Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сказаў Урал Латыпаў пра выбары, рэфэрэндум і “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”


Валер Каліноўскі, Менск Увечары 10 кастрычніка па тэлеканале ОНТ да агітацыі за А. Лукашэнку й ягоны рэфэрэндум далучыўся кіраўнік ягонай адміністрацыі Урал Латыпаў. Ён надзвычай рэзка выступае публічна, што зразумела, зыходзячы зь ягонага мінулага ў КГБ. Складана нават прыгадаць, калі ж апошні раз выступаў спадар Латыпаў па тэлебачаньні. Чым адрозьніваўся выступ Латыпава за Лукашэнку ад тых, якія робяць іншыя агітатары?

Урал Латыпаў – адзіны з лукашэнкавых прапагандыстаў, хто паспрабаваў адказаць на нязручныя для свайго кіраўніка пытаньні, у тым ліку наконт ягоных намераў на пажыцьцёвае прэзыдэнцтва, наконт адабрэньня рэфэрэндума Крамлём і іншыя.

Што да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва Лукашэнкі, то Латыпаў заявіў, што Лукашэнка нібыта ня вырашыў нават, ці будзе браць удзел у выбарах 2006 года, што ў Беларусі пажыцьцёвае прэзыдэнцтва не праходзіць, грамадзтва яго ня ўспрымае, і маўляў, сам Лукашэнка гэта разумее. Акрамя таго, паводле Латыпава, дазволу ў Крамля на рэфэрэндум Лукашэнка і не прасіў, у такім ключы пытаньне ня ставілася пад час перамоваў. Супадзеньне трагедыі ў Бэслане з пачаткам кампаніі па рэфэрэндуме Латыпаў назваў выпадковым, бо адкладваць рэфэрэндум нібыта было нельга.

Урал Латыпаў закрануў і тэму “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”, на мінулым тыдні ухваленага Канрэсам ЗША. Латыпаў быў міністрам замежных справаў, і ён разумее, як працуе заканадаўчая сыстэма ЗША. Таму ён зазначыў, што амэрыканскі “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” – гэта надоўга, і што амэрыканцы з падобных законаў выціскаюць максымум. Урал Латыпаў абвінаваціў апазыцыю ў тым, што яна нібыта “наклікала” санкцыі ЗША супраць беларускага кіраўніцтва й народу.

Пра прычыны ж прыняцьця Акту Кангрэсам ён нічога не сказаў, як і пра яго асноўныя патрабаваньні да афіцыйнага Менску. Увогуле, абвінавачваючы ЗША і Захад у цэлым у падвойных і нават “патройных стандартах” у адносінах да Беларусі і яе кіраўніцтва, Латыпаў матывам гэтага акрэсьліў толькі жаданьне Захаду падпарадкаваць Беларусь сабе, забараніць ёй быць самастойнай.

Паводле зьвестак Латыпава, і ў Эўразьвязе зараз думаюць, ці ўводзіць адносна Беларусі санкцыі пасьля рэфэрэндуму.

Які вобраз А. Лукашэнкі намагаўся стварыць У. Латыпаў? Ён заяўляў, што Лукашэнка – прэзыдэнт бедных людзей і людзей сярэдняга дабрабыту, якія чакаюць сацыяльнай падтрымкі і якія складаюць абсалютную бальшыню беларускага грамадзтва.

Прыкладам таго, што Лукашэнка не адарваўся ад народу, Латыпаў назваў тое, што абодва ягоныя сыны пасьля ВНУ пайшлі адслужыць у войску, ажаніліся на простых дзяўчатах і не заняліся бізнэсам, хоць, як прызнаў спадар Латыпаў, магчымасьці ў іх у гэтым пляне “неабмежаваныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG