Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне “Белпошта” забясьпечвае вёскам далучэньне да інтэрнэту


Сяргей Астраўцоў, Горадня Беларусь пакуль адстае, што датычыць доступу насельніцтва да інтэрнэту. Але на Гарадзеншчыне ім пачало карыстацца нават сельскае насельніцтва. Доступ на інтэрнэту ёсьць ужо ў дзевяці вёсках — у аддзяленьнях сувязі. Гэты праект ажыцьцяўляе абласная філія “Белпошты”.

Паводле намесьніка дырэктара абласной пошты Сяргея Казукевіча, яны плянуюць стварыць сёлета да 50 працоўных месцаў. Выбіралі перш за ўсе тыя вёскі, дзе тэлекам можа прадаставіць добрыя лініі сувязі для выхаду ў інтэрнэт. Гэта сацыяльная праграма, а не камэрцыйная, зазначае спадар Казукевіч.

(Казукевіч: ) “Па грошах гэта відно: людзі ідуць, атрымліваюць электронную пошту, раздрукоўкі. Барацьба ў нас, канешне, ідзе. Ставім паролі доступу на тыя сайты, якія мы лічым, што ня варта дзецям знаць і бачыць”.

Сяргей Казукевіч гаворыць, што мае на ўвазе розныя парнаграфічныя сайты. Ён зазначае, што гэта, на жаль, заканадаўча яшчэ ніяк не абгаворана.

Ужо сёньня вяскоўцы інтэрнэтам, канешне, карыстаюцца, перш за ўсё – школьнікі. Хаця на пошце гавораць, што самаму старому кліенту 73 гады. Я патэлефанаваў у вёску Парэчча, дзе таксама ў аддзяленьні сувязі ёсьць доступ да сусьветнага павуціньня. Гэта вёска на поўначы Гарадзенскага раёну ля мяжы зь Літвой, у ёй вядомы санаторый зь мінэральнай вадой накшталт друскеніцкай. Вось што мне адказалі на пошце:

(Дзяўчына: ) “Карыстаюцца збольшага наведнікі санаторыя, у асноўным яны электронную пошту чытаюць, у каго кампутары дома стаяць. На сайты выходзяць — каго якія цікавяць. І дзеці прыходзяць пасьля школы. На канікулах дык пастаянна — з раніцы да вечара сядзяць”.

Паштарка яшчэ сказала, што летам было лепей, таму што адпачывала моладзь, студэнты, дык яны выходзілі ў інтэрнэт часьцей. Далучаліся на гадзіну-дзьве. Сёньня ў санаторыі наведнікі пажылыя, іх гэта не цікавіць. А ў школьнікаў вольнага часу няшмат. Дый канкурэнцыя зьявілася: у Парэччы ўзьнік прыватны кампутарны клюб, там таксама ёсьць выхад у інтэрнэт.
XS
SM
MD
LG