Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычыны й наступствы прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”


Юры Дракахруст, Прага Чаму абедзьве палаты амэрыканскага Кангрэсу на працягу вельмі кароткага тэрміну адзінагалосна ўхвалілі “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”? У якой ступені прыняцьце гэтага закону зьвязанае з меркаваньнем, якое пашыраецца прынамсі ў ЗША, што палітыка Захаду адносна Расеі мусіць стаць больш жорсткай і ўзгодненай? Ці ўлічвалі амэрыканскія заканадаўцы магчымасьць, што прыняты імі закон можа прынесьці беларускай ўладзе дадатковыя галасы на выбарах і рэфэрэндуме 17 кастрычніка? На гэтыя тэмы – гутарка з дырэктарам расейскіх і азіяцкіх праграмаў вашынгтонскага Цэнтра абарончай інфармацыі Мікалаем Злобіным.

(Дракахруст: ) “Спадар Злобін, чым можна патлумачыць тое, што “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, першы варыянт якога зьявіўся яшчэ 3 гады таму й шмат карэктаваўся ды абмяркоўваўся, зараз быў прыняты гэтак хутка? Спачатку яго адзінагалосна прыняла палата прадстаўнікоў кангрэсу, праз пару дзён – гэтак жа адзінадушна за яго прагаласаваў Сэнат. Як той казаў, доўга запрагалі, але хутка паехалі. Чаму?”

(Злобін: ) “Я мяркую, што да гэтага падштурхоўвала, з аднаго боку, уся сытуацыя з палітычным разьвіцьцём у сьвеце, у Амэрыцы і ў Расеі, але зразумела, што ў большай ступені гэта было зьвязана з рэакцыяй на нядаўнія праекты, якія былі абвешчаныя беларускім прэзыдэнтам. Гэта яшчэ больш стымулявала амэрыканскіх заканадаўцаў, і ўвага да Беларусі ў Вашынгтоне зараз значна большая, чым звычайна, і ў першую чаргу гэта зьяўляецца вынікам дзеяньняў самой Беларусі”.

(Дракахруст: ) “А чым, на Ваш погляд, можна патлумачыць тое, што абедзьве палаты Кангрэсу падтрымалі “Акт аб дэмакратыі” адзінагалосна? Наколькі я ведаю, гэта, у прынцыпе, незвычайная зьява ў практыцы амэрыканскага парлямэнта...”

(Злобін: ) “Я проста мяркую, што тут спрацавала некалькі рэчаў. Па-першае, цалкам адназначнае стаўленьне да беларускага рэжыму, якое існуе ў Амэрыцы. У беларускага рэжыму тут няма ані сяброў, ані абаронцаў, ані лобі, ані падтрымкі, ані пазытыўнага іміджу, ані тых, хто хаця б паставіў пад сумнеў крытыку гэтага рэжыму. З другога боку, такое адзінагалоснае рашэньне атрымалася ў выніку таго, што прыняцьце гэтага акта па Беларусі не закранае істотным чынам амэрыканскія эканамічныя ды палітычныя праекты й інтарэсы: няма аніводнага штата, аніводнай акругі, інтарэсы якой былі б закранутыя гэтым актам. Так што сур’ёзнага выбару тут амэрыканскім заканадаўцам рабіць не даводзілася. Да таго ж, з улікам узроўню эканамічных адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю, гэтае пытаньне вырашалася прасьцей, чым калі б гэта тычылася Расеі ці нейкіх іншых краінаў Усходняй Эўропы.

Трэба, аднак, мець на ўвазе, што калі размова ідзе пра дэмакратыю, то ў прынцыпе для большасьці амэрыканцаў гэта ня проста пытаньне рыторыкі, прыгожай позы і словаў – гэта тое, у што Амэрыка верыць. Для яе гэта пытаньне прынцыповае. Таму нават з пункту гледжаньня чыста маральнага для сябраў Кангрэса і сэнатараў вялікага выбару не было, таму што, паводле амэрыканскіх мерак Беларусь і блізка не стаіць да цывілізаваных стандартаў сучаснага сьвету. Таму, я думаю, яны ўсе са спакойнай душой прагаласавалі за гэты акт”.

(Дракахруст: ) “Зараз палітычнае стаўленьне да Расеі на Захадзе ў цэлым і, у прыватнасьці, у ЗША пачынае мяняцца. Усё большую папулярнасьць і распаўсюд набірае думка, што трэба да Масквы ставіцца больш жорстка. Пакуль гэта толькі плынь палітычнай думкі, якая аднак, набірае ўсё большую вагу. Гэты чыньнік – ці зьвязанае зь ім зьяўленьне такога “Акта аб дэмакратыі” адносна бліжэйшага саюзьніка, Расеі?”

(Злобін: ) “Я мяркую, што так, безумоўна, часткова гэта званок на адрас Расеі таксама. Гэта сыгнал, што падобныя палітычныя тэндэнцыі ўнутры той ці іншай замежнай краіны амэрыканскі істэблішмэнт будзе ўспрымаць надзвычай нэгатыўна. Я мяркую, што прыняць падобны акт адносна Расеі ніякім чынам не атрымаецца, тым больш адзінагалосна. Таму ў якасьці прыкладу была абраная Беларусь, якая выклікае значна менш спрэчак наконт сутнасьці тамтэйшага рэжыму. Але я б не скідаў з рахункаў расейскую скіраванасьць гэтага акта. Шмат рэчаў, пра якія гаворыцца ў гэтым акце, з пэўнай доляй нацяжкі можна аднесьці й да цяперашняй Расеі. Я размаўляў зь некаторымі аўтарамі “Акта” – яны мелі на ўвазе тыя тэндэнцыі, якія складваюцца ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі. Калі Вы памятаеце, першапачаткова ідэя акта зьявілася ў разгар размоваў наконт магчымага аб’яднаньня Расеі й Беларусі, дыскусіяў пра ўмовы гэтага аб’яднаньня, пра палітычную структуру гэтай меркаванай саюзнай дзяржавы. Усё гэта вельмі цікавіць амэрыканскіх заканадаўцаў, і пытаньне пра тое, як сёньня Расея й Беларусь будуюць свае палітычныя сыстэмы ўнутры – гэта для амэрыканцаў пытаньне ня толькі маралі, сумленьня й правоў чалавека, але й агульнай стратэгіі барацьбы з тэрарызмам, стварэньня агульнага фронту барацьбы з тэрарызмам, дзе саюзьнікі падзяляюць агульныя ідэалы і мэты”.

(Дракахруст: ) “Акт даручае прэзыдэнту ЗША зрабіць крокі, каб да захадаў адносна Беларусі, прадугледжаных актам, далучыліся іншыя, прынамсі – эўрапейскія краіны. Наколькі імавернай Вам падаецца магчымасьць такіх супольных дзеяньняў ЗША і Эўропы?”

(Злобін: ) “У дадзеным выпадку гэта і для эўрапейцаў таксама сыгнал наконт таго, якую пазыцыю займае Амэрыка адносна Беларусі і, часткова – Расеі й постсавецкай прасторы ў цэлым. Я мяркую, што ў бліжэйшым часе мы ўбачым рэакцыю Эўразьвязу, рэакцыю некаторых эўрапейскіх краінаў, НАТО, якія пачнуць надзвычай крытычна выказвацца на адрас Беларусі, і я хачу падкрэсьліць, што калі эканамічныя адносіны Беларусі й Злучаных Штатаў не такія сур’ёзныя, каб істотна паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, то адносіны з Эўразьвязам – іншыя. І калі Зьвяз зойме такую ж пазыцыю, як Вашынгтон (а я амаль ўпэўнены, што зойме), то трэба прыгадаць, што на Эўразьвяз прыпадае больш за траціну зьнешнегандлёвага звароту Беларусі. І гэта можа вельмі сур’ёзна паўплываць на эканамічную сытуацыю ў Беларусі, на імідж краіны, на тыя зьнешнепалітычныя праекты, якія там абмяркоўваюцца. У любым выпадку, я мяркую, што гэта сур’ёзны званок, які прагучаў з Вашынгтона, яго пачулі ў Маскве, і яго, безумоўна, пачуюць у Эўрапейскім Зьвязе”.

(Дракахруст: ) “Званок з Вашынгтона быў пачуты ня толькі ў Маскве і ў Брусэлі, але і ў Менску. Аляксандар Лукашэнка назваў прыняцьце акта “глупскім рашэньнем”, “вялікім падарункам” беларускай уладзе, якая за кошт гэтага атрымае дадатковыя 10% на выбарах і рэфэрэндуме 17 кастрычніка. Ці ня выключаеце Вы, што ў фактычным пляне Лукашэнка ў пэўным сэнсе мае рацыю, што магчымы такі “эфэкт бумэранга”? Ці не апынецца беларуская апазыцыя ў вачах грамадзкасьці ў ізаляцыі, ці ня будзе разглядацца, як наўпроставая агентура Захаду? Ці ня выкліча гэта, сапраўды, пашырэньне падтрымкі ўлады з боку насельніцтва?”

(Злобін: ) “Я мяркую, што такі эфэкт можа быць і пэўна будзе. У кароткатэрміновай пэрспэктыве ўлада безумоўна зможа выкарыстаць гэты акт як “страшылку”, супраць якой трэба ўмацоўваць уладу. Гэта падобна да таго, што зараз адбываецца ў Расеі, дзе шукаюць зьнешняга ворага, а тут Амэрыка сама падстаўляецца й выклікаецца на гэтую ролю зьнешняга ворага. Але тут варта ўлічваць, што беларуская апазыцыя ў любым выпадку разглядаецца значнай часткай насельніцтва Беларусі, як прадстаўнік зьнешніх сілаў, і я мяркую, што тут яе імідж ня зьменіцца. Пытаньне палягае ў тым, у якой ступені беларуская апазыцыя можа заваяваць падтрымку большасьці насельніцтва? І тут, у Вашынгтоне, адказу на гэтае пытаньне ні ў кога, на жаль, няма. Меркаваньні наконт беларускай апазыцыі разыходзяцца – дакладней, сыходзяцца ў тым, што ў прэзыдэнта Лукашэнкі на сёньня няма адэкватнай апазыцыі, здольнай узяць на сябе адказнасьць за разьвіцьцё падзеяў. Хаця Вашынгтон можа ў гэтым пытаньні і памыляцца.

Але, у любым выпадку, Амэрыка вырашыла ў дадзеным выпадку выказаць свой прынцыповы пункт гледжаньня на тое, што адбываецца ў Беларусі. Я лічу, што доўгатэрміновы эфэкт будзе дасягнуты тым, што рэжым Лукашэнкі будзе адчуваць значна больш сур’ёзныя міжнародныя цяжкасьці й праблемы, праблемы ў эканамічнай палітыцы, у абароннай палітыцы і гэтак далей. Мяркую, што Вашынгтон знойдзе рычагі, каб Масква пачала больш прахалодна ставіцца да свайго бліжэйшага суседа, што таксама паўплывае на магчымасьці рэжыму Лукашэнкі. Так што нават калі беларуская ўлада дасягне кароткатэрміновага эфэкту на цяперашніх выбарах, то рэпутацыя рэжыму, яго магчымасьці заваёўваць падтрымку насельніцтва, у тым ліку й праз эканамічныя і сацыяльныя праграмы, у стратэгічным пляне будуць падарваныя; і, відаць, менавіта на гэта й разьлічвалі амэрыканскія кангрэсмэны і сэнатары, калі прымалі гэты акт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG