуброўская: ) “Яшчэ цёпла, каб сьвіней калоць”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі сочаць за палітычным жыцьцём? Ведаюць, што будуць выбары і рэфэрэндум?”

(Зоя Дуброўская: ) “Натуральна, што ведаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Галасаваць пойдзеце?”

(Зоя Дуброўская: ) “Я-та нікуды не пайду. Прыедуць — прагаласую, а не — буду так сядзець. А наш Лукашэнка ўжо не працуе для людзей. Ён недзе там у сельсавеце сядзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Лукашэнка ў сельсавеце!? Ен жа прэзыдэнт!”

(Зоя Дуброўская: ) “Хто яго ведае, кім ён там працуе: прэзыдэнтам ці кім іншым”.

Занядбанасьць вёскі нясе небясьпеку для ейных дваццаці жыхароў. Аднойчы бяда ўжо падыходзіла да сьценаў сядзібы Ганны Акулавай. Адбілі. Ці пашанцуе наступным разам — невядома. Людзей у паселішчы менее, і можа так стацца, што некаму будзе дапамагчы.

(Акулава: ) “Сядзібы пакідалі. Палеткі стаяць някошаныя — з абодвух бакоў пустазёл. У нас аднойчы загарэлася. Як затрашчэла! Хлеў згарэў. Добра, што стайню абтушылі, а так бы і яна з конямі згарэла. Абкасіць сілаў няма. Што тут рабіць? Можа, вы б падзейнічалі”.

(Карэспандэнт: ) “Я касой махаць ня буду, а распавесьці распавяду. А ў Мерчы людзі палітыкай цікавяцца?”

(Акулава: ) “Толькі за яго. Бо ён пэнсіі выплачвае. Сказалі, што да новага году зноў павялічыць. А што нам болей трэба? А каму трэба болей, хай зьбіраюцца і ў Амэрыку! Дарога адкрытая! Хай яны туды й ідуць. Там добрыя заробкі, але там яны і працаваць будуць ня так, як тут, і красьці яны, як тут, ня будуць. Трэба зрабіць так, як у Амэрыцы: скраў — руку адсеклі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ж не ў Амэрыцы…”

(Акулава: ) “Я ня ведаю — дзе, але такое ёсьць!”

Ад страху згарэць жывою па начах ня сьпіць і самотная Зіна Дуброўская. Яна ўслухоўваецца, як вые за вокнамі вецер. І з жахам чакае: а раптам пачуе трэск электрычнага замыканьня.

(Зіна Дуброўская: ) “Электрычнасьць барахліць. Дзеці прывязуць што-небудзь, пакладзеш у лядоўню, а яно патае, бо сьвятла няма. Па ўсёй вёсцы абразалі дрэвы, а тут ня сталі, нават не прыяжджаюць. Вось драты й чапаюцца. Старшыня сельасвету… Як што — мы ёй тэлефануем. Але ці нас слухае хто?”

(Карэспандэнт: ) “А патэлефанаваць у раённыя электрасеткі й сказаць: “Калі вы абпіліце дрэвы і не наладзіце электырчнасьці, мы пажалімся Канаплёву”. Яны вас паслухаюць?”

(Зіна Дуброўская: ) “Не-а, не паслухаюць. Вось колькі разоў тэлефанавалі наконт сьвятла, і ніхто не паслухаў і не прыехаў. Я казала, што за Канаплёва ня буду галасаваць. Ён жа ў нас тут дэпутат. Чаго ён гэты Шклоў не абразуміць?”

(Карэспандэнт: ) “Людзі ў Мерчах палітыкай цікавяцца?”

(Зіна Дуброўская: ) “Глядзелі, што наш прэзыдэнт прасіў, каб за яго галасавалі. На які гэта тэрмін? На пяты?”

Народжаны ў Мерчы адстаўны вайсковец Саша даўно тут не жыве. Ён прыяжджае адведаць маці. Вяскоўцы бясспрэчна падтрымліваюць шклоўскага земляка. А гараджанін у развагах адштурхоўваецца ад таго, што бачыць на свае вочы:

(Саша: ) “Вось была дырэктыва прэзыдэнта пра грамадзкую бясьпеку. Вунь слуп тры месяцы вісіць. І ніхто сюды ня едзе, і нікому гэта ня трэба. Я ведаю, калі яго нармалёва ўсталююць: за тыдзень да рэфэрэндуму”.

Сашаву маці Зіну Доўгую праблемы рэфэрэндуму ды вышэйшай улады турбуюць мала. Не даюць спакою цяжкасьці іншых маштабаў.

(Доўгая: ) “Адныя калекі тут жывуць. Улетку прыяжджала мэдыцына, але ў яе няма нічога. Нават таблетак у яе ня купіш. Ён самой дапамога патрэбная — таўсьценная баба! А мне пакуль добра жывецца. Дзёці прыяжджаюць, і ўсё робяць. Мне лепей і ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “У нашае праграме ёсьць рубрыка пра мясцовую кухню. Падзяліцеся рацэптам. У мяне ёсьць сын у Менску. Ён умее і памідоры, і агуркі закатваць. Памыць іх. Яны суткі ці двое стаяць, а тады зьлівае ваду і кіпяціць іх два разы — і закатвае”.

(Карэспандэнт: ) “А што ён туды кладзе?”

(Доўгая: ) “У памідоры нічога. Толькі цукар, воцат і вада. А ў агуркі — часнок і ліст смародзіны. І ніводны жбанок ня выбухне. Трэці год жбанкі стаяц —і хоць бы што ім! Усё такое смачнае, як нібыта сёньня закрылі”.

За восеньню прыйдзе зіма. І тады Зіна Доўгая пачне адкрываць слоікі з прысмакамі. А калі сьнегу наваліць вышэй за пояс, мэню суцэльна будзе складацца з гэтых самых закатак.

Пры мікрафоне яшчэ адная жыхарка Мерчы Вольга Палітыка:

(Палітыка: ) “Зімой ніхто сюды нават хлеба не прывозіць. Вось так і жывем. А як аўталаўка прыедзе ўзімку? Яна ж сюды не пад’едзе. Тут сьнягі вялікія. Ніхто ўзімку ніводнага разу не пачысьціў. А што сельсавет зрабіць можа? Яны адказваюць, што няма саляркі”.

У жыхароў Мерчы ёсьць нешта агульнае. Усе яны пэнсіянэры, і ва ўсіх недзе ў гарадах жывуць сыны, дочкі ды пляменьнікі. Але вяскоўцы ўпарта трымаюцца за родныя мясьціны. Тая ж Зіна Доўгая адмаўляецца ад прапановаў дзяцей.

(Доўгая: ) “Ха-ха! Паеду я туды… Тут я захачу — пасплю, захачу — не; калі што зьем, а калі й так паляжу; захачу прыбяру, а захачу — не. А там прыйдзецца як па струнцы хадзіць. Не хачу нікуды! І не пайду!”

Мерч не памрэ нават пасьля таго, як на могілкі пераедзе апошні карэнны жыхар. Спусьцелыя вясковыя хаты ўжо выкупаюцца пад лецішчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG