Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі сродкамі карыстаецца ўлада, каб мінімалізаваць шанцы кандыдатаў ад апазыцыі?


Міхал Стэльмак, Менск На гэтым тыдні прадоўжыцца агітацыйная кампанія кандыдатаў у дэпутаты. Аднак, паводле назіральнікаў, ужо зараз можна казаць пра скаардынаваныя дзеяньні ўлады супраць дэмакратычных прадстаўнікоў. У чым адметнасьці гэтых дзеяньняў? Ці ёсьць у дэмакратаў магчымасьці супрацьстаяць такім паліттэхналёгіям улады?

Як сьцьвярджаюць у лягеры апазыцыі, улада мае цэнтар у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, які кантралюе хаду агітацыйнай кампаніі. Распараджэньні гэтага цэнтру ў выбарчых акругах выконваюць адміністрацыі гарадоў і раёнаў. Далей гэтая выбарчая “вэртыкаль” сягае на ўзровень кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.

Такім чынам, на баку ўлады ў агітацыйнай кампаніі задзейнічаныя дзесяткі тысяч кіруючых асобаў. І кожны зь іх у межах сваіх службовых паўнамоцтваў мусіць ствараць перашкоды для дэмакратычных кандыдатаў. У прыватнасьці, так лічыць кандыдат ад Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі, які балятуецца ў Жодзінскай акрузе №79:

(Лапіцкі: ) “Выканкам становіцца перадвыбарчым штабам кандыдата ад улады. Дадзены загад кожнаму кіраўніку прадпрыемства ставіцца адпаведным чынам да кандыдатаў. Тая інфармацыя, якую мы далі быццам бы на роўных умовах у дзяржаўную прэсу, падаецца такім чынам. Вось, напрыклад, я ўбачыў свой праграмны артыкул і жаху даўся. Уся гэтая праграма змакетаваная такім чынам, што яе цяжка чытаць. Выглядае, як улётка фашыстоўская. Па-другое, адміністрацыя таго ж БелАЗу дае “зялёнае сьвятло” для кандыдата ад улады. Ёй (кандыдату) выдзяляецца транспарт, і яе водзяць па цэхах як на экскурсію. Зьбіраюць мэтава людзей. Нашыя грамадзяне замаўлялі на сустрэчы з выбарцамі пікетаваньні. Гэтыя ўсе мерапрыемствы як у Жодзіне, так і ў Смалявічах забаронены”.

Улада актыўна выкарыстоўвае і такі сродак супрацьдзеяньня дэмакратычных кандыдатам як зьнішчэньне іхных агітацыйных матэрыялаў. У прыватнасьці, зьнішчаюцца ўлёткі дэмакратаў, разьмешчаныя ў людных месцах. Удзельнікі выбарчай кампаніі ад апазыцыі адзначаюць і такі прыём улады, як праслухоўваньне іхных тэлефонных перамоваў і кантроль за перамяшчэньнем.

Напрыклад, падчас агітацыйных паездак па Нясьвіскай выбарчай акрузе сутыкнулася з такімі прыёмамі кандыдатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьвятлана Панамарова:

(Панамарова: ) “Мы ўвечары езьдзілі ў Сноў. Патэлефанавалі. У чалавека мабільнага тэлефона няма, таму тэлефанавалі па звычайным, што прыедзем у столькі гадзін. Неяк мы адразу пра сачэньне не падумалі, а потым бачым, што неяк дзіўна за намі машына едзе – на аднолькавай адлегласьці і не абганяе. Мы пачалі зьніжаць хуткасьць – і там зьніжаюць. Было відаць, што яна ў нас “на хвасьце”. Мы зьвярнулі ўбок – і яна зьвярнула. Тады мы пачалі па Нясьвіжы віляць, зьехалі ўбок, потым праехалі з выключанымі фарамі. І яна, мабыць. Нас гэтая машына згубіла. Мне высокапастаўлены міліцыянт сказаў, што каб мелі на ўвазе, што за намі пушчана “наружка”.

Паводле дэмакратаў, гэткім чынам спрабуюць нагнаць страху ня толькі на іх, а й на іхных сваякоў, блізкіх, а таксама давераных асобаў. Выбарчая тэхналёгія ўлады ўключае і запалохваньне выбарцаў, што маюць цікавасьць да сустрэчаў з апазыцыянэрамі. Мясцовае начальства раіць насельніцтву ўстрымлівацца ад такіх сустрэчаў. Таму гэтыя мерапрыемствы нярэдка праходзяць у паўпустых залях. Як вынік, некаторыя кандыдаты ўжо зараз страчваюць упэўненасьць у перамозе на выбарах. А вось што мяркуе на гэты конт адзін зь лідэраў АГП Міхаіл Пліска:

(Пліска: ) “Тут нават і ня чорны піяр. Цяжка супрацьстаяць, але можна. Трэба адсочваць дзеяньні кандыдатаў ад улады. Калі складаць такія акты, здымаць гэта на відэастужкі, на відэаролікі, то таксама можна дамагацца іхнага зьняцьця. Некаторыя нашы кандыдаты, якія мне самі казалі, асабліва тыя, якіх зьнялі, што яны прынялі рашэньне заклікаць выбарцаў галасаваць супраць усіх. Таму што несправядлівыя выбары”.
XS
SM
MD
LG