Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старшыня акруговай выбарчай камісіі вынесла папярэджаньне Міколе Статкевічу


Альгерд Невяроўскі, Менск Каліноўская акруговая выбарчая камісія №108 г. Менска вынесла афіцыйнае папярэджаньне кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міколе Статкевічу. Лідэра сацыял-дэмакратычнай партыі Народная грамада прызналі вінаватым у распаўсюдзе ўлётак без выходных дадзеных і ў кампрамэтуючых выказваньнях на адрас улады, якія нібыта рабілі спадар Статкевіч і ягоная давераная асоба Ўладзімер Парфяновіч.

Старшыня акруговай выбарчай камісіі Марыя Бацян на паседжаньні 9 кастрычніка зачытала некалькі заяваў выбарцаў. Гэтыя людзі сьцьвярджаюць, што Мікола Статкевіч нібыта парушыў правілы агітацыйнай кампаніі:

“У сваіх улётках (частка якіх ня мела выходных дадзеных) кандыдат Статкевіч некарэктна й груба выказваўся пра кіраўніцтва Беларусі й яе дзяржаўны лад. У інтэрвію, зьмешчаным у незарэгістраванай газэце “Зубр”, Мікола Статкевіч гаворыць, што зробіць усё, каб “не дапусьціць фальсыфікацыі выбараў і спыніць чалавека, які імкнецца да бязьмежнай улады”.

Старшыня камісіі таксама цытавала вытрымкі з выказваньняў Статкевіча ды іншых апазыцыйных лідэраў у газэце “Неделя”, называла іх антыдзяржаўнымі і кампрамэтуючымі ўлады. Некаторыя сябры камісіі лічаць сябе абражанымі й выказваньнямі даверанай асобы Міколы Статкевіча Ўладзімера Парфяновіча, які на адной сустрэчы з выбарцамі сказаў, што выбары будуць сфальсыфікаваныя.

Мікола Статкевіч заявіў, што заканадаўства не парушаў, назваў улёткі без выходных дадзеных правакацыяй і папрасіў паказаць яму, якія законы забараняюць агітаваць супраць пытаньня вынесенага на рэфэрэндум. Але яго ўжо ня слухалі. Старшыня камісіі сказала:

(Бацян: ) “Для пачатку мы Мікалая Віктаравіча Статкевіча, кандыдата ў дэпутаты, папярэджваем аб парушэньні Выбарчага кодэксу. Усё”.

Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў гэтае рашэньне акруговай камісіі:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што гэта рэакцыя страха й імкненьня зьняць мяне з выбараў, таму што кампанія мая разгортваецца, і я ўпэўнены, што тут, на гэтай выбарчай акрузе, людзі прагаласуюць па рэфэрэндуму супраць унясеньня зьменаў у Канстытуцыю, і прыйдзецца ісьці на вельмі жорсткія, моцныя фальсыфікацыі”.

Нягледзячы на папярэджаньне, Мікола Статкевіч не зьбіраецца спыняць антырэфэрэндумнай агітацыйнай кампаніі.
XS
SM
MD
LG