Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаткавы цяжар у наступным годзе ня зьменшыцца, а наадварот, значна ўзрасьце


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд беларускага друку

Аб гэтым паведамляе сёньняшняя “Белорусская газета”. Палата прадстаўнікоў напрыканцы мінулага тыдня прыняла шэраг паправак у падаткавае заканадаўства. Гэта дазволіць прыцягнуць у бюджэт больш за 100 мільярдаў рублёў. “…Папярэдні аналіз справаздачы міністра фінансаў пакідае самае дакладнае ўяўленьне пра пэрспэктывы разьвіцьця падаткавай сыстэмы ў Беларусі. Двух меркаваньняў быць ня можа: падаткавы цяжар зь сёньняшніх 43 адсоткаў да ВУП узрасьце значна. Трэба ж некаму плаціць за рост матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва й выкананьне абяцаньняў прэзыдэнта”, рэзюмуе “БГ”.

Яшчэ адна падзея, да якой “Белорусская газета” зьвяртаецца ў гэтым нумары – прыняцьце “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”. Матэрыял называецца “Пасьля акту саладзей ня стане”. Карэспандэнты газэты спрабавалі высьветліць, да чаго прывядзе прыняцьце гэтага дакумэнта. Вядомыя палітолягі й грамадзкія дзеячы лічаць, што “Акт аб дэмакратыі” ёсьць умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Беларусі, аднак такое ўмяшальніцтва апраўданае нават статутам ААН.

Больш за тысячу назіральнікаў за ходам галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у рэфэрэндуме вылучылі працоўныя калектывы, грамадзкія аб’яднаньні й палітычныя партыі Берасьцейшчыны, піша “Брестская газета”. Большую актыўнасьць у вылучэньні назіральнікаў выявілі працоўныя калектывы, чаго пакуль нельга сказаць пра палітычныя партыі. Зрэшты, Выбарчы кодэкс дазваляе вылучаць назіральнікаў ажно да самых выбараў, таму, магчыма, палітычныя партыі яшчэ накіруюць сваіх прадстаўнікоў. Таксама чакаецца, што ў рэгіёне зьявяцца 30 кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў ад эўрапейскіх структураў і СНД.

Цэлая сэрыя дзёрзкіх рабаваньняў была зьдзейсьненая цягам некалькіх дзён у Лепелі, паведамляе “Витебский курьер”. У бязьлюдным раёне (практычна ў адным і тым жа месцы) рабаўнік падпільноўваў самотных жанчын, выхопліваў у іх торбачкі ды ўцякаў. Міліцыя даволі хутка рабаўніка злавіла. Аказалася, што злачынца – зусім не цяжкі падлетак і не рэцыдывіст, а прыстойны й законапаслухмяны мясцовы трактарыст. Цікава, як рабаўнік распарадзіўся сваёй апошняй здабычай: ён скраў торбачку, дзе было 250 тысяч рублёў, 150 эўра й залаты ланцужок з бранзалетам. Дык вось, рабаўнік забраў сабе толькі нацыянальную валюту, а замежнымі грашыма й ювэлірнымі каштоўнасьцямі пагрэбаваў, папросту іх выкінуў. На беларускія ж грошы трактарыст набыў у бліжэйшай краме пляшку “чарнілаў”, цыгарэты й сасіскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG