Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

11 кастрычніка 1918 году Рада БНР зацьвердзіла Часовую Канстытуцыю


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 10 і 11 кастрычніка

Сьпярша – пра каляндар учорашняе нядзелі.

10 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся Францішак. Апусьцелыя гэтым часам палі знайшлі наступнае адлюстраваньне ў народнай творчасьці: “На сьвятога Францішка шукае зярнят у полі мышка”.

10 кастрычніка 1577 году атрымалі прывілей на магдэбурскае права беларускія гарады Магілёў, Мазыр і Ула.

10 кастрычніка 1938 году ў сталінскім ГУЛАГу загінуў Адам Бабарэка – найбольш прыкметны літаратурны крытык даваеннае пары і стваральнік пісьменьніцкіх суполак “Маладняк” і “Ўзвышша”.

10 кастрычніка 1939 году Савецкі Саюз перадае Вільню Літве. Перад гэтым меркавалася зрабіць Вільню сталіцай Заходняй Беларусі. Аднак сталася па-іншаму. Узамен за Вільню Літва дазволіла разьмясьціць на сваёй тэрыторыі савецкія вайсковыя базы, якія неўзабаве стануць пляцдармам далучэньня Літвы да СССР.

10 кастрычніка 1796 году нарадзіўся беларускі дасьледнік Міхал Без-Карніловіч. Найбольш вядомая ягоная праца – кніга “Гістарычныя зьвесткі пра знакамітыя месцы ў Беларусі“ – пабачыла сьвет у 1855 годзе, але ня страціла актуальнасьці і нядаўна была выдадзеная зноў.

А яшчэ 10 кастрычніка – дзень нараджэньня піянэра-героя Марата Казея і паэта Леаніда Дранько-Майсюка.

Зь вялікіх людзей сьвету, што нарадзіліся ў гэты дзень, згадаем італьянскага кампазытара Джузэпэ Вэрдзі і двух ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі – нарвэскага дасьледніка Фрыцьёфа Нансэна і сэрбскага пісьменьніка Іва Андрыча.

Цяпер – пра памятныя даты сёньняшняга календара.

11 кастрычніка 1918 году Рада БНР зацьвердзіла Часовую Канстытуцыю. Гісторык Анатоль Сідарэвіч заўважае, што ўрад Антона Луцкевіча гатовы быў увесьці ў Беларусі савецкую канстытуцыю пры ўмове, што савецкая Расея прызнае незалежнасьць БНР. Аднак такая прапанова не была прынятая Масквою.

11 кастрычніка 1913 году нарадзілася беларуская паэтка Эдзі Агняцьвет. Найбольш прыкметны ўнёсак Эдзі Агняцьвет у беларускую літаратуру – гэта яе дзіцячая паэзія і пераклады з францускай мовы твораў Бэранжэ, Апалінэра і Элюара.
XS
SM
MD
LG