Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў НАТО няма згоды адносна Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск “Дачыненьні НАТО і Беларусі разьвіваюцца дастаткова складана”, — лічыць кіраўнік дырэктарату НАТО ў справах інтэграцыі й партнэрства Яраслаў Сканэчка. Адпаведную заяву ён зрабіў падчас сустрэчы групы беларускіх палітолягаў і журналістаў, якія 7–9 кастрычніка знаходзіліся ў Бэльгіі, дзе месьціцца штаб-кватэра альянсу.

Пасьля сёлетняга пашырэньня НАТО ў яго склад уваходзяць 26 краінаў. Яшчэ 20, у тым ліку і Беларусь, маюць статус партнэра альянсу. Партнэры, напрыклад, Арменія, Казахстан альбо Ўзбэкістан, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсталяваньні “стабільнасьці праз інтэграцыю” ў рэгіёнах Цэнтральнай Азіі й Каўказу. А вось Беларусь, як адзначыў спадар Сканэчка, апынулася за межамі інтэграцыйных працэсаў НАТО — з прычыны “рэжыму, які існуе ў Беларусі”, у альянсе няма кансэнсусу адносна стасункаў з гэтай краінай, заяўляе НАТОўскі чыноўнік.

(Сканэчка: ) “Мы маем дылему: нам не падабаецца Лукашэнка, нам не падабаецца рэжым. І ўзьнікаюць два падыходы наконт таго, што рабіць з гэтым рэжымам: першы — ізаляваць і абмяжоўваць; другі — ігнараваць рэжым, але будаваць масты з грамадзтвам. Так было, напрыклад, у Польшчы ў 1960–70 гады”.

Што тычыцца асабістай думкі кіраўніка дырэктарату, то ён прытрымліваецца другога падыходу. Але ўсе рашэньні ў НАТО прымаюцца выключна кансэнсусам, калі голас маленькай Ісьляндыі роўны голасу Злучаных Штатаў Амэрыкі. А паколькі агульнай згоды наконт Беларусі няма, то, адпаведна, няма і ўзгодненай агульнай палітыкі.

Ад гэтага церпіць і супрацоўніцтва Беларусі з альянсам у рамках агульнай праграмы НАТО “Партнэрства дзеля міру”. Гэта прызнае і афіцэр па сувязі ў Цэнтры каардынацыі партнэрства, палкоўнік Андрэй Лаўрэнцьеў:

(Лаўрэнцьеў: ) “Рабочы плян партнэрства сёлета прапануе 743 мерапрыемствы. Цяпер, реальна ацэньваючы тую частку, якую мы на сябе прынялі (а гэта 150), я думаю, што да канца году будзе выканана каля 100 мерапрыемстваў”.

Дадзеныя лічбы азначаюць, што ступень узаемадзеяньня ў межах праграмы значна абмежаваная. Напрыклад, Беларусь, адрозна ад іншых сяброў праграмы “Партнэрства дзеля міру”, ня ўдзельнічае ў міратворчай апэрацыі НАТО ў Аўганістане. Яраслаў Сканэчка лічыць, што Беларусь магла б ініцыяваць такое жаданьне, паколькі нядаўна ў Беларусі стаў дзейнічаць закон, які дазваляе накіроўваць вайскоўцаў за межы сваёй краіны для ўдзелу ў міратворчых апэрацыях:

(Сканэчка: ) “Беларусь можа падрыхтавацца да такіх апэрацыяў. У НАТО ёсьць праграмы, якія рыхтуюць партнэраў да супрацоўніцтва. Таму што трэба яшчэ шмат зрабіць, каб мы маглі камунікаваць паміж сабою, мець параўнальныя камандныя сыстэмы. Мы павінны мець элемэнты міратворчых апэрацыяў, аднолькавае разуменьне міратворчых апэрацыяў”.

У прадстаўнікоў НАТО выклікала цікавасьць ініцыятыва стварэньня Беларускага эўраатлянтычнага форуму, зь якой выступіла сёлета ў верасьні група беларускіх аналітыкаў. Прадстаўнікі альянсу ўскладаюць надзеі на супрацоўніцтва зь Літвой, амбасада якой зь верасьня стала кантактнай амбасадай НАТО ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG