Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Станіслаў Багданкевіч правёў перадвыбарчы мітынг у Менску


Ганна Соусь, Менск 10 кастрычніка ля Палацу чыгуначнікаў з дазволу менскіх уладаў адбыўся перадвыбарчы мітынг кандыдата ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі па Чкалаўскай выбарчай акрузе, ганаровага старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Станіслава Багданкевіча.

Доктар эканамічных навук , экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч прыйшоў на мітынг са сваім дзевяцігадовым сынам. У сваім звароце да выбаршчыкаў ён казаў пра неабходнасьць правядзеньня эканамічных рэформаў у Беларусі.

(Багданкевіч: ) “Я хацеў бы пайсьці ў парлямэнт дзеля таго, каб са сваімі калегамі паспрабаваць ажыцьцявіць гэтыя рэформы – сацыяльна арыентаваныя рынкавыя рэформы, узважаныя рэформы. Крок за крокам ісьці да таго, да чаго прыйшлі нашы суседзі, таму што мы ўжо 10 гадоў згубілі”.

Падтрымаць Станіслава Багданкевіча прыйшлі вядомыя ў Беларусі асобы – экс-кіраўнік беларускага ўраду Міхал Чыгір, былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў, прадпрымальнік Андрэй Клімаў, Васіль Шлындзікаў, Алег Манаеў ды іншыя. У падтрымку Станіслава Багданкевіча выступіў старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Галасуйце за Багданкевіча! Гэта годны, прыстойны чалавек, і ён пацьвердзіў гэта ўсім жыцьцём. Пакуль ён быў кіраўніком Нацыянальнага банку, рубель не абясцэньваўся. Пасьля гэтага беларускі рубель абясцэніўся больш чым у 700 разоў болей, чым расейскі рубель”.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў заклікаў усіх выказацца на рэфэрэндуме супраць пажыцьцёвага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. А кіраўнік Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў выбаршчыкам, якіх прымусяць пайсьці на датэрміновае галасаваньне, зрабіць наступны крок:

(Лябедзька: ) “Вазьміце блянк для галасаваньня па рэфэрэндуму. Падзяліце яго на 2 часткі. Адну частку, дзе напішыце “супраць”, кіньце ў скрыню, а другую частку, дзе ёсьць подпісы сяброў выбарчай камісіі, забярыце з сабой. Мы скажам Вам, што трэба рабіць”.

Дадам, што паслухаць Станіслава Багданкевіча прыйшлі каля сотні выбаршчыкаў.
XS
SM
MD
LG