Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты зрабілі ператрус у памяшканьні берасьцейскай моладзевай арганізацыі “Сузор’е”


Алег Супрунюк, Берасьце Больш за 20 тысячаў улётак з праграмнымі заявамі кааліцыі “5+” і супраць абраньня Аляксандра Лукашэнкі на новы прэзыдэнцкі тэрмін былі канфіскаваныя ў Берасьці: такім чынам можа быць сарваная агітацыйная кампанія мясцовых апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

Да гадзіны ночы 9 кастрычніка працягваўся ператрус у памяшканьні, якое належыць моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Сузор’е”, што дзейнічае ў Берасьці. Міліцыянты прыйшлі нібыта дзеля таго, каб праверыць пашпартны рэжым. Аднак убачыўшы, што ў пакоях знаходзяцца ўлёткі, якія маюць дачыненьне да парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, яны адразу выклікалі супрацоўнікаў апэратыўнай групы ўпраўленьня ўнутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму.

Вынікам агляду памяшканьня сталася тое, што міліцыянты вырашылі правесьці экспэртызу 20-ці тысячаў улётак са зьместам праграмы “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”, на якіх грунтуецца перадвыбарчая праграма апазыцыйных кандыдатаў на выбарах у парлямэнт. З памяшканьняў моладзевай арганізацыі міліцыянты таксама вывезьлі ўлёткі, што заклікаюць галасаваць супраць пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум.

Кіраўнік аб’яднаньня “Сузор’е” Зьміцер Шыманскі заявіў, што ўся друкаваная прадукцыя мае выходныя дадзеныя й адпавядае заканадаўству, і ў міліцыянтаў не было ніякіх падставаў яе вывозіць. Спадар Шыманскі, які вылучаны кандыдатам ад партыі БНФ у берасьцейскай Цэнтральнай акрузе №2, гаворыць, што падзеі апошніх сутак скіраваныя на тое, каб сарваць ягоную агітацыйную кампанію.

(Шыманскі: ) “Замест таго каб сустракацца з выбарцамі, праводзіць агітацыйную кампанію, я павінен па 3-4 гадзіны прысутнічаць пры тым, як усе рэчы ў маім пакоі пераглядаюцца супрацоўнікамі міліцыі. Яны маюць нахабства ня толькі аглядаць памяшканьне, але адчыняць шафы, тумбачкі, заглядаць паўсюль і, па сутнасьці, ператвараюць агляд у вобыск, ня маючы на гэта адпаведнай санкцыі пракурора”.

Зьміцер Шыманскі таксама не выключае, што ператрус у моладзевай арганізацыі, якую ён узначальвае, можа быць выкарыстаны дзяржаўным тэлебачаньнем, бо ўсе падзеі міліцыянты здымалі на відэакамэру.
XS
SM
MD
LG