Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вершы пра Лукашэнку 1994-2004: хто засьмяецца апошнім?


Севярын Квяткоўскі, Менск За дзесяць гадоў кіраваньня прэзыдэнта ананімна й пад рэальнымі імёнамі зьявілася мноства тэкстаў, у якіх высьмейваецца асоба першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Паводле артыкулаў “за абразу прэзыдэнта” былі пакараныя многія людзі – супраць іх заводзілі адміністрацыйныя й нават крымінальныя справы. Апошнія з пацярпелых – лідэры страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі й Аляксандар Васільеў. Вершаваная сатыра пра Аляксандра Лукашэнку: гэта сьмех празь сьлёзы ці негвалтоўны супраціў? Тэму вывучаў наш карэспандэнт.

(песьня голасам Лукашэнкі “Кагда я стану прэзідзентам...”)

Гэты жарт маладых людзей з праекту “ULTRA-VOZHYK” сьведчыць, што імя Аляксандра Лукашэнкі застаецца самым раскручаным брэндам Беларусі. Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ў прыгарадных менскіх элекрычках з посьпехам прадавалася самвыдаўская газэта “Лукашэнкаўская праўда”. З факту зьяўленьня газэты была заведзеная крымінальная справа. Выданьне друкавала карыкатуры, артыкулы й вершы пра першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Да выданьня першых нумароў прычыніўся паэт Славамір Адамовіч.

(Адамовіч:) “Гэтае сьцябалава, яго можна было зразумець гадоў дзесяць таму. Шмат хто думаў, што ўсё можна завярнуць назад. Цяпер ужо не да жартаў”.

“Спадзяемся, што наступнае, трэцяе выданьне стане самым поўным ды, нарэшце, апошнім зборам твораў, прысьвечаных гэтай недарэчнай пачвары беларускае гісторыі – Першаму Прэзыдэнту РБ”. Гэта цытата са зборніка пад назвай “Ідыёт самы настаяшчы”, у якім сабраныя аўтарскія ды ананімныя паэмы, вершы, апавяданьні, п’есы, анэкдоты, прысьвечаныя асобе Аляксандра Лукашэнкі.

(Адамовіч:) “Рэакцыя гэтага пэрсанажа – рэакцыя жорсткая, неадэкватная – дае зразумець, працуе сёньня гэтае сьцябалава ці трэба ісьці далей”.

Славамір Адамовіч стаў першым, хто трапіў за краты за верш пад назвай “Убей президента”. У 1997 годзе суд ня здолеў давесьці, што мастацкі твор заклікае да замаху на канкрэтную асобу. Сёньня Славамір Адамовіч жыве ў Нарвэгіі, дзе папрасіў палітычнага прытулку. На эміграцыі жывуць таксама й некаторыя выдаўцы “Лукашэнкаўскай праўды” ды аўдыёзборніка нецэнзурных прыпевак пад назвай “Акадэмічны шклоўскі панк”.

(нецэнзурная прыпеўка)

*** Піянэрам антылукашэнкаўскіх вершаваных твораў стала паэма “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт”, апублікаваная ў газэце “Свабода” на золку кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Наш прэзыдэнт Лука Мудзішчаў (Даруй нам, Пушкін, вольны тон) Меў дужа грозныя вусішчы І надта сіплы барытон...

Пачынае паэму ананімны аўтар, а пры канцы піша:

Хоць ты сіпіш-гарыш на працы, Хоць ты адзін “умнее всех”, Зь цябе народ пачаў сьмяяцца. Не забароніш гэты сьмех!

Паэма “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт” стылёва насьледуе клясыцы найноўшай беларускай сатыры – “Сказу пра Лысую гару”. У сваю чаргу “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт” спарадзіў цэлую плойму тэматычных насьледаваньняў – вершаў, якія ў грубай, часам нецэнзурнай форме высьцёбваюць асобу Аляксандра Лукашэнкі. На думку палітоляга Валеркі Булгакава, яны выглядаюць як афіцыйная прапаганда за Лукашэнку наадварот.

(Булгакаў:) “Калі людзі, якія стварылі гэтае выданьне, сёлета прыйдуць на месца лукашэнкаўскага прапагандыста, ня будзе ніякай гарантыі, што з экранаў тэлевізараў не паліецца ўвесь той жа самы бруд, толькі з радыкальна іншымі сьветапогляднымі арыентацыямі”.

Да таго ж, палітоляга Булгакава не задавальняе мастацкі ровень большасьці вершаваных тэкстаў, дзе высьцёбваецца асоба Аляксандра Лукашэнкі: (Булгакаў:) “Выхаваны чалавек з нармальнай эўрапейскай адукацыяй, прачытаўшчы кніжку “Ідыёт самы настаяшчы”, адкіне яе не без агіды”.

Гісторыю простанароднага грубага гумару апісаў расейскі філёзаф, гісторык Міхаіл Бахцін. Так, у сярэднявечнай Эўропе нават у самую змрочную пару ўлады – рэлігійныя й сьвецкія – давалі народу некалькі дзён бесцэнзурнага сьмеху: на карнавальныя сьвяты. Просталюдзіны дазвалялі сабе такія жарты, якіх немагчыма сёньня ўявіць ня тое што ў сучаснай Беларусі, але нават у самай дэмкратычнай краіне. Напрыклад, можна было завесьці ў царкву асла зь лялькай на сьпіне, а лялька тая была выяваю Папы Рымскага. Улады разумелі: лепш народ выпусьціць пару празь сьмех, чым праз бунт. Пра зборнік “Ідыёт самы настаяшчы” працягвае Валерка Булгакаў:

(Булгакаў:) “Калі аўтары гэтай кніжкі ставяць сабе задачу любым чынам “апусьціць” беларускага прэзыдэнта, можна прызнаць, што кніжка дасягнула пэўнага эфэкту”.

*** У сатырычнай газэце “Навінкі” быў пэрсанаж пад псэўданімам Ярыла Пшанічны. Паэт-праўдаруб друкаваў вершы, поўныя любові да Аляксандра Рыгоравіча.

(Пшанічны:) “Я вам так кажу апрыёры: “Не гнявіце Яго дзеля Бога!” Пра Яго гавараць толькі добра, толькі добра, або нічога”.

А вось пра першы беларускі касьмічны спадарожнік:

(Пшанічны:) “Хай у недругаў, негадзяяў-фашыстаў душы запоўніць зайздрасьць і горыч. Наш першы спадарожнік мы назавем ад шчырага сэрца “Рыгорыч”.

Альбо пра беларускую экспэдыцыю на полюс:

(Пшанічны:) “Я веру, будзе весьці экспэдыцыю не адмарозак, ня член апазыцыі, не расейскі тайны агент, а наш дарагі прэзыдэнт”.

Сваю творчасьць Ярыла Пшанічны вызначае як сац-арт. Аўтар мяркуе, што адмоўнымі эмоцыямі нельга дасягнуць станоўчага эфэкту.

(Пшанічны:) “Гэта можа быць толькі на нейкай кухні. У літаратуры я супраць”.

(Карэспандэнт:) “Ну, а Вашую творчасьць чалавек прачытаў, пасьмяяўся ды ўсё?”

(Пшанічны:) “Не!.. Ён не пасьмяяўся. Над маімі ж сьцяхамі плакаць нада”.

*** Ананімныя й аўтарскія творы, прысьвечаныя асобе Аляксандра Лукашэнкі, былі сабраныя пад адну вокладку ў 2000-м годзе і перавыдадзеныя ў 2001-м. Гісторык культуры Вацлаў Арэшка тлумачыць зьяўленьне зборніка “Ідыёт самы настаяшчы” архіўна-музэйнай задачай:

(Арэшка:) “Многім здавалася, што яшчэ год-два і ўсё гэта адыдзе ў гісторыю. Таму трэба захоўваць для гісторыі, найперш фальклёрныя творы. Калі рыхтавалася другое выданьне, гэта была кніжка для народу. Калі будзе трэцяе выданьне, спадзяюся, што яно зноў будзе музэйным”.

Як хутка зьявіцца поўны й канчатковы зборнік народных твораў пра Аляксандра Лукашэнку, залежыць ад самога Аляксандра Лукашэнкі або ад самога народу.
XS
SM
MD
LG