Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі прыйшлі на Бангалор, каб сказаць Лукашэнку – не!


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску 10 кастрычніка прайшоў перадвыбарчы й антырэфэрэндумны мітынг дэмакратычнай апазыцыі. Гэтая акцыя праходзіла пад лёзунгам: “Беларусі – так, Лукашэнку – не!” Міліцыя канфіскавала некалькі транспарантаў і затрымала трох удзельнікаў гэтай акцыі.

У мітынгу на плошчы Бангалор, дазвол на правядзеньне якога ад гарадзкіх уладаў атрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, удзельнічала прыкладна каля паўтысячы чалавек.

Міліцыянты адразу пачалі паводзіць сябе даволі жорстка. У многіх людзей правяралі асабістыя рэчы, шукаючы антырэфэрэндумных транспарантаў . Такім чынам затрымалі маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча й Барыса Гарэцкага. У хлопцаў забралі транспарант з надпісам “Не трэцяму тэрміну!” і адвезьлі ў пастарунак.

Затрымалі й сябра ПКБ Уладзімера Карпухіна. Гурту “Палац” забаранілі выступаць на мітынгу. Амонаўцы таксама забралі вялікі транспарант з надпісам “Беларусі – так, Лукашэнку – не!”

Тым ня менш, увесь мітынг праходзіў менавіта пад гэтым лёзунгам, агучаным вядоўцам Аляксандрам Дабравольскім:

(Дабравольскі: ) “Я думаю, што хопіць нам маўчаць. На выбарах мы скажам Беларусі – так, Лукашэнку – не!”

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў сілавыя дзеяньні міліцыі:

(Лябедзька: ) “Заўсёды так, што слабы абараняецца рэпрэсіямі. Вось рэпрэсіі – гэта ёсьць сьведчаньне якраз слабасьці рэжыму”.

Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Сяргей Скрабец, ды іншыя выступоўцы казалі пра фальсыфікацыі, якія рыхтуе ўлада ды заклікалі на выбарах галасаваць за дэмакратычных кандыдатаў, а на рэфэрэндуме сказаць Лукашэнку – не.
XS
SM
MD
LG