Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюлетэні для рэфэрэндуму будуць спальваць і здрабняць праз паўгады


Алесь Дашчынскі, Менск Цэнтрвыбаркам прыняў пастанову, паводле якой бюлетэні для галасаваньня на рэфэрэндуме будуць захоўвацца толькі шэсьць месяцаў пасьля галасаваньня, а потым іх зьнішчаць – спаляць ці здрабняць.

Чаму такое кароткае жыцьцё ў гэтых дакумэнтаў? У Цэнтрвыбаркаме заявілі, што шэсьць месяцаў – гэта максымальны тэрмін разгляду ўсіх выбарных спрэчак. Пасьля гэтага бюлетэні павінны быць зьнішчаныя ва ўстаноўленым парадку – гэта азначае, што іх павінны проста здаць на макулятуру. Але Цэнтральная камісія запісала ў пастанову такую фразу – “зьнішчэньне дакумэнтаў павінна праводзіцца шляхам спальваньня ці здрабненьня”. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Работнік, які загадвае архівам, папросту абавязаны парваць іх ці парэзаць гэтыя бюлетэні, гэтыя дакумэнты, і здаць потым іх на другасную сыравіну альбо, калі няма куды здаваць, проста спаліць павінен”.

Большы тэрмін захаваньня іншых дакумэнтаў. Пратаколы паседжаньняў Цэнтрвыбаркаму захоўваюцца 15 гадоў, абласных камісій па рэфэрэндуму – 10 гадоў. Яны потым перадаюцца ў архівы. Пратаколы раённых камісій захоўваюцца ў мясцовых адміністрацыях 5 гадоў, а ўчастковых – 4 гады, пасьля чаго зьнішчаюцца.

Атрымліваецца, што самае кароткае жыцьцё ў самых важных дакумэнтаў рэфэрэндуму – бюлетэняў, цьвердзіць юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) “Самае істотнае – гэта якраз бюлетэні, таму што вельмі часта ў пратаколах могуць быць указаныя адны лічбы, якія рэальна могуць не адпавядаць дадзеным у бюлетэнях на канкрэтным участку. Таму важна было б якраз захоўваць бюлетэні, хаця б такі ж самы тэрмін як і пратаколы ўчастковых камісій”.

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, хуткае зьнішчэньне бюлетэняў рэфэрэндуму – гэта магчымасьць для ўлады назаўсёды схаваць яго легітымнасьць, бо зрабіць перападлік потым будзе немагчыма. А той факт, што бюлетэні будуць захоўвацца ў мясцовых органах улады, дазваляе казаць пра неабмежаваны доступ да іх прадстаўнікоў выканаўчай улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG