Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі адбыўся мітынг супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнта


Казімір Яноўскі, Гомель 10 кастрычніка ў Гомелі блізу паўтысячы гараджанаў узялі ўдзел у мітынгу супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнта. Гарвыканкам дазволіў акцыю ля Палацу глухіх на вуліцы Юбілейнай. На мітынгу, які праходзіў пад лёзунгам: “Беларусі –так! Лукашэнку – не!”, выступілі кандыдаты ў дэпутаты ад кааліцыі “Пяцёрка плюс” Алесь Карніенка, Юрый Варонежцаў, Віктар Хоміч ды іншыя. Падчас мітынгу нарасхват ішла кніга Шарамета й Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”.

Сябра АГП Васіль Палякоў, які замовіў і распачынаў мітынг, нагадаў гараджанам: яшчэ год таму дэмакратычныя сілы гораду правалілі грамадзкае галасаваньне наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну.

(Палякоў: ) “Большасьць удзельнікаў – менавіта 89,6 адсотка – сказалі “не” трэцяму тэрміну прэзыдэнта”. І ўсё ж, нягледзячы на такія лічбы, Аляксандр Лукашэнка абвясьціў рэфэрэндум”.

Кандыдат у дэпутаты парлямэнту ў 33 выбарчай акрузе Алесь Карнеенка патлумачыў, што асабіста ён супраць трэцяга тэрміну яшчэ й таму, што адміністрацыя Лукашэнкі не адказала на запыт звыш 4 тысячаў гамельчукоў. Зімою яны паставілі пад запытам свае подпісы й патрабавалі адказу: чаму так падвышаны камунальныя плацяжы?

(Карніенка: ) “Мы пыталіся ў прэзыдэнта: чаму гэта адбываецца? У сувязі з чым такі жахлівы рост камунальных плацяжоў, што пэнсіянэры ажно плакалі? Мінулі многія месяцы. Адказу няма”.

Яшчэ адзін кандыдат ад АГП Юры Варонежцаў у сваёй прамове выказаў зьдзіўленьне, што міліцыя ды спэцслужбы палююць на палітычных апанэнтаў, а не займаюцца абаронай канстытуцыйнага ладу ў тых кабінэтах, дзе “сядзяць арганізатары злому Канстытуцыі, ператварэньня яе ў анучу для мыцьця падлогі”.

Пасьля мітынгу міліцыя затрымала легкавік сябра АГП Уладзімера Кацоры. Яго прымусілі ехаць у Чыгуначны РАУС, дзе ўчынілі ператрус. Відаць, шукалі кнігу Шарамета й Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”, якую раздавалі на мітынгу. Аднак у легкавіку міліцыянты знайшлі толькі падшыўкі старых газэт.
XS
SM
MD
LG