Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнае назіраньне “Партнэрства” апублікавала інфармацыю пра масавыя парушэньні падчас выбарчай кампаніі


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня распаўсюдзілі справаздачу доўгатэрміновага незалежнага назіраньня за выбарчай кампаніяй. Паводле назіральнікаў, улада дапускае масавыя парушэньні выбарчага заканадаўства.

Грамадзянская ініцыятыва “Партнэрства” падрыхтавала шостую, апошнюю справаздачу доўгатэрміновага назіраньня. У ёй утрымліваецца нэгатыўная ацэнка дзеяньняў улады ў агітацыі за рэфэрэндум. Гаворыць кіраўнік “Партнэрства” Мікола Астрэйка:

(Астрэйка: ) “У першую чаргу тут назіраецца вялікі перакос у агітацыі, зь вялікімі парушэньнямі. Усе электронныя СМІ выказваюць толькі адзін пункт гледжаньня. На экраны не дапускаюцца апанэнты дзейнай улады”.

Мікола Астрэйка зазначае таксама пра цэнзуру ў дзяржаўных СМІ тых выказваньняў апазыцыйных кандыдатаў, якія датычаць рэфэрэндуму. Паводле незалежнага назіраньня, недзяржаўная прэса, якая спрабуе выказаць альтэрнатыўны пункт гледжаньня, знаходзіцца пад рэпрэсіўным узьдзеяньнем — за апошні час ўладамі закрыта адзінаццаць недзяржаўных выданьняў. Незалежнае назіраньне расцэньвае скасаваньне рэгістрацыі шэрагу кандыдатаў у дэпутаты, у тым ліку Леры Сом і Паўла Севярынца, як ціск за іх выказваньні супраць рэфэрэндуму.

Ужо з аўторка назіральнікі “Партнэрства” будуць сачыць за датэрміновым галасаваньнем, а наступная поўная справаздача незалежнага назіраньня чакаецца толькі паводле вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 18 кастрычніка.

Кіраўнік “Партнэрства” Мікола Астрэйка называе асноўныя высновы доўгатэрміновага назіраньня выбарчай кампаніі ва ўсіх 110 выбарчых аругах:

(Астрэйка: ) “Ціск на ўдзельнікаў выбарчага працэсу вельмі ўзрастае. Кандыдаты, сябры ініцыятыўных групаў, выбаршчыкі падвяргаюцца пагрозам, шантажу, нават гвалтоўнаму ўзьдзеяньню. Улады выкарыстоўваюць незаконныя мэтады палітычнай барацьбы, і гэта сьведчыць пра тое, што яны любымі мэтадамі імкнуцца перамагчы на гэтых выбарах”.

Паводле Міколы Астрэйкі, зафіксаванае і шырокае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, няроўныя магчымасьці для кандыдатаў, а таксама слабы кантроль ЦВК за ніжэйшымі выбарчымі камісіямі, якія арыентуюцца на ўказаньні мясцовай улады.

Апошняя выснова “Партнэрства” датычыць самога незалежнага назіраньня. Цягам апошніх двух тыдняў улады пачалі ціск на ягоных актывістаў, ствараюць істотныя перашкоды. У Менску і Гомелі міліцыя затрымлівала актывістаў “Партнэрства”, быў сканфіскаваны наклад інфармацыйнага бюлетэню. У Наваполацку міліцыя праводзіла ператрус у офісе незалежнага назіраньня. Канфіскаваныя тэхніка і матэрыялы, актывісты “Партнэрства” атрымалі позвы ў міліцыю. Тым ня менш, ініцыятыва падрыхтавала і накіравала на выбарчыя ўчасткі 3600 назіральнікаў.
XS
SM
MD
LG